Яна, радасная і вясёлая, падбегла.
- Я хачу паказаць вам грушку.
- А вы не будзеце лавіць мяне? - з мілаю і хітраю ўсмешкаю спытала яна.
Ён памог ёй пералезці цераз плот і павёў да грушы.
- Гэту грушку я пасадзіў на памяць аб вас.
Яна доўга разглядала яе. Потым засмяялася і сказала:
- Я вырву яе і выкіну.
- Чаму?
- Бо яна такая ж калючая і дзікая, як я.
- Пойдзем гуляць сёння? - спытаў ён.
- А вы памятаеце, што я вам учора на гэта сказала?
- Зрабіце вы тое самае, што зрабілі ўчора, і тады скажыце мне хоць дзесяць разоў тое, што сказалі адзін раз.
Яна паглядзела на яго строга і прамовіла:
- Больш ніколі! Чуеце! Ніко-о-олі!
XXXI
Вербніца і Благавешчанне ў гэтым годзе прыпалі на адзін дзень. На свята павінен быў прыехаць з Малевіч а. Мадэст з дзякам Цішкевічам, бо ў гэты дзень цельшынцы па старому звычаю зносілі свае грахі папу, пасля чаго ўжо рабіліся як бы святыя. Праўда, у Цельшыне было многа такіх палешукоў, як, напрыклад, дзед Мікіта, да якіх святасць не падыходзіла ніякім чынам. І замест таго каб здаць старыя грахі, яны не толькі не здавалі іх, а набіраліся яшчэ новых.
Звычайна а. Мадэст прыязджаў напярэдадні пад вечар. Так і сёння прыехаў ён досыць рана, калі яшчэ сонца не паспела схавацца за дубам, што стаяў збоку раз'езда. Счакаўшы з паўгадзіны, з каплічкі, што стаяла ў зараслі панурых і цёмных могілак, панёсся глухі звон, як бы гэта званілі ў які-небудзь шчарбаты чыгун. Тым не меней звон гэты, такі рэзкі і такі незвычайны для Цельшына, рабіў моцнае ўражанне. І кожны, хто чуў яго тут, так ці іначай аказваўся на гэты звон.
- А што гэта? - пытаўся хто-небудзь з цельшынцаў. - Звоняць, ці што?
- А мабуць, звоняць.
І пасля гэтага вяліся тыя ці іншыя разважанні:
- Ужо, мабуць, піп прыіхаў: штось забомкалі.
- Спавядацісямем?
- А мабуць, шчо так.
Але палешукі не вельмі кідаліся да царквы, бо яны народ дбалы і дасціпны. Таму паляванне ўсміхалася панадна, у другога было асочана месца, дзе яшчэ шчупакі не скончылі нераставаць.
І цельшынскі звон, як відаць, добра ведаў звычаі сваіх парафіян, бо не спяшаўся канчаць скліканне. Толькі праз гадзіну, калі ўжо на цвінтарыку збіралася досыць многа палешукоў і паляшучак, а з дворыка Міхалкі Кугая паказваўся а. Мадэст, які ішоў роўна, і дзяк Цішкевіч, у якім было ўсё-такі меней «благадаці», з прычыны чаго ён крыху заграбаў нагамі, - ужо тады звон пачынаў залівацца ямчэй, прыхватваючы для гэтага сваіх меншых тонкагалосых братоў.
Каплічка адмыкалася. Каля дзвярэй звычайна стаяла колькі маладзіц з дзецьмі на руках. Яны не смелі самі ўвайсці ў капліцу, бо былі яшчэ «нячыстыя». Маладзіцы мелі розныя тэрміны: каму трэба было «ўводзіцца» каля Сёмухі, каму каля Пятра, каму на Каляды, а хто яшчэ і зусім не вытрымаў свой тэрмін. Але ў Цельшыне гэта не мела значэння. Айцец Мадэст стаўляў цэлы шэраг маладзіц у капліцы па абодва бакі дзвярэй, браў свой трэбнік і чытаў малітвы, а дзяк Цішкевіч спяваў, крыху пагойдваючыся на нагах. Але гэта не шкодзіла яму назіраць і за «благочинием» у капліцы, бо маладзіцы, былі здарэнні, часамі і штурхаліся або выпіраліся наперад.
- «Еліцы во Хрысце»... - спяваў Цішкевіч, і тут ён заўважаў, што якая-небудзь маладзіца парушала парадак. Тады ён прыпыняў спяванне і навучальна казаў маладзіцы: - Не прыся ты, а стой спакойна, - і спяваў далей: - «Крэсці-ісь-це-сяяя!»
А тут ізноў рабілася што-небудзь не так, як трэба ў царкве.
- Ці чуеце вы, ці не, што я вам кажу? - ужо досыць строга пытаў маладзіц Цішкевіч і ссоўваў бровы. Направіўшы парадак, ён прадоўжваў спяваць: - «Во Хрыста аблекосцеся!»
Пабачыўшы новы непарадак, Цішкевіч рашуча спыняў спевы і ўжо сярдзіта казаў:
- Тфу! Што гэта за праціўная баба! Ці ты ёй кажы, ці не кажы - хоць кол на галаве чашы. - І не спускаючы з маладзіц свайго грознага погляду яшчэ колькі хвілін, Цішкевіч канчаў песню: - «Алілу-у-у-я!..»
Айцец Мадэст нічым тут не выказваў свайго «я» і даваў Цішкевічу поўную магчымасць навучаць «паству», бо яны жылі вельмі згодна. І гэта была не навіна і не першыня, калі яны дома, у Малевічах, ішлі поруч, падтрымліваючы адзін другога, бо вельмі часта хварэлі на няўстойку ног. Ідучы дружнаю параю, часамі прыпыняліся на вуліцы і рабілі кароткую параду, куды зайсці? Яны падымалі галовы, пакладаючыся ўжо тут на свае вочы. І калі перад вачамі стаяла школа, яны і накіроўваліся туды. Узышоўшы на ганак школы, зноў прыпыняліся, і тут часамі бывала між імі невялікая спрэчка, бо, як праўдзівыя хрысціяне, яны ўступалі першае месца адзін другому. А з тае прычыны, што перад Богам усе роўныя, яны ўваходзілі разам, адначасна.