- О, злодзей! Ведаю я, куды ён пайшоў! - І, як відаць, трохі яму пазайдросціў.
Анатоль, праспаўшыся, зноў увайшоў у пакой. Гэта быў высокі малады хлапец, не падобны да свае сястры. Яны з настаўнікам падселі да стала і пачалі зноў піць, як бы гарэлкі ў вочы не бачылі.
- Ну, Толя, ці не пара нам дамоў? - падышла да іх Людміла.
- Гуляйце: Вялікдзень раз на год бывае, - сказаў ёй Лабановіч.
- Ну, хто вам больш падабаецца з хатовіцкіх маладых людзей? - спытала яна Лабановіча.
- Усе слаўныя хлопцы, - адказаў ён.
- Ну, гэтым вы мала сказалі.
- А што мне пра іх казаць? Я больш цікаўлюся дзяўчатамі.
- Ну, а хто ж вам больш падабаецца з паненак?
- Калі аб гэтым пытаецеся вы, то я павінен сказаць вам - вы.
- Не, вы скажыце праўду.
- Хто цяпер гаворыць праўду? Нават і «святыя» і тыя пачынаюць ілгаць.
- А я ведаю, хто вам не толькі падабаецца, але каго вы і кахаеце.
Лабановіч паглядзеў ёй у вочы, паглядзеў доўга і сказаў:
- Так, вы ведаеце.
- А па чым вы ведаеце, што я думаю?
- Па вашых вачах прачытаў.
- О, пані! - падхапіў падлоўчы. - Наш прафесар шаптаць і варажыць умее.
- Ну, паваражыце мне! - панна Людміла працягнула Лабановічу руку.
- Пані, - адказаў за яго падлоўчы, - наш прафесар па каленях гадае.
Людміла засаромелася, ускочыла і села на канапу.
Пан падлоўчы качаўся ад смеху, пазіраў на «прафесара», а вочы яго казалі: «Вось як трэба з паненкамі гаварыць!»
Ад'язджаючы дамоў, Людміла доўга ціснула руку настаўніку, заглядала яму ў вочы і казала:
- Памятайце, я чакаю вас у Завітанкі.
- На тое ж яны і Завітанкі, каб у іх завітаць, - адказаў Лабановіч і моцна паціснуў ёй руку.
XXXIII
Назаўтра атрымаў Лабановіч пакет. Інспектар паведамляў, калі і дзе назначаюцца экзамены, куды настаўнік павінен прыбыць са сваімі вучнямі. Экзамены назначаліся на панядзелак па Вялікадні, а ехаць трэба было па чыгунцы вёрст за пяцьдзесят... У той жа самы дзень, калі было атрымана гэта паведамленне, прыйшлі і вучні.
Тут яны ўмовіліся з настаўнікам, што паедуць у суботу вечарам, каб часамі не прапусціць цягніка. Гэтыя тры дні, якія заставаліся да экзаменаў, пайшлі на паўтарэнне курса.
Гэтымі ж днямі даведаўся Лабановіч, што Ядвіся збіраецца выехаць з Цельшына, калі не назаўсёды, то ва ўсякім разе на доўгі час. Гэта вестка моцна засмуціла настаўніка. Ён адразу пачуў, што перад ім як бы ўжо расчыняецца нейкая пустота, і гэтыя пышныя малюнкі зазелянеўшага Палесся, узбуджанага вясною, поўнага спеву, шуму і жыцця, патускнелі ў адзін момант і як бы адыходзілі ад яго. Усё, здавалася яму, мела цяпер такі выгляд, як бы хацела сказаць яму: «У цябе гора, але мы ў гэтым не вінаваты», і пачынала жыць сваім клопатам, сваімі інтарэсамі, зусім для яго чужымі, а ён заставаўся адзін як ёсць.
Яшчэ адна акалічнасць засмучала яго: вестку пра ад'езд пачуў ён не ад самой Ядвісі, а ад бабкі. Разам з тым была надзея, што гэта, можа, яшчэ і не зусім праўда. Ён вырашыў сягоння ж пастарацца пабачыць Ядвісю і пагаварыць з ёю. Цяпер толькі пачуў, як дорага яна і якая будзе невыказная страта, калі прыйдзецца тут жыць без яе. Не, тады ён не застанецца тут! Уяўленне ўжо малявала асірацеўшы двор і пакой пана падлоўчага, і ён незвычайна востра пачуў тыя настроі, якія агорнуць яго тады, калі ўжо не будзе мілай суседкі.
Пасядзеўшы да самага вечара ў школе з вучнямі і крыху адцягваючыся заняткамі і блізкімі экзаменамі, ён пусціў дадому хлопцаў і пайшоў на кватэру. Зірнуўшы на дом пана падлоўчага, ён згледзеў Ядвісю на ганку. Яна сядзела за столікам, на якім стаяла швейная машына. Панна Ядвіся штось шыла. «Напэўна гатуецца ў дарогу», - тужліва зазначыў сабе настаўнік.
Лабановіч надзеў шапку і выйшаў на двор. Борзда перакінуўшыся праз знаёмы яму пералаз, ён узышоў на ганак пана падлоўчага. Ядвіся была сур'ёзная і як бы крыху чымся заклапочаная. Тут жа сядзела і пані падлоўчая, таксама з шыццём у руках.
- Што ж у пана чуваць добрага? - спытала пані падлоўчая.
Лабановіч паведаміў ёй аб экзаменах.
- Калі ж вы паедзеце? - запыталася Ядвіся і ўскінула на яго свае цёмныя вочы.
- Умовіліся з хлопцамі ехаць у суботу вечарам.
Панна Ядвіся прыпыніла сваю работу і задуменна кудысь пазірала.
- Люблю я гэту станцыю, - прамовіла яна.
Пані падлоўчая выйшла - яе паклікалі.
Лабановіч сядзеў моўчкі і думаў.
Вечар быў ціхі, ясны і цёплы. Цень ад хаты пана падлоўчага паволі закрываў палісаднічак і свежыя клумбачкі з краскамі, нядаўна пасаджанымі, і пасуваўся па вуліцы. Бойкія вераб'і чылікалі на хаце і снаваліся па палісаднічку.