Сяргей Чыгрын
У ПОШУКАХ СЛОНІМСКІХ СКАРБАЎ
Падрыхтаванае на падставе: Сяргей Чыгрын, У пошуках слонімскіх скарбаў, Гісторыка-краязнаўчыя, журналісцкія і літаратурныя нататкі. — Мінск: Беларускі кнігазбор, 2006.
Copyright © 2015 by Kamunikat.org
Ці можа Слонім стаць турыстычным горадам?
Цікава, якое месца ў развіцці турызму займае і можа заняць сёння старажытны беларускі горад Слонім?
Як сказалі ў Слонімскім бюро падарожжаў і экскурсій, горад над Шчарай у найбліжэйшы час абавязкова павінен стаць турыстычным горадам. Хаця сёння людзі, якія прыязджаюць у гэты горад, знаёмяцца толькі з адным маршрутам Слонім—Жыровічы. Вядома, наведваюць яны і раённы краязнаўчы музей, які прымае штогод каля 25 тысяч чалавек…
Некалькі гадоў таму сустрэў у цэнтры Слоніма чалавека сярэдніх гадоў з фотаапаратамі.
— Скажыце, калі ласка, — запытаўся незнаёмец, — як мне знайсці тэатр Агінскага? Я прыехаў з Санкт-Пецярбурга, каб зрабіць здымкі тэатра. Але ў каго ні запытаю — ніхто не ведае.
— Я вас засмучу, але будынак тэатра ў Слоніме не захаваўся, яго знішчылі час, войны і людзі. Толькі захавалася аустэрыя, у ёй цяпер знаходзіцца школьны навучальны вытворчы камбінат, — такі быў мой адказ незнаёмцу.
Госць быў вельмі здзіўлены і нават не паверыў. Прыйшлося яму паказаць, дзе некалі стаяў тэатр і дзе цяпер знаходзіцца аустэрыя. Але чалавеку, які першы раз прыехаў у Слонім, гэтага было мала. Ён столькі чытаў пра тэатр Агінскага, а ўбачыў… пустое месца.
Сапраўды, Слонім сёння ведаюць найперш па тым, што тут некалі быў славуты на ўсю Еўропу тэатр. І турысты з розных куткоў свету хочуць убачыць хоць што-небудзь з таго далёкага часу. Французы, немцы, шведы, японцы ў сваіх краінах такой мажлівасці не ўпусцілі б. А мы — губляем. Чаму б на гары каля будынка хуткай медыцынскай дапамогі на Савецкай вуліцы, дзе знаходзіўся знакаміты тэатр, не ўсталяваць мемарыяльны знак, не зрабіць там музей Агінскіх, а дзе стаянка аўтамабіляў — не адкрыць, напрыклад, рэстаран “У Агінскіх”, дзе маглі б адпачыць турысты ці слонімцы пад славуты паланез “Развітанне з Радзімай”? У музеі прадаваць розныя буклеты, значкі, кнігі на англійскай, польскай і беларускай мовах пра гісторыю тэатра Агінскага. І гэта ўсё за грошы, якія ішлі б у бюджэт горада.
Наогул турыстычнае знаёмства са Слонімам, на маю думку, павінна пачынацца з плошчы Льва Сапегі. Там павінен стаяць яму помнік, а таксама музей, прысвечаны ўсім беларускім Сапегам. Адтуль турысты ехалі б да Агінскіх. Пасля экскурсаводы вялі б іх у сінагогу, пабудаваную ў 1642 годзе. Яе даўно павінны былі рэстаўраваць, а ў самой сінагозе планавалі некалі зрабіць рэспубліканскі музей яўрэйскага мастацтва. Але пакуль там нічога не зроблена, ды і 400-гадовы храм развальваецца.
Пасля сінагогі турысты маглі б наведаць раённы краязнаўчы музей імя Язэпа Стаброўскага, музей беларускай кнігі ў раённай бібліятэцы імя Якуба Коласа і музей імя А.Жукоўскага ў СШ № 4. І гэтыя наведванні — таксама за грошы.
Пасля знаёмства з цэнтрам Слоніма турыстаў чакаў бы Альбярцін з музеем Пуслоўскіх і паркам, а таксама гасцініцай і рэстаранам. Пасля Альбярціна турысты ехалі б у Жыровічы.
А цяпер можна падлічыць, колькі грошай ад наведвання нашых гістарычных мясцін, музеяў, рэстаранаў, гасцініц, ад продажу сувеніраў засталося б у бюджэце Слоніма. А пасля гэтыя грошы ўкласці ў новыя слонімскія маршруты — у Парэччы ў музей Міхала Валовіча, у Чамяры — у музей знакамітых аднавяскоўцаў, у Мяльканавічы — у музей моладзевага руху на Слонімшчыне ў сярэдзіне ХХ стагоддзя, у Кракотку — у музей-бібліятэку. Ды і ў гарадскім асабняку 1923 года, што цяпер месціцца на Савецкай вуліцы, зрабіць этнаграфічна-экалагічны музей Слонімшчыны, а людзям, якія там жывуць, даць нармальнае жыллё. На вёсках сёння яшчэ захоўваюцца кросны, старыя ручнікі, дываны, прылады працы, іх тэрмінова неабходна сабраць у адно месца. А гэтым месцам можа быць гарадскі музей-асабняк.
Але ўсяго гэтага сёння няма. Пра такія музеі мы толькі можам марыць. Вядома, трэба на гэта час і фінансы — але час бяжыць, а горад губляе грошы. Вось толькі турысты да нас па-ранешаму едуць. Едуць, каб адчуць эпоху Сапегаў і Агінскіх...
Лёс старажытных слонімскіх скарбаў
Доктар філалагічных навук Адам Мальдзіс меў рацыю, калі сказаў, што “Беларусь з’яўляецца адзінай краінай у свеце, краінай-выключэннем, дзе нацыянальных культурных скарбаў, матэрыяльных і духоўных, на радзіме меней, чым за яе межамі. Прычынай таму ваенныя навалы, што хвалямі пракочваліся праз нашу зямлю, і драпежніцкая палітыка суседзяў” (зборнік “100 пытанняў з гісторыі Беларусі”. Мн., 1993. С.73). У гэтым упэўніваўся і я асабіста, калі бачыў, напрыклад, старадаўнія слонімскія зборы ў музеях Польшчы, Швецыі, Літвы, Расіі. У адным з музеяў Вроцлава ўдалося мне знайсці слонімскую паштовую карэту, у Слупску ўбачыў слонімскія гадзіннікі, а ў шведскім горадзе Арэбра — фарфор і фаянс са Слоніма.