Выбрать главу

Зрабіўшы колькі крокаў, Лабановіч і Саханюк узышлі на ганак валаснога праўлення.

- Зойдзем да канцылярыі, - сказаў Лабановіч. - Заадно трэба ўзяць паперы і ўсе вучэбныя прылады.

Настаўнікі пераступілі парог і апынуліся на зборнай. Зборная была прасторная, як абора. На процілеглым яе канцы, на ўзвышшы, адгароджаным балясамі, стаяў вялізны стол, абіты зялёным сукном, а за сталом на шырокім крэсле засядаў сам пісар. Гэта быў ужо стары чалавек, з шырокай барадой, напалавіну сівою. Міна яго была незвычайна важная. Пазіраў ён крыху прыжмурыўшыся, як бы ён толькі што занюхаў табакі і збіраўся чхнуць. Нягледзячы на тое, што ў канцылярыі было цёпла, пісар сядзеў у валёнках, бо меў у нагах раматус, і на твары яго адбіваліся адзнакі хваравітасці і сляды калісь вясёлага жыцця і п'янства, у якім пісар не меў сабе роўных у воласці. З гарэлкай ён ніколі не разлучаўся. У канцылярыі, у шафе сярод «гражданских и уголовных дел», стаяла бутэлька з «царскімі слязьмі», як называлі тады гарэлку, да якой часта прыкладаўся Пятро Восіпавіч і ў часы сваіх заняткаў у воласці. Праўда, такіх часоў у яго было не так-та многа, і ён прыходзіў сюды ў выпадках рэдкіх і важных; усю ж работу па воласці вёў яго памочнік, Дубейка, які ўжо лічыўся кандыдатам на пісарскую пасаду. З гэтай прычыны Дубейка нёс сябе высока, насіў манішку і манкеты і лічыў сябе найпершым кавалерам; старанна прычэсаныя валасы і частае зазіранне ў люстэрка сведчылі аб тым, што і ў яго сэрцы засела завітанская паненка.

V

- Дазвольце пазнаёміць, - сказаў Саханюк, падводзячы калегу да пісара, - цельшынскі настаўнік.

- А! - прамовіў пісар, акінуўшы Лабановіча прыжмуранымі вачамі, і падаў яму руку. - Прасвяшчаць, значыць, прыехалі? - спытаў пісар, каб хоць што-небудзь сказаць, і яшчэ раз азірнуў Лабановіча. - Ну, ну, справа патрэбная, - важна заўважыў ён, пасля чаго перастаў цікавіцца Лабановічам, як чалавек практычны, які з першага погляду адгадаў, што для пісарскага дому карысць ад новага настаўніка невялікая.

Затое ж Дубейка выказаў многа ўвагі і адзнак шляхетнага тону, знаёмячыся з Лабановічам.

- О! - казаў ён. - Нашага палку прыбывае. Вельмі прыемна, калі круг інтэлігенцыі павялічваецца. - Але разам з гэтым Дубейка запытаўся: - А гэта ўжываеце? - Адначасна з запытаннем ён ускінуў галаву і пстрыкнуў пальцам па сківіцы.

Лабановіч здзіўлена глянуў на Дубейку. Гэта запытанне для яго было зусім нечаканае, і ён не ведаў, што адказаць.

- Ну, разумеецца, не так, што б з ног скідацца, - паправіўся памочнік, - а ў кампаніі, пасля таго як пулечку згуляеш або стукалку, прапусціць чарачку, другую. Гуляеце ў карцішкі?

- Не, не гуляю.

Дубейка ў сваю чаргу здзівіўся, і ўвесь выраз яго твару як бы казаў: «Які ж ты пасля гэтага інтэлігент?»

- Ну, нічога, - заспакоіў Дубейка. - Пажывяце, навучыцеся. Толькі часцей да нас даведвайцеся, бо ў вас там глуш, чалавека не ўбачыш і, апрача падлоўчага, і зайсці там няма да каго.

- Э, гэта не бяда, - адказаў Лабановіч, - людзі ўсюды ёсць. Чым не людзі тыя ж самыя палешукі? Хіба да іх нельга зайсці? Я лічу, што сярод іх можна вельмі прыемна прабавіць вольную часіну і там напаткаць не толькі цікавае, але і разумнае, чаго ніколі не знойдзеш ні за чаркаю, ні за пулькаю.

- Не разумею вас, - адказаў Дубейка. - Што цікавае можна знайсці сярод палешукоў? Калі можна там напаткаць што-небудзь цікавае, дык хіба толькі маладзіцу-салдатку. - Пры гэтым Дубейка выразна зірнуў на Саханюка і засмяяўся.

- Калега - манах. Ён любіць глуш і адзіноцтва і хоча жыць пустэльнікам.

- Ведаем мы гэтых пустэльнікаў, - зноў падміргнуў Дубейка. - У ціхай вадзе чэрці водзяцца.

Першыя ўражанні знаёмства не спадабаліся маладому настаўніку, і ён, папрасіўшы выдаць пасылкі з кнігамі і сшыткамі для яго школы, развітаўся з новымі знаёмымі.

Выйшаўшы са зборнай, Лабановіч накіраваўся да дзвярэй, каб падацца на вуліцу, але Саханюк затрымаў яго.

- Не, калега: трэба пазнаёміцца з пісаранкамі, бо калі не зойдзеце да іх, то гэта будзе такая крыўда, якая вам ніколі не даруецца ні ў гэтым жыцці, ні на тым свеце.

Саханюк узяў пад руку Лабановіча і павёў яго ў кватэру пісара.

Прасторная і светлая зала была ўбрана чысценька і акуратна на мяшчанскі лад. Сталы і столікі былі засланы чыстымі настольнікамі і настольнічкамі. Крэслы стаялі ў парадку. На сценах віселі розныя малюнкі ў прыгожых асадках. Па кутках залы стаялі круглыя столікі пад белым кружавам: на століках ляжалі альбомы для фатаграфій. На вокнах вазоны розных гатункаў. Адным словам, на ўсім быў відзен адбітак дзявочага прызору і акуратнасці.