Дзверы скрыпнулі. Прыйшла бабка.
- Ці ты, бабка, не ведаеш, хто гэта прынёс сюды красак?
Бабка перш прыкінулася, што нічога не ведае, а каб пераканаць у гэтым настаўніка, узяла краскі і стала разглядаць іх. Але, як ні хітрыла бабка, настаўнік прачытаў на яе твары, што яна прыкідваецца.
- Ой, бабка! Грэх табе, старэнькай, хлусіць і падманваць. Не любіш ты мяне і не шкадуеш. Я ўжо і па той прычыне не паверу табе, што ты - знахарка. Ты павінна ведаць.
- Ой, панічыку! Ну, хто ж вам можа прынесці красачак, як не паненка?
- Якая паненка і чаму паненка, а не якая-небудзь маладзіца?
- Хто ж іх, панічыку, ведае, хто да вас лепей горнецца: ці паненкі, ці маладзіцы, - усё яшчэ хітрыла бабка. Але ёй самой неўтрыванне было, каб не сказаць, і яна пачала смяяцца. - Паненка, панічыку, сама сюды забягала і палажыла іх вам. Толькі яна, панічыку, прасіла, каб я вам не казала.
- Злаўлю яе калі-небудзь.
- Злавіце, панічок, злавіце! - прамовіла бабка, гатовая нават памагаць свайму панічу злавіць паненку.
- Чаму ты, бабка, не ідзеш на вуліцу песні спяваць?
Бабка паглядзела на настаўніка, ці ён праўду кажа, ці жартуе.
- Няма, панічыку!.. Адспявала я ўжо сваё.
- А ці шкада табе свае маладосці?
- А што яе, панічыку, шкадаваць? Ці шкадуй, ці не шкадуй - не вернецца назад.
- А ці хацела б ты вярнуць яе?
- Э, панічок! Ніколі я пра гэта і не думаю. Нікому яна не варочаецца.
- Дык трэба, бабка, карыстацца ёю і ўзяць ад яе ўсё, чым яна міла і люба!
- Так, панічок, што цяпер страціш, таго потым не знойдзеш.
Гэта размова зусім не цікавіла бабку, і яна колькі разоў пазяхнула. А ўрэшце сказала:
- Ужо ж, панічок, і позна. Заставайцеся здаровы!
Бабка даволі пасунулася ў кухню на сваю печ, адкуль хутка пачуліся нейкія мармытанні, не то яна сама з сабою размаўляла, не то малілася Богу.
У сяле яшчэ доўга спявалі песні, ды дзесь з двара даносіўся брэх патрывожанага сабакі. Апознены месячык загарэўся залатым пажарам за тым панурым лесам, што стаяў з боку чыгункі, і павольна ўзнімаўся над заспакоенаю зямлёю. Ноч цішэла і глушэла і цяжэй налягала на зямлю. Настаўнік яшчэ доўга сядзеў каля акна, і розныя думкі падымаліся ў яго галаве. Спаць не хацелася, і ён доўга варочаўся, пакуль сон замкнуў вочы. На століку каля ложка ляжаў букецік завяўшых красак.
Вясна ўступала ў сілу. Снегу ўжо зусім не было ў палях. Ажылі балоты. Жаласна застагналі кнігаўкі, цяжка лятаючы над вадою. Высока ў небе звінелі жаваранкі. Абсохшая зямля пачынала іскрыцца зялёным аксамітам кволай пахучай траўкі. То той, то другі з вучняў пакідаў школу.
- Вось што, дзеці, - сказаў раз вучням настаўнік, - сёння па абедзе прыходзьце з рыдлёўкамі. Будзем капаць ямкі, а заўтра ўсе пойдзем у лес, прынясём маладых дрэўцаў і абсадзім нашу школу.
Дзеці адзін перад другім спяшаліся запэўніць настаўніка, што яны прынясуць рыдлёўкі, і з вясёлым дзіцячым гоманам, як пчолкі з вулля, высыпалі з школы на вуліцу, напаўняючы яе звонкімі, шчаслівымі галасамі.
Пасля абеду дзеці весела беглі з рыдлёўкамі ў школу і таксама заяўлялі аб гэтым настаўніку, забягаючы да яго на кватэру. Нават маленечкі Паўлюк Рылка, самы меншы ў школе, горда нёс рыдлёўку, згінаючыся ад яе цяжару.
Настаўнік прыйшоў у школу і павёў дзяцей на двор. Разам з вучнямі размеркавалі месцы для ямак, потым настаўнік назначыў работу вучням, падзяліўшы іх на гурткі, і сам выкапаў першую ямку, каб паказаць дзецям, як гэта трэба рабіць.
- Што гэта вы робіце?
Панна Ядвіся непрыметна падышла да Лабановіча.
Гэты так добра знаёмы яму голас прывёў яго ў нейкае трапятанне. Сэрца застукала мацней.
- Хачу па сабе вам памяць пакінуць.
- А хіба ж вы паміраць збіраецеся? - засмяялася Ядвіся.
- Я памёр ужо, - трагічна прамовіў Лабановіч.
- Дык гэта вас хаваць тут будуць? - жартавала яна. - Можа, пабегчы пасклікаць баб, каб паплакалі па вас?
- А вы хіба не заплачаце па мне?
- Дык вы ж усё роўна чуць не будзеце.
- Ах, выбачайце! - апамятаўся Лабановіч. - Вельмі дзякую вам за букецік і за тыя красачкі, што праз фортку ўляцелі.
Панна Ядвіся прыкінулася вельмі здзіўленаю і як бы нічога не разумела.
- Які букецік?
- А той самы, што ўчора вы на стол палажылі.
- Ваша бабка - ілгарка, і самі вы - ілгар, - запратэставала Ядвіся. - Больш ніколі да яе не пайду, і ў вашу кухню не ступіць мая нага...
- І ў маю фортку не паляціць ні адна краска?
Панна Ядвіся павярнулася і кінулася бягом у свой двор, потым яна спынілася і пайшла зноў да Лабановіча.
- Слухайце, вы бралі кнігу, што ў вас на стале разгорнутая ляжала?