Выбрать главу

Лабановіч стаяў каля акна, як прычарованы, і не адводзіў вачэй ад самавітых, простых малюнкаў Палесся, поўных невыразнага хараства і жыцця, стаяў да таго часу, пакуль машына не стала набліжацца да тае станцыі, дзе трэба было выходзіць.

Выйшлі з вагона і пайшлі шукаць школу. Школа была не вельмі далёка ад станцыі, і шукаць яе прыйшлося нядоўга. Тры вучні і чацвёрты настаўнік узышлі на ганак школы і спыніліся.

Школа была замкнёна. Лабановіч пастукаў, крыху пачакаў, але нікога там не чуваць было. Пастукалі яшчэ раз. Таксама ніхто адтуль не адклікаўся. Урэшце Лабановіч угледзеў званок. Пазваніў. Зараз дзесь усярэдзіне адчыніліся дзверы і пачуліся крокі, досыць рашучыя, і з-за дзвярэй чыйся голас, таксама строгі, прамовіў:

- Хто?

- Цельшынская школа.

Дзверы зараз жа адчыніліся і паказалі фігуру гаспадара-настаўніка. Трахім Пятровіч Грынько, мужчына гадоў пад трыццаць пяць, толькі што памыўся. Валасы яго былі прычэсаны набок, адна дугавідная пасма валасоў тырчала над ілбом і надавала Грыньку выгляд вучонага чалавека, а рэдкія доўгія вусы рабілі яго строгім настаўнікам.

- Што ж гэта так рана? - спытаў Грынько, пазнаёміўшыся і павітаўшыся з калегам.

- Няхай сабе хлопцы агледзяцца і азнаёмяцца са школаю. Часу ў нас хапае, - адказаў Лабановіч.

- І то праўда, - ужо больш мякка прамовіў Грынько. Як відаць, у гэтым ходзе калегі Грынько заўважыў значную долю педагагічнай стратэгіі і адразу прасякся да яго павагаю.

Вучняў увялі ў школу.

- Ось тут можаце сабе сядзець, хадзіць і спаць, - сказалі ім настаўнікі, а самі пайшлі ў пакой Грынько.

Кватэра тутэйшага настаўніка зразу кідалася ў вочы кожнаму чыстым выглядам і сваім убранствам. На сценах віселі розныя фатаграфіі, малюнкі ў прыгожых аправах, мяккая, абітая чырвоным плюшам мэбля, каберац каля стала, прыгожы абрус, - усё казала за тое, што Грынько жыў панам. У яго была цэлая гаспадарка: дзесяцін тры агарода, столькі ж сенакосу, была карова, свінні, на двары хадзіла рознае птаства пад пільным і дбалым наглядам гаспадыні.

Лабановіч у параўнанні з Грыньком быў горкі пралетар, і ён нават са знявагаю паглядзеў на свой сурдут, які ён купіў у Курульчука за два рублі з палавінаю і ў якім ён, асабліва ззаду, вельмі змахваў на местачковага рабіна.

XXXIV

Каля восьмае гадзіны раніцы пачалі з'язджацца іншыя школы. То той, то другі настаўнік з кучкаю сваіх выхаванцаў узыходзіў на ганак і з шумам уводзіў іх у школьную залу. Тут ён даваў розныя інструкцыі і заканчваў іх звычайна так:

- Толькі не трэба труса задаваць: глядзі смела, кажы адважна, рэж з-за пляча - храбрасць гарады бярэ!

Паддаўшы такім чынам духу, настаўнік заходзіў да Трахіма Пятровіча, захоўваючы яшчэ на сваім твары тую смеласць і рашучасць, якімі ён толькі што начыняў сваіх вучняў.

Іншыя настаўнікі, наадварот, доўга заставаліся ў школе пры вучнях і тлумачылі ім, дзе, у якіх выпадках трэба паставіць той ці іншы знак прыпынку, і вялі нават папярэдні экзамен. Пакінутыя адны, вучні памаленьку пачыналі разварушвацца, знаёміцца паміж сабою - часта пры дапамозе кулакоў, штурханоў, высмейвання адных другімі і давання мянушак.

Звычайна на экзамены збіралася пяць-шэсць школ. Тут ужо можна было лягчэй паназіраць настаўнікаў розных тыпаў. Рознасць іх выяўлялася і з чыста надворнага выгляду. Тут можна было спаткаць прылізанага зуха са спрытам і нахіленнем да жаночага роду; былі і выяўна зняважлівыя да розных умоўнасцей грамадскай прыстойнасці: мелі доўгія валасы і, адным словам, насілі на сабе ўсе адзнакі нігілізму як пратэст супраць свайго бяспраўя і нязначнасці становішча ў грамадстве. Былі і такія, што ўсё асмейвалі, на ўсё пазіралі звысоку і, прачытаўшы Дрэпера або Бокля, лічылі сябе ў высокай меры свядомымі і начытанымі і ўжо на валаснога пісара глядзелі так, як вучоны на якога-небудзь мікроба. Людзі ж пажылыя, жанатыя, цікавіліся болей гаспадаркаю і кавалкам хлеба, чым школамі і навукамі; гэта былі ўжо людзі пакорлівыя, якія лічылі сваім абавязкам лішні раз пакланіцца начальству.

Само начальства, інспектар Хрысціцкі, прыехаў гадзіну таму назад, але ў школу яшчэ не прыйшоў. Ён спыніўся ў мясцовага папа-акадэміка Пражорыча, бо і сам інспектар таксама быў акадэмік; у настаўніка ён начаваў толькі тады, калі не было дзе прыпыніцца.