Выбрать главу

Янка Купала

У Піліпаўку

…Помню, ў піліпаўку гэта было. Ой, спаганяў снег ахвоту! Долы, дарогі як ёсць занясло; Гурбы, як горы, ля плоту.
Страшную людзі цярпелі зіму: Дзіка мяцеліцы вылі, З трэскам марозы гасілі ў сцяну, Птушак у лёце глушылі…
Ночка над вёскай. Во ў хаце аднэй Курыцца дымна лучына. Месціць хацінка са жменю людзей: Бацьку, матулю і сына.
Бацька, сагнуўшысь, сядзіць за сталом; Блудны прытухлыя вочы… Печку падпёршы схудалым плячом, Маці паціху хліпоча.
Далей, ля сценкі, палочак стаіць. Думкі бацькоў там аж млелі: Сын іх, Сымонка, тры дні ўжо ляжыць, Тры дні на божай пасцелі…
З самых дзён малку Сымона свайго Так гадавалі, пясцілі! Меці на старасць падпору з яго Думкі супольна раілі.
Малец — як лялька, крапячы, як дуб, Прызыў падходзіў на лета, — Высах, як шчэпка, стаў ціхі, як слуп, — Песня няпетая спета!
Тры дні назад яшчэ з бацькам яны Шуркі у лесе стаўлялі: Гулка гудзелі там іх тапары, Елкі, асіны стагналі.
Вечарам — дзіва! ні стуль і ні ссюль, Злёг і ляжыць, як павала; Раілась маці ўжо ў многа бабуль, Зёлак усякіх давала.
Дарма яна яму гэтак і сяк Піць-есць нясе адначасне:
Дні свае лічыць збалелы бядак, Вось-вось часіна — загасне.
Ўжо не чакае сямейка дабра, Аж тут, як воляю боскай, Доктар адзін па дарозе з двара Ехаў, заехаў і ў вёску.
Выслухаў, выстукаў хлопца кругом, Даў карталюшку на лекі; Ехаць да гораду кажа бацьком, Ехаць хутчэй да аптэкі!
«Сын здароў будзе, як рыба ў вадзе, Толькі лякарства прывозьце!» — Кінуў старым так і з хаты ідзе, Ды толькі бачылі ў вёсцы…
Мілі ж тры ў горад; тры мілі — не смех! Конік худы — прыстаць можа; Тут яшчэ гэты нязмераны снег, Ды ночка пусткай трывожа…
Трудная рада: да рання чакаць Хвораму лекаў прыйшлося. Бацька во сеў над сталом — не йдзе спаць, Маці над сынам галосе.
Ноч на аддых — адзін міг мужыку, Годам сыходзе — ў няшчасці. Шмат іх, даўжэнькіх, ой, шмат на вяку, Як жа тут к свету папасці?..
Час бег… Апошняя стухла зара. Неба бялее на ўсходзе. Ну, Сцёпка! Ехаць і час, і пара, Годзе маркоціцца, годзе!
З горада лекаў ты шмат навязеш, Сын твой як бачыш устане! Сільнай рукой пакіруе лямеш, Свісне касой на світанні!
. . . . . . . . .
…Выехаў Сцёпка. Чуць-чуць стала днець. Конік малы, зацяганы. Сыпка дарога, след значан ледзь-ледзь, Дзень хмураваты, вятраны…
Ехаў, даехаў Сцяпан наканец, Грош апаследні пакінуў, Лекаў набраў — і гайда маладзец! Валіць дамоў, бедачына.
Валіць… Піліпаўкай, ведама ўсім, Дню лік — гадзіна, не болей. Выехаў з горада — цёмна саўсім, З конікам сам ён у полі.
З поўначы сівер наскочыў сухі, Снегам стаў кідаць зласліва; Шум ад завеі панёсся глухі, Пеклам і неба, і ніва…
Конік Сцяпанаў нага за нагой Пхнецца ў снягу па калені; Пройдзе і стане, трасе галавой; Пугу штораз чуе меней.
Пхнуўся, цягнуўся, — нарэшце, як стаў, Далей ні кроку — трасецца. Як яго Сцёпка ні гнаў-паганяў, Хоць ты забі — ані з месца!
Шорах па целе Сцяпана пайшоў. Страшныя родзяцца думы. Шмат яшчэ вёрстаў дабрацца дамоў. Пужаюць снежныя шумы.
Што тут рабіць? Конь не хоча вязці, Дома сын лекаў чакае… Кінуць каня? Пехатою ісці? Жаль, ды і ночка ж такая!
Ўсё ж сын мілей! — Лезе з санак Сцяпан. Крыжам дарогу зазначыў; Цяжка на сэрцы, у вочах туман, Боскага свету не ўбачыш…
«Будзь здароў, косю! Хоць жаль мне цябе, — Хворы Сымонка чакае!» — Так шапнуў Сцёпка — і ў поле брыдзе, Ў гурбах чуць ногі змяняе…
Шоў ён, шоў дружна, а дзе і куды Збіўся, і сам тут не ведаў; Сілы слабелі ад хуткай хады; Думкі аб сыне йшлі следам.
~ 1 ~