Айцец Мадэст садзіўся першы на крэсла і казаў Цішкевічу:
- Садзіся, дзяча, школа царкоўная і крэслы царкоўныя.
Тут ён вымаў з-за пазухі расы бутэльку, сам цягнуў і дзяку даваў пацягнуць. Настаўніца не ведала, як трымаць сябе з гасцямі. Але госці былі непатрабоўныя, частаваліся сваёю гарэлкаю і закусвалі сваімі языкамі. Яны трохі спачывалі, спявалі «Хрыстос уваскрос» і спакойна выходзілі.
Увёўшы маладзіц і крыху панасіўшы іх дзяцей, а. Мадэст прыступаў да споведзі. Палешукі, збыўшы гэты клопат, зараз жа выходзілі з капліцы і ішлі дамоў. Назаўтра зранку таксама ішла споведзь, а потым ужо служылася абедніца, набажэнства, спецыяльна створанае для палешукоў, бо звычайна іх доўга ў царкве не затрымлівалі. Невялічкая каплічка, якая магла ўмясціць якую-небудзь шостую частку цельшынцаў, была напалавіну пустая, і толькі тады, калі пачыналася прычашчэнне, у ёй рабілася цесна, бо кожнаму хацелася хутчэй узяць прычасце. І тут ужо без канфліктаў ніколі не абыходзілася.
- Што ты мне на ногі ўзлез? - злосна глядзеў Трахім Буч на Рыгора Качана. - Прэцца, бы тая свіння, - усё яшчэ ў злосці казаў Буч.
Качан пазіраў на Буча, як бы разважаючы, што адказаць яму на гэта. Ён успамінаў, што яны ідуць да прычасця і што не павінны мець гневу ў сваім сэрцы, і, з дакорам ківаючы галавою, казаў, а ў голасе яго чулася скруха:
- Саладушнік ты, шчоб ты захлынуўся! Ідзеш да святога прычасця, а лаешся, як сабака, як бы ты не ў царкве, а ў карчме ў Абрама!
Напамін аб хрысціянскай пакорлівасці, зроблены Качаном, меў значэнне і сілу, бо Буч нічога не адказваў і глядзеў перад сабою. А там, каля бацюшкі з чашкаю, таксама мітусіўся народ.
- Чаго ты пхаесся? - аглядаецца на суседа паляшук.
- А ты сам куды пражэсса? - адказвае сусед, па мянушцы Швайка, і займае першае месца, а другі сусед, злосны, становіцца за ім, бо сварыцца ўжо няма калі, і Швайка стаіць з разяўленым ротам.
Айцец Мадэст лыжачкаю бярэ з чашы:
- Прычашчаецца раб божы... Імя?
- Габрусь! - адказвае Швайка.
Угневаны ім сусед дадае:
- Дый яшчэ Швайка!
Швайка зачыняе рот, адварочваецца да суседа:
- Дый яшчэ чорт таўстаносы!
Потым ён зноў разяўляе рот, павярнуўшыся да чашы.
Айцу Мадэсту таксама не церпіцца, хоць у справы сваіх парафіян ён не мяшаецца. Але калі заўважае што, то выкідае ўсё гэта на вока.
Дзед Мікіта толькі што вярнуўся з рыбы. Відаць, ён спяшаўся, каб не апазніцца на прычасце, бо моцна засопся і яшчэ ў капліцы зрабіў колькі шпаркіх крокаў, якімі ён ішоў з балота. Ён адапхнуў колькі кабет і стаў наперадзе. І вось, калі дайшла да яго чарга, а. Мадэст, зірнуўшы на ногі дзеда Мікіты, заўважыў, што яны па самы пояс былі мокрыя, а лапці плюхцелі.
- Ты чаму ж гэта мокры прыйшоў сюды? - спытаў яго а. Мадэст.
- Замачыўся, то і мокры, - адказаў дзед Мікіта, крыху адвярнуўшы ад бацюшкі лысую маршчыністую галаву.
- Дзе ж гэта замачыўся?
- На балоце, дзе ж?
- А чаму ж ты на абедніцы не быў?
Дзед Мікіта маўчыць.
- Я табе прычасця не дам, - накінуўся на яго бацюшка. - Не мог ты паўгадзіны ў царкве пабыць, памаліцца? Дык ты скарэй на балота, да чарцей пабег, а цяпер, аблюманы і абрынданы, прычашчацца прыпёр? Не буду прычашчаць! - прамовіў а. Мадэст і павярнуўся з чашаю ўбок.
- Го! - сказаў дзед Мікіта. - Не будзе прычашчаць!.. То і не трэба! Настрашыш ты мяне!
Дзед Мікіта, ні на кога не пазіраючы, ідзе вон з капліцы. Айцец Мадэст колькі хвілін стаіць з чашаю і глядзіць услед дзеду... Ён яшчэ думае, што дзед вернецца і папросіцца ў яго. Але дзед Мікіта, той самы дзед, што з жарнавікамі танцаваў, падыходзіць ужо да дзвярэй.
- Гэй! Як цябе там? Вярніся! Чуеш? - гукае а. Мадэст.
Дзед спыняецца, паварочвае галаву да бацюшкі і кажа:
- Не хачу!
- Вярніся ты! - крычыць а. Мадэст. - Табе ўжо і слова нельга сказаць.
Мікіта адпускаецца і, хлюпаючы лапцямі, зноў ідзе да амбона.
Айцец Мадэст прычашчае яго. Дзед бярэ кусочак прасфары, кладзе ў рот і хоча ісці.
- Ці злавіў жа хоць рыбы? - пытае а. Мадэст.
Дзед зусім адпускаецца, глытае прасфару і адказвае ўжо лагодна:
- Дзе там у чорта? Няма! - працягвае ён апошняе слова, махае рукою і выходзіць.
Святая служба канчаецца. Цішкевіч бубніць апошнія малітвы, а. Мадэст скідае рызы. Малітвы скончаны, кніга загорнута.
Айцец Мадэст падыходзіць да Цішкевіча, яны перакідваюцца колькімі словамі і выходзяць.