Далёка за поўнач сядзелі сябры. Многа ўсякіх пытанняў было паднята і абмяркована імі. Усё, што думалася на адзіноце, што так ці іначай займала і цікавіла іх, усё гэта выявілася цяпер і давала многа матэрыялу для гаворкі. Але не хапіла і гэтай доўгай ночы, каб пагаварыць пра ўсё.
- Скажы ты мне, братка Максім, - пытаў сябра Лабановіч, ужо лежачы з ім у пасцелі. - Для чаго чалавек на свеце жыве? З некаторага часу мяне цікавіць гэта пытанне. Аб гэтым пытаў я нават і сваю бабку.
- Ну, для чаго ж жыве?.. А чорт яго ведае, для чаго ён жыве, - прамовіў Турсевіч.
Сябры громка засмяяліся.
- Тут ужо, брат, нейкая філасофія. І я думаю, што немцу, напрыклад, такое запытанне і ў галаву не прыйдзе.
- Чаму?
- А таму, што немец - чалавек практычны. Вырашэнне ж гэтага пытання не дае ніякага практычнага рэзультату.
- Значыцца, немец не ведае, чаго ён на свеце жыве? - запытаў Лабановіч.
- Ну, каб такі кілбаснік ды не ведаў!
Сябры зноў засмяяліся.
- Чалавек жыве дзеля дабра, для служэння праўдзе, каб ствараць нейкія вартасці жыцця і каб быць карысным для іншых, - сказаў Турсевіч.
- Гэта, брат, ён так павінен жыць. Але мы бачым, што жывуць людзі зусім не па гэтаму правілу і пляваць яны хочуць на дабро або на нейкую там карыснасць. А справа тут стаіць зусім проста, і ў гэтым сэнсе ёсць толькі адна мерка, якая падыдзе да кожнага: жыве чалавек для таго, каб у жыцці як можна болей вывудзіць карыснага і прыемнага для сябе.
- Пастой, брат, ты, здаецца, нясеш нейкую «ерась». Што ж, па-твойму, вывуджвае які-небудзь праўдзівы хрысціянін, што адрокся ад зямлі з усімі яе дарамі і дабротамі і ідзе ад людзей, каб заставацца на адзіноце з Богам? Як прыложыш ты да яго сваю мерку?
- О, хрысціяне - народ вельмі змыслы, і да іх ашчэ дакладней прыстае гэта мерка. Яны, бачыш, маюць вельмі шпаркі разгон і шырока расчыненую губу. Іх не здавальняе зямля і наогул гэты свет (хоць і зямлёю яны таксама не грэбуюць). Ім давай рай, вечнае збавенне, бясконцую радасць і дабрабыт. А на сваё жыццё на зямлі яны пазіраюць як на спосаб латвей дастасавацца да банкету на тым свеце.
- Ты занадта агаліў сэнс жыцця, - сказаў Турсевіч, - і тым самым зневажаеш чалавека. Ёсць людзі, што жывуць ідэямі агульнага дабра. За свае ідэі яны ідуць у астрогі, на высылкі; за гэтыя ідэі іх крыжавалі, давалі атруту, палілі на кастрах. Тут ёсць нешта большае, чым асабістая выгада і вывуджванне карысці для сябе. І няможна выводзіць з аднаго прынцыпу дзейнасць якога-небудзь жуліка і дзейнасць чалавека, што працуе ўсё жыццё для іншых.
- Гэта толькі здаецца так на першы погляд, - стаяў на сваім Лабановіч, - а прынцып адзін для ўсіх. Справа толькі ў тым, якія ўжываць спосабы, якімі дарогамі ісці і як разумець гэты прынцып. Але каго ты ні возьмеш: ці то будзе вучоны, які вышуквае новыя законы жыцця і пракладае новыя дарогі, ці які-небудзь выдумшчык - Эдысан, ці паэт, ці мастак, ці прапаведнік новага вучэння, ці самаахвярны дзеяч, вечны служка выключна для другіх, - усе яны выходзяць з таго ж самага прынцыпу. Не трэба толькі змешваць мэту з тымі дарогамі, якімі гэтая мэта дасягаецца.
- А ўсё ж такі я з табою не згаджаюся, - адказаў Турсевіч.
- А калі ж у спрэчках згаджаюцца? Згодзішся, як аб гэтым добра падумаеш. А цяпер давай хіба спаць, бо, здаецца, пачало ўжо развідняцца.
XVI
Шырокі гасцінец з двума радамі старых бяроз збягаў з горкі раўнюсенечкаю сценкаю кудысь на захад, і чым далей, тым, здавалася, гусцей стаялі гэтыя развіслыя тоўстыя дрэвы, усё болей і болей зніжаліся яны, а потым зліваліся ў адзін шнур і замыкаліся сабою самімі, як бы ўпіраліся ў лес і хаваліся за лінію небасхілу.
Ёсць штось незвычайна прыгожае ў гэтых прывольных старасвецкіх шляхах Беларусі. Шырока і размашыста пралягаюць яны ад вёскі да вёскі, ад мястэчак да гарадоў, злучаючы паветы, губерні і цэлыя краіны. Колькі хараства і чароўнага прывабу ў сініх іх далях! Колькі новых малюнкаў, свежых матываў і таемных здарэнняў абяцаюць яны вачам і сэрцу падарожнага! З якой незвычайнай сілай парываюць яны да сябе і як моцна дакранаюцца да струн душы! Якая ж сіла заложана ў гэтых прасторах неабнімных родных шляхоў і якую ўладу маюць яны над табою, неспакойны, вечна заклапочаны падарожны? Ці не гэта, нікім не выказаная казка іх, якая складалася доўгімі вякамі і запісвалася агнявымі літарамі людское крыўды ў сэрцах мільёнаў падарожных, што ішлі і ехалі па гэтых шляхах і думалі свае думкі? Ці не ён, гэты летапіс часаў, так глыбока западае ў тваю душу, каб адбіцца ў ёй, знайсці свой пэўны вобраз і форму і грознаю маланкаю жахнуць цёмную ноч няволі, што звісла над краем? А можа, гэта таемная і страшная бясконцасць блукання па свеце, дзе трудна вызначыць пачатак і канец, сімваламі якіх з'яўляюцца гэтыя шляхі, авявае душу тваю невыразным хваляваннем і кліча яе зліцца з бяскрайнасцю зямлі? Ці то - няясны адбітак вечнага нездавалення людскога, таемны покліч да шукання іншых форм жыцця, несвядомае імкненне да лепшае долі? Ці то - парыванне душы разбіць нейкія граніцы і вырвацца на бязмежныя прасторы яшчэ нідзе неіснуючай волі?