— Ну, расказвай, як жывеш? Як творчыя справы?— запытаўся ў земляка.
— Справы ідуць някепска. Тры запар кніжкі выйшлі з друку. Апошняя называецца “Царэўна ў падземным царстве”. Сюды я ўключыў казкі, сабраныя рускім вучоным-фалькларыстам Аляксандрам Афанасьевым. Яны былі запісаныя ім на Гродзеншчыне і Магілёўшчыне,— сказаў пісьменнік.
— А як “пажывае” твой часопіс “Лесавік”?
— Неяк трымаемся. Выйшаў нядаўна чацвёрты нумар “Лесавіка”. Ён прысвечаны чорнаму зайцу. Так-так, не здзіўляйся,— пачаў казаць зямляк.— Вадзіліся некалі на Беларусі чорныя зайцы. Яны яшчэ трапляліся нппачатку XX стагоддзя. Пасля іх не стала, як не стала ў нашых лясах і пушчах тураў, балотнай рысі, дзікіх коней тарпанаў і іншых звяроў.
Размаўляючы, мы неяк хутка праехалі вёску Васілевічы, пасля —Парэчча. Павярнулі да Шчары, дзе здалёк віднелася царква. Якое цудоўнае там месца! Некалі гэта была зямля нашага славутага земляка, беларускага сацыял-утапіста Міхала Валовіча. Ён у 1833 годзе ўдзельнічаў у Заліўскай экспедыцыі з мэтай узняць паўстанне ў Польшчы, Беларусі і Літве супраць расійскага царызму. Па загаду Мураўёва-вешальніка Валовіча арыштавалі і закатавалі ў Гродне. Удзячныя землякі каля Парэцкай царквы паставілі яму помнік. Але бальшавікі помнік знішчылі дзесьці ў 1940 годзе.
У заняпад прыйшла і праваслаўная цэркаўка. Мы ўбачылі вакол яе і ў сярэдзіне рыштаванні. Быў час, калі хацелі яе рэстаўрыраваць. Але праца даўно спынілася і рыштаванні пачарнелі ад часу. А храм прыходзіць у заняпад. Шкада. Знішчаецца не толькі памяць пра Валовіча, але і наша гісторыя. Толькі Шчара не спыняе свой бег. Праўда, і яна зусім не тая, якая была, калі жыў Міхал Валовіч.
З Парэчча мы паехалі ў вёску Ніз. Пры дарозе віднеліся вясковыя могілкі. Спынілі машыну. Пайшлі далей пяшком. На могілках прыцягнуў увагу памятны знак. У гады Вялікай Айчыннай вайны фашысцкія карнікі расстралялі 296 жыхароў вёскі Ніз, а мужчын забралі ў Германію. Пасля і вёску спалілі. Ахвярам вайны і быў пастаўлены помнік на нізоўскіх могілках.
З Нізоў па гравейцы мы даехалі да Едначоў. Каля гэтай вёскі працякаюць дзве рачулкі Язвіца і Бяроза.
— Вельмі прыгожа гэтыя рэчкі апісаў Баброўскі ў сваёй кнізе “Статистическое описание Гродненской губернии 1863 года”,— гаворыць Уладзімір Ягоўдзік.— Я маю ксеракопію гэтай кнігі. Вельмі цікавая і каштоўная кніга. Там шмат напісана пра нашу Слонімшчыну.
Мы спыніліся каля хаты Лапко Івана Антонавіча —дзядзькі Уладзіміра. Даўно памерла яго жонка, таму цяпер жыве ён з сынам. Хоць і засталіся яны без гаспадыні, але па-ранейшаму трымаюць курэй, парсючка, садзяць агарод. Зусім нядаўна Іван Антонавіч перажыў цяжкае гора — у аўтамабільнай катастрофе загінуў яго другі сын.
Мы прыселі на лаўку каля хаты, і спадар Лапко пачаў апавядаць пра свой нялёгкі лёс. З яго слоў мы даведаліся, што ў вайну немцы разам з іншымі вяскоўцамі вялі яго на расстрэл. Але Іван уцёк у лес, гэта і выратавала яго ад смерці. Праўда, пазней быў вывезены ў Германію, дзе працаваў у баўэра. І толькі пасля вайны вярнуўся ў сваю вёску Едначы.
Паспрабаваўшы “белага наліву” з маладзенькай яблыні, мы развіталіся з Іванам Антонавічам і паехалі ў Кастровічы — родную вёску Уладзіміра Ягоўдзіка. Ён тут даўно ўжо не жыве, але памятае кожны дом, завулак, агарод. Тут прайшло яго маленства. “А вось гэта мая хата, я тут нарадзіўся і жыў”,— уздыхнуў мой сябра, паказваючы на адну з вясковых хат.
— А цяпер хто там жыве?— пытаюся.
— Чужыя людзі — дачнікі. Я нават і не ведаю хто,— адказаў Валодзя.
З вясковай вуліцы мы накіраваліся на кастровіцкія могілкі да магіл маці, дзядулі і бабулі Уладзіміра Ягоўдзіка. Побач з магіламі растуць два дубкі і бярозка. Іх некалі пасадзіў сам Валодзя.
Мы паціху ехалі па Кастровічах, а Валодзя ў машыне гаварыў пра сваю вёску і расказваў, хто дзе жыве. Вёска, сапраўды, багатая на таленты. Адсюль пачынаецца знакаміты род Кастравіцкіх. З гэтага роду выйшаў беларускі паэт Карусь Каганец і класік французскай паэзіі Гіём Апалінэр (Кастравіцкі). Дарэчы, нядаўна Францыя адзначыла 120-годдзе з дня нараджэння Гіёма Апалінэра. Беларускі род Кастравіцкіх згадваецца яшчэ ў летапісах 1600-га года. Род меў свой герб Байбуза (змяя, якая спускаецца па страле з трыма грыбамі).
Адзін з прадстаўнікоў роду Кастравіцкіх яшчэ ў XVII стагоддзі атрымаў тытул стражніка мсці¬слаўскага, а яго сыну Яну да¬стаўся ў спадчыну маёнтак у Мін¬скім ваяводстве. Сам Ян Кастравіцкі быў намеснікам суддзі. А Антоні Кастравіцкі ў 1718-ым годзе быў нават войтам мінскім.
У канцы XVII—першай палове XVIII стагоддзяў Кастравіцкія валодалі некалькімі маёнткамі на Беларусі. Жылі Кастравіцкія не толькі на Слонімшчыне, але і на Навагрудчыне, Койданаўшчыне і ў іншых мясцінах.