«Што за дзяўчына! Што за натура! - колькі разоў паўтарыў малады, шчаслівы настаўнік. - Яна любіць мяне!.. Ці ж можна не любіць яе, гэтую лепшую, прыгажэйшую казку Палесся. Ядвісечка!.. Мілая, любая!»
Два старэйшыя вучні, якія рыхтаваліся да экзамену, прыйшлі і сказалі настаўніку, што ўсе ямкі пакопаны.
- Збярыцеся ў школу, я вам скажу колькі слоў і пушчу дамоў.
Вясёлы, дружны шум уварваўся ў школу, звонкія, шчаслівыя дзяціныя галасы напоўнілі ўвесь дом.
Настаўнік увайшоў, пахваліў дзяцей за работу і сказаў ім:
- Заўтра ўжо кніг не прыносьце. Вазьміце колькі рыдлёвак (ён назначыў большых вучняў) і збярыцеся тут. Пойдзем у лес, накапаем дрэўцаў і пасадзім іх у ямкі, што вы сёння прыгатавалі. А цяпер ідзіце дамоў!
Настаўнік не хадзіў нікуды ўвесь вечар. Гэта здарэнне, гэты агнявы пацалунак панны Ядвісі напоўніў яго шчасцем, і яму здавалася, што гэтага шчасця стане надоўга. Ён перажываў кожны момант свайго шчасця, над некаторымі затрымліваўся доўга... Чаму яна сказала, што кінецца пад машыну, калі ён пасмее пацалаваць яе, і нават паклялася памяццю мацеры? Чаму кінула яна яму «дурань», а потым як бы пакаялася ў гэтым і падарыла яму такую добрую ўсмешку, як бы ёю перапрашала за гэта зняважанне? Ён хадзіў па пакоіку і ўсё думаў аб ёй. Але чым болей думалася, тым больш хацелася яму зноў пабачыць сваю мілую Ядвіську, пачуць яе голас, зазірнуць ёй у вочы, каб прачытаць, што робіцца ў яе душы. Ён часта паглядаў у вокны, каб убачыць яе. Яе імя гучала ў яго вушах незвычайнаю музыкаю і мела нейкае асаблівае значэнне.
Назаўтра Лабановіч прачнуўся пазней, бо заснуў толькі тады, як пачало развідняцца, прачнуўся з думкаю аб сваім шчасці, аб Ядвісі. Ён устаў, калі ўжо ў школе чуліся дзіцячыя галасы. Успомніў, што сёння субота перад Вербніцаю, што ў гэты дзень ён скончыць сваю работу ў школе, бо пасля Вялікадня прыйдуць усяго толькі тры вучні, якім трэба падгатавацца да экзамену.
З вясёлым шумам ішлі дзеці ў лес са сваім настаўнікам, збіўшыся вакол яго цеснаю грамадкаю.
Дзень быў ясны, цёплы. Нават на цельшынскай вуліцы падсохла. Сяляне з сохамі, з каробкамі і мяшкамі з аўсом выязджалі на поле. Жалобна крычалі кнігаўкі, снуючыся над балотамі, над вадою, як бы шукалі вельмі дарагую страту і ніяк не знаходзілі. У зацішку на лужынах тужліва кумкалі зялёныя жабы, а далей у балотах, між лесу, пераклікаліся бугаі, бухаючы, як у пустыя кадушкі. Гэта буханне на далёкай адлегласці будзіла лясы, прыдаючы агульнаму настрою Палесся асаблівыя тоны. Сталыя і важныя буслы з незвычайнаю сур'ёзнасцю хадзілі па краях балота або ляталі да гнёздаў на старых хвоях і папраўлялі свае апушчаныя на зіму палацы. Там і сям на ўскраінах лясоў распускаліся маладыя лісточкі бярэзінак. Жоўтыя пухаўныя каткі звісалі на вербалозінах, купаючыся на сонцы і склікаючы пчолак і чмелікаў. Зялёныя кветачкі павыбіваліся ўжо на свет скрозь сухія выцвіўшыя лісці, і прынадныя пахі разлівала ў паветры маладая чаромха. Адны толькі паважныя дубы, узбагачаныя вопытам жыцця за свой доўгі век, не вельмі спяшаліся расчыняць свае покаўкі і выпускаць адтуль свежую зелень маладых лісточкаў, бо дуб - мудрае дрэва, і не паддаецца ён на зман няпэўнай у пачатку вясны.
Настаўнік спыніўся з вучнямі на сухім месцы ў лесе і вёў з імі размову аб тым, што бачылі перад сабою, і аб значэнні тае справы, дзеля якой яны прыйшлі.
Дзеці рассыпаліся па лесе і агаласілі яго сваім крыкам і шчэбетам. Лабановіч доўга шукаў маладую грушку. Ён хацеў знайсці прыгожаньку грушку і пасадзіць яе на памяць аб сваёй каханай.
Знайшоўшы маладое, крэпенькае і стройнае дрэва, ён доўга і асцярожна капаўся каля яго, пакуль акуратненька не было яно выкапана разам з зямлёю. Сам нёс яго дамоў, пасадзіў у куточку на школьным двары, дзе найболей свяціла сонца, і два разы паліў вадою ў гэты дзень. Пасля агарадзіў гэтую грушку высокімі коллямі, каб не патаптала і не паламала яе жывёла.
На кожнае дрэва вызначыў ён вучняў, даручыўшы ім догляд за выхаванцамі.
- Ну, а цяпер, дзеткі, ідзіце абедаць. Па абедзе збярыцеся і прынясіце свае кнігі, бо пасля Вялікадня парассыпаецеся вы па лясах і палях. А хто захоча хадзіць у школу і па Вялікадні, той потым і атрымае кнігу.
Прыняўшы па абедзе кнігі ад вучняў і пусціўшы іх на святы, Лабановіч пачуў, як бы яму стала чагось шкада, хоць, праўду сказаць, крыху дакучыла за зіму гэта работа па восем і па дзесяць гадзін у дзень.
Ён выйшаў на двор, абышоў пасаджаныя дрэвы, над некаторымі затрымліваўся даўжэй. Ён часта паглядаў на двор пана падлоўчага. Вельмі хацелася пабачыць Ядвісю і паказаць ёй гэту слаўную грушку, якую пасадзіў ён на памяць аб ёй. Але Ядвіся доўга не паказвалася на двары. Ён падкаравульваў яе з гадзіну. І калі заўважыў, аклікнуў і папрасіў яе падысці.