На развітанне Юльян Грасевіч падараваў нам некалькі сваіх карцін.
З Кракоткі наша вандроўка працягвалася ў Азярніцу, а з Азярніцы — на Бяздоннае возера. Вакол яго загаралі хлопцы і дзяўчаты, шмат мужчын вудзілі рыбу. Зрабілі некалькі фотаздымкаў, і наша “хонда” перасекла мяжу Слонімшчыны і трапіла ў вёску Кашалі Зэльвенскага раёна. За Кашалямі пачынаецца вёска Івашкавічы. Здалёк, на старажытным каменным могільніку XVII стагоддзя, узвышаюцца разваліны храма, якія напамінаюць Наваградскі замак. На адной з разбураных сцен буслы зрабілі гняздо. А Сяргей Плыткевіч дадаў: “У кнізе “Мая Беларусь” ужо ёсць падобны здымак, які быў зроблены ў адной з вёсак Мінскай вобласці. Там таксама сям’я буслоў пабудавала гняздо над сімвалам хрысціянскай веры — храмавым крыжам. Як вядома, белыя буслы — сімвал нашай краіны. На мой погляд, іх суседства — знак таго, што з Боскай дапамогай у Беларусі будзе светлая будучыня.”
З фотажурналістам можна пагадзіцца. Толькі калі наступіць гэтая светлая будучыня? Праз два месяцы, праз пяць гадоў, ці праз цэлае стагоддзе? Розніца ёсць. Гэтай светлай будучыні чакаюць і жыхары Івашкавіч. Некаторыя з іх жывуць яшчэ ў бараках, якія засталіся ў спадчыну ад паноў Астрамецкіх. А сама вёска Івашкавічы вядома яшчэ з пачатку XVII стагоддзя як маёнтак наваградскага кашталяна Аляксандра Палубенскага. Пазней ёй валодалі Сапегі, потым браты Шэметы, Глушынскія, Стравінскія, Жалкоўскія і іншыя.
Праз некалькі хвілін пасля Івашкавіч, мы ехалі па беразе Зэльвенскага вадасховішча, якое было створана ў 1983 годзе. Агульная яго плошча складае 12 квадратных кіламетраў, найбольшая глыбіня — 7,5 метраў. Тут і праводзіць свой вольны час большасць жыхароў Зэльвы і суседніх з ёй вёсак. Да адной з іх, бадай ці не самай вялікай і багатай на гісторыю, Дзярэчын, рукой падаць — нейкіх 12 кіламетраў. Спыніліся мы ў цэнтры вёскі, каля былой аўтастанцыі. У савецкія часы праз Дзярэчын у суткі праходзілі 54 аўтобусы, якія курсіравалі ў Гродна, Мінск, Зэльву, Слонім і ў іншыя гарады. Цяпер дзярэчынцы толькі пра гэта ўспамінаюць. Ды і будынкі аўтастанцыі і былой аптэкі апусцелі. У іх мясцовыя бамжы, п’яніцы і беспрацоўныя зрабілі прытон. Ці не адсюль пачынаюцца ў Дзярэчыне зладзействы і злачынствы?
Былы малы Версаль, так некалі называлі Дзярэчын, прываблівае вока Спаса-Прэабражэнскай царквой (XIX ст.) і касцёлам Ушэсця (XX ст.), куды на праваслаўныя і каталіцкія святы збіраецца шмат народу. На дзярэчынскіх могілках знаходзяцца магілы партызана П.Булака, генерала 1812 года Е. Гампера, а ў цэнтры вёскі — помнік маршалу І. Чарняхоўскаму.
Пра Дзярэчын і яго людзей можна напісаць шмат. Сёе-тое ўжо зроблена. Найперш парупіўся пра гэта беларускі паэт і журналіст Міхась Скобла, які некалькі гадоў назад выдаў гістарычны нарыс “Дзярэчынскі дыярыюш”. Міхась Скобла закончыў Дзярэчынскую сярэднюю школу, а яго любімым настаўнікам быў Пятро Мікалаевіч Марціноўскі. Гэта паважаны чалавек, дзякаваць Богу, жыве ў Дзярэчыне і зараз, і мы вырашылі заехаць і да яго.
Сардэчна вітаючы гасцей, Пятро Мікалаевіч у цяньку пад парэчкамі накрыў багаты стол з самадзейным віном “Марціні” (ад слова Марціноўскі), за якім доўга ішла гаворка пра наша жыццё-быццё.
Развітваючыся з Пятром Мікалаевічам, Сяргей Плыткевіч падараваў яму свой фотаальбом, а гаспадар запрасіў нас усіх восенню да сябе па вінаград.
Дарэчы, у лютым 2006 годзе Пятра Марціноўскага не стала. Ён пахаваны ў Дзярэчыне.
Вяртаючыся назад у Слонім, я яшчэ раз перагартаў альбом Сяргея Плыткевіча. Ва ўступным слове да яго прачытаў: “Кожны куточак роднай Беларусі мае сваю адметнасць і непаўторнасць.” І, сапраўды, у гэтым упэўнішся толькі тады, калі павандруеш па роднай бацькоўскай зямлі.
3.
Неяк сустрэў слонімскага настаўніка-пенсіянера Мікалая Іванавіча Ракевіча. Пачалі размову пра жыццё-быццё, а потым гаворка пайшла пра гісторыю і людзей нашай роднай старонкі.
“Я родам з-пад Азярніцы, з вёсачкі Ваўчкі, давай калі з’ездзім і паглядзім тыя мясціны”, — прапанаваў Мікалай Іванавіч.
І вось у адзін з вераснёўскіх дзён мы селі ў машыну і накіраваліся ў бок Азярніцы. Мікалай Іванавіч, як дасведчаны экскурсавод, адразу пачаў расказваць пра сваіх землякоў.
Аповед пра Івана Багдановіча
Жыў у Збочне даволі заможны чалавек — Іван Багдановіч. Пры Польшчы Багдановіч меў маёнтак, гектараў сто зямлі, каля 10 коней, паўсотні кароў. У 1939 годзе на Слонімшчыну прыйшлі бальшавікі, але яны яго не чапалі: Багдановіч не лез у палітыку, а спакойна жыў і працаваў на зямлі. Вельмі любіў ён паляванне. Прыедуць энкавэдысты, ён з імі едзе на паляванне. Пасля палявання тыя ідуць да яго, вып’юць, закусяць. Быў Багдановіч для іх сваім чалавекам. Прыйдуць забіраць карову, ён адчыніць дзверы і кажа: выбірайце любую. Тыя возьмуць сабе карову. Хто хоча каня — бярыце каня. Ён ніколі не супраціўляўся. Тое самае было і пры паляках. Калі прыйшлі немцы, тыя, хто пры бальшавіках у яго браў каня, карову, — сталі яму вяртаць назад. Баяліся, каб раптам ён не сказаў немцам. Але ён нікому нічога не казаў. Пры немцах лячыў коней, кароў. З людзьмі заўсёды жыў добра, шчыра ўсім дапамагаў. Пасля вайны прыйшлі Саветы. Бальшавікі таксама яго не чапалі, пад рэпрэсіі ён не трапіў. Іван Багдановіч пражыў шмат гадоў, пахаваны ў Збочне.