Меў свой значок і Жыровіцкі тэхнікум механізацыі сельскай гаспадаркі. На ім адлюстраваны герб тэхнікума, літары “ЖТМСХ”, зорачка і тэкст: “БССР, основан 1945”.
Дзякуючы слонімскаму гісторыку Аляксандру Жукоўскаму, быў выпушчаны значок, прысвечаны народнаму музею мясцовай СШ №4.
Зусім нядаўна пабачыў свет значок, прысвечаны Жыровіцкім святыням.
Як бачыце, не вельмі багатая фалерыстыка слонімскай тэматыкі. Тым не менш, значкі такія ёсць, і гэта ўжо наша гісторыя.
1999
Патушаныя фантаны
Кожны горад мае сваю адметнасць. Адны гарады запамінаюцца надоўга сваімі архітэктурнымі помнікамі, другія — чысцінёй вуліц і плошчаў, кветкамі і зялёнымі дрэвамі, а іншыя — разнастайнымі фантанамі.
Санкт-Пецярбург заўсёды сла¬віўся і славіцца вялікай колькасцю арыгінальных фантанаў, без якіх паўночная сталіца Расіі была б не такой прывабнай, як з імі. А ў Швецыі, напрыклад, кожны горад і правінцыйны гарадок мае па некалькі дзесяткаў розных фантанаў і фантанчыкаў. Гэтым яны і запамінаюцца турыстам і тым, хто проста там пабывае.
Не такія ўжо бедныя на фантаны і беларускія гарады. Адзін з першых фантанаў з’явіўся ў Мінску ў 1874 годзе ў скверыку каля Акадэмічнага Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы. Маюць свае фантаны і раённыя цэнтры, нават пасёлкі. Ёсць фантаны і ў Шклове, хаця пра такі беларускі ўсходні гарадок мала хто калі чуў. Жыхары Магілёўшчыны і Гомельшчыны ў савецкі час ведалі Шклоў хіба што па агурках. Там, у цяпліцах, шклаўчане раней за ўсіх вырошчвалі агуркі і гандлявалі імі ва ўсходніх раёнах Беларусі. Ну, а цяпер мы ведаем Шклоў па тым, што адтуль родам Аляксандр Лукашэнка. І ці не па яго загаду пачалі дзейнічаць у Шклове фантаны. Можа дачакаемся і мы калі-небудзь слонімскага прэзі¬дэнта, які загадае аднавіць у горадзе над Шчарай тыя фантаны, якія некалі радавалі мясцовых жыхароў і гасцей горада. Хаця, прычым тут прэзідэнт. За фантаны павінна адказваць мясцовыя жыллёва-камунальная гаспадарка і водаканал. Прыгажосць горада, адпачынак і дабрабыт гараджан найперш залежыць ад вышэй названых службаў.
У 2002 годзе Слонім адсвяткаваў сваё 750-годдзе. Але ніхто з чыноўнікаў так і не прапанаваў і не парупіўся аднавіць хаця б адзін з тых трох фантанаў, якія былі ў Слоніме. А спалучэнне цякучай вады са старажытнай і новай архітэктурай нашага горада надало б Слоніму новую прыгажосць і разнастайнасць розных дэкаратыўных кампазіцый. Горад ад гэтага памаладзеў бы, пасвяжэў бы ад гарачыні і пылу.
А фантаны ў Слоніме былі. Адзін у парку, другі ў Альбярціне і трэці каля фабрыкі мастацкіх вырабаў. Час і халатныя адносі¬ны былых кіраўнікоў гарвыканкама, а таксама спад эканомікі горада, патушылі крыніцы жывой вады.
Адзін з апошніх фантанаў у Слоніме з’явіўся каля фабрыкі мастацкіх вырабаў. Не адну машыну цэменту затрацілі на яго пабудову. А калі будаўніцтва было завершана і заструменіла вада — фантан здалёк вабіў вочы тых, хто ехаў праз Слонім ці праходзіў побач. Каля яго збіралася моладзь з гітарамі, а ў самім басейне паласкаліся ў вадзе пад сонцам дзеці. Праўда, фантан працаваў не штодзённа, а часцей за ўсё на святы, ці тады, калі на фабрыку мастацкіх вырабаў прыязджалі госці. Тым не менш, фантан там быў.
Толькі аснова для струменяў вады і басейнае збудаванне засталіся ад фантана ў парку. Былі побач і скульптурныя казулі, якія дапаўнялі фантан, але і іх ужо ў парку няма. І гэта было адзінае месца ў парку, дзе людзі маглі адпачыць і палюбавацца штучным струменем крыніцы.
Фантан у Альбярціне знахо¬дзіўся непадалёку ад сядзібы Пуслоўскіх. Старэйшыя жыхары Альбярціна памятаюць прыгожую скульптурку хлопчыка, які з конаўкі ліў ваду ў басейн. Але зімою ў гэтым басейне мясцовыя падлеткі ігралі ў хакей, а сам фантан знаходзіўся ў цэнтры. Вось аднойчы яны і развіталіся з гэтым арыгінальным фантанам, каб не перашкаджаў бегаць з клюшкамі за шайбаю. Прайшоў час, няма ў Альбярціне ўжо ні фантана, ні хакейнай пляцоўкі...
Італьянскае слова “фантан” азначае “крыніца”. А крыніцы заў¬сёды ачышчалі нашы душы струменьчыкамі чыстай вады. Але душы маюць і гарады. Ці ачысцім мы іх?
2003
Вандроўкі па родным краі з Уладзімірам Ягоўдзікам, Сяргеем Плыткевічам і Мікалаем Ракевічам
1.
Завітаў неяк да мяне з Мінска на сваім “Фольксвагене” пісьменнік Уладзімір Ягоўдзік.
— Чаго сядзіш, сумуеш? Давай паедзем у вандроўку па нашай Слонімшчыне,— прапанаваў Уладзімір.
Мы селі ў машыну і паціху паехалі ўбок вёскі Васілевічы.