Выбрать главу

- Трэба напісаць яць, - адказвае вучань.

- А чаму ж ты напісаў е?

- Спужаўся, - адказвае вучань.

- Ну, чытай тут, - інспектар дае вучню кнігу, а сам, грозна насунуўшы бровы, зварачаецца да настаўніка: - Чаму вы падчыркнулі «не смотря»? Якая ж тут памылка?

Малады настаўнік пазірае на падчыркнутую памылку, на яго твары адбіваецца рашучасць і смеласць.

- «Несмотря», гаспадзін інспектар, трэба пісаць злучна.

- Вы самі слаба знаеце граматыку, - адказвае громка інспектар.

- Выбачайце, гаспадзін інспектар: «несмотря» пішацца злучна, - стаіць настаўнік на сваім. - Па Гроту «несмотря» - пішацца разам.

Які ні важны інспектар, якое ні вялікае яго начальніцтва, але пры слове «Грот» ён перастае спрачацца, хоць лёгка здавацца і не хоча.

- Трахім Пятровіч, - зварачаецца ён да Грынько, - прынясіце сюды Грота.

Трахім Пятровіч кажа:

- Так, гаспадзін інспектар, «несмотря» пішацца злучна, - але ідзе і выносіць з шафы Грота.

У тыя часы Грот сядзеў незвычайна крэпка на сваім троне. І калі ты казаў свайму супярэчніку, што па Гроту пішацца так, то ўжо ніякія довады чалавечага розуму не маглі зрушыць цябе з пазіцыі. Калі сказаў Грот, то - аман. Тут канец, і далей ісці няма куды.

Чарга прыходзіць да вучняў Філюка. Інспектар разглядае дыктоўкі.

- Вашы напісалі добра. Але па сінтаксісу яны значна крапчэйшыя, чым па этымалогіі, - зазначае інспектар.

- Не наладжана сігналізацыя па этымалогіі, - робіць ціхенька ўвагу Грынько на вуха Лабановічу.

Філюк, як ні ў чым не бывала, адказвае інспектару:

- Я наогул на граматыку зварачаю ўвагу.

- Гэта і відаць, - хваліць яго інспектар.

Вучнёўскія пакуты канчаюцца, іх пускаюць, а інспектар робіць увагі то таму, то другому настаўніку, вельмі важна кланяецца ім і з папом Пражорычам ідзе абедаць.

Настаўнікі застаюцца на некаторы час, абедаюць з выпіўкаю, віншуюць адзін другога са сканчэннем вучэбнага года і распаўзаюцца па сваіх трушчобах.

- А вы, калега, можа, паначуеце? - сказаў Грынько Лабановічу.

- Не, калега, я і так адну лішнюю ноч правёў у дарозе, трэба ехаць.

Лабановіч даўно ўжо маркоціўся па Цельшыне і вельмі быў рад, калі скончыліся экзамены. Ён яшчэ цэлую гадзіну чакаў на станцыі, пакуль прыйшоў поезд. Позна ўночы выехаў ён дадому.

XXXV

«Гэта мой апошні тут вечар, - казала сама сабе Ядвіся. - І я не ўбачу яго!»

Яна задумалася, прыслухоўваючыся да голасу свае думкі. Няўжо ж і не ўбачыць яго? Ніколі не ўбачыць? І нашто яна зманула яго? Яна ж і тады ўжо ведала аб тым, што заўтра, у панядзелак, паедзе, а яму сказала, што не ведае, калі будзе выязджаць. Ядвіся зірнула на вокны кватэры настаўніка. Там цёмна і страшна, бо пуста. Дом толькі тады жывы, калі ў ім жыве гаспадар, бо гаспадар - душа свайго дома. Як смутна і тужліва пазіраюць гэтыя шкляныя вочы пустой і мёртвай кватэры! І дарэмна гэты малады бліскучы месячык стараецца ажывіць пагаслыя вочы: яны свецяцца, а жыцця няма.

Ёй нават страшна. Яна нізавошта цяпер не падыдзе да іх, як падыходзіла калісь, калі гэтыя вокны жылі і так прыветна пазіралі на іх двор светла-зялёным святлом. О, тады ёй было весела, і яна так ціхенька падыходзіла, як начны матылёк, да гэтых вокан, яшчэ цішэй падымалася на плот перад вокнамі і доўга пазірала туды. Шчаслівая ўсмешка прабягала па яе губках, бо ён нічога не ведае, сядзіць якраз насупраць, схіліўшы галаву над кнігай, і толькі зрэдку правядзе рукою па сваіх цёмных, зусім яшчэ маладых вусіках. Смешны ён, калі падымае свае вочы, такія добрыя і ўдумныя, і пазірае ў акно. І гэтыя вочы напэўна шукаюць яе. Яна ж тут, але яго вочы не бачаць яе. І смешна ёй і радасна. Але ён гэтага не ведае...

«Не! Ён многа не ведае чаго - і ніколі ведаць не будзе!»

І чаму салгала яму? Ну, чаму? А можа, заўтра не ехаць? Ад яе залежыць. Татка ж не гоніць яе. Ён цяпер такі добры з ёю! «Пагуляй ты, кажа, Ядвіська: не гарыць жа там у цябе!» Яе татка добры, але чагось яна баіцца яго. Ёй страшна, калі ён прыйдзе дадому, а вочы яго пазіраюць кудысь далёка-далёка, як бы яны сышлі з яго твару, а гэтыя грозныя, жорсткія вусы, як хмары ў навальніцу, апусцяцца ўніз.

Нашто яна салгала яму? Ёй хочацца пабачыць яго. Эх, каб ёй крылле! От бы ўзнялася цяпер і паляцела да яго, проста каб пабачыць яшчэ раз, вось так, як пазірала на яго тут, калі ён і не ведаў аб тым...

Не, гэта апошні яе вечар тут!

Тонкія, доўгія, цёмныя рыскі-бровы Ядвісі крыху насуваюцца і хмурацца, і твар яе робіцца строгім. Так, гэта апошні тут вечар!

Яна зноў пазірае на вокны. А каб пайсці туды? Сесці за сталом, як сядзеў калісь ён і праводзіў рукою па маладых сваіх цёмных вусіках! Там страшна, бо там пуста. Там цяпер прытаіўся нехта другі, няласкавы і варожы. І, напэўна, яна спаткала б нешта там, каб пайшла цяпер туды. Ну, напэўна, пачула б голас, а можа, смех, пусты і жудасны смех. Яна ўпэўнена ў тым, што пачула б той страшны і таемны смех, і гэта забіла б насмерць радасць і шчасце, што знайшлі месца ў яе сэрцы. Яна зноў пазірае туды.