Выбрать главу

У той дзень, царква ў Сынковічах была зачынена. Мы пахадзілі вакол яе, сфатаграфаваліся на памяць. А пасля Валодзя дастаў з сумкі сваю кнігу “Сем цудаў Беларусі” і пытае:

— Ты мне можаш назваць сем цудаў Беларусі?

— Можна назваць і больш, чым сем,— кажу.

— Вядома, можна. А я вось напісаў і выдаў кніжку менавіта пра сем цудаў Беларусі. Адзін з гэтых цудаў — Сынковіцкая царква.

Мы доўга яшчэ сядзелі каля Сынковіцкага храма, разважаючы пра нашу багатую гісторыю і пра наш народ. А пасля надвячоркам вярнуліся ў Слонім.

Які багаты і прыгожы наш край, а мы, жывучы побач, часам гэтага не заўважаем. Будзённасць і абыякавасць да ўсяго, губляюць у нашых сэрцах любоў да сваёй маленькай радзімы, а тым больш да такой, як слонімская зямля на Гарадзеншчыне.

2.

Беларускі географ Аркадзь Смоліч назваў Слонімшчыну беларускай Швейцарыяй. Я яшчэ раз пераканаўся ў гэтым, калі разам з мінскім журналістам Сяргеем Плыткевічам — рэдактарам газеты “Туризм и отдых”, зрабілі летнюю вандроўку па нашым краі.

“Хонда”, на якой прыехаў да мяне мінскі калега, даволі шыкоўная і хуткасная машына. А Сяргей Плыткевіч — не толькі выдатны фотажурналіст, але і добры кіроўца. За два дні мы аб’ехалі амаль усю Слонімшчыну і палову Зэльвеншчыны.

Узброіўшыся фотаапаратамі, Сяргей Плыткевіч і фотакарэспандэнт “Газеты Слонімскай” Віталь Гіль толькі паспявалі здымаць прыгожыя мясціны слонімскай і зэльвенскай зямель, помнікі архітэктуры і людзей.

Дарэчы, нядаўна ў дзяржаўным выдавецтве “Беларусь” выйшаў з друку цудоўны каляровы фотаальбом Сяргея Плыткевіча “Мая Беларусь”. Сюды ўвайшлі фотаздымкі майстра, на якіх адлюстравана наша краіна з багатым мінулым і сучасным, яе людзьмі і прыродай. Сам Сяргей па дарозе сказаў:

— Я аб’ехаў Беларусь удоўж і ўпоперак, выбіраў самыя запаведныя мясціны. Шлях, у асноўным, пралягаў у глыбінку. Мяне цікавіў лёс старых сядзіб, мястэчак, хутароў, гарадоў.

А вось на Слонімшчыне і Зэльвеншчыне я бываў толькі праездам. Праўда, у альбом славутая Сынковіцкая царква ўсё ж увайшла. Але адна справа — убачыць прыгажосць самому і зусім іншая — паказаць яе сябрам і знаёмым. Таму са мной заўсёды быў фотаапарат. Бо мастацкае фота — цудоўны сродак, які дапамагае паўней адчуць веліч мураваных палацаў, святых храмаў, старажытных вежаў і званіц, асэнсаваць нашу культурную і гістарычную спадчыну…

Вандроўка з Сяргеем Плыткевічам пачалася са слонімскіх вуліц і завулкаў, дзе яшчэ захаваліся архітэктурныя старыя помнікі і пабудовы. Пасля мы завіталі ў Альбярцін, дзе фотамайстру Плыткевічу і фотакарэспандэнту Гілю было што здымаць. Альбярцін узнік у першай палове XIX стагоддзя, як сядзіба маршалка шляхты Слонімскага павета В.Пуслоўскага (1762 — 1833). У склад сядзібы ўваходзілі двухпавярховы мураваны палац, гаспадарскія і службовыя будынкі, пейзажны парк. У палацы размяшчалася багатая калекцыя твораў мастацтва. Побач з сядзібай узніклі цагельня, млын і лесапільня, дывановая мануфактура, конная і шоўкакруцільная фабрыкі, чыгуналіцейны і электралямпавы заводы, запалкавая фабрыка “Шчара”, завод цвікоў, электрастанцыя і г.д. З дзесяцігоддзямі шмат каштоўнага гэты мікрараён Слоніма страціў, але нешта нашчадкам і засталося. Найперш, гэта парк, канюшня і асабняк Пуслоўскіх.

З Альбярціна мы паехалі ў Шылавічы, пасля — у Жыровічы. Якраз заходзіла сонца, і ў гэты момант Жыровічы здаваліся казачна-чарадзейнымі. Кожны селянін займаўся сваімі справамі: адны сядзелі каля хат на лаўках, другія корпаліся на агародах, а іншыя ішлі па ваду да жыровіцкай крыніцы.

На другі дзень мы паехалі ў вёску Кракотка, якую Уладзімір Караткевіч назваў самаю прыгожаю вёскаю ў свеце. Шлях у гэтае знакамітае месца на Слонімшчыне ляжаў праз Пасінічы, Юхнавічы і Сялявічы. Яшчэ ў 1927 годзе ў Кракотцы адкрылася першая бібліятэка імя Янкі Купалы. Кожны раз, калі сюды еду, на думку прыходзяць радкі з верша Міколы Арочкі, прысвечанага Вялікакракоцкай сельскай бібліятэцы імя Янкі Купалы:

Мой цэлы свет: Вялікая Кракотка, Часоў бурлівых родны мацярык. Была Кракотка, як рака ў паводку. Была Кракотка — гнеў, і боль, і крык... ...Нязломны дух... Жывая сіла мовы. Жыву з тых дзён я вашаю красой. Жыткевічы... Збраевіч... Трафімовіч... Ля вас я грэўся словам і душой...

Не выпадкова ў гэтых паэтычных радках Мікола Арочка ўспамінае прозвішчы Жыткевічаў, Збраевіча і Трафімовіча. Справа ў тым, што ў 1927 годзе назад у вёсцы Вялікая Кракотка на Слонімшчыне пры гуртку таварыства беларускай школы (ТБШ) вясковая моладзь заснавала бібліятэку-чытальню, якую назвалі імем народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Гэта была першая ўстанова культуры рэспублікі, якой прысвоена імя песняра беларускага народа. Арганізатарамі ТБШ і бібліятэкі ў той нялёгкі 1927 год былі Рыгор Акулевіч, Сцяпан Ігнатовіч, Васіль Трафімовіч, Сямён Жыткевіч, Павел Таўлай, Кастусь Петручэня і іншыя.