Дарэчы, у гэтай вёсцы было чалавек дваццаць заможных. Але самым добрым і шчырым сярод іх быў Іван Багдановіч. Яго і сёння людзі добрым словам згадваюць.
Гумнішчы
Як уязджаеш у Азярніцу з шашы Слонім — Зэльва, з правага боку віднеюцца кусты, старыя дрэвы і некалькі разбураных хат. “Тут была вёска Гумнішчы, — кажа Мікалай Ракевіч. — У ёй нарадзіўся беларускі паэт і празаік Уладзімір Аляхновіч. Цяпер пісьменнік жыве ў Мінску”.
Са слоў Мікалая Іванавіча мы даведаліся, што ў гэтай вёсцы было каля дзесяці хат. Спачатку, відаць, тут знаходзіліся гумны вяскоўцаў з Азярніцы, а пасля сюды перасялілася некалькі сямей.
Мясціна насупраць Гумнішча называецца Маліва. “Відаць, тут было маляўнічае месца, — разважае Мікалай Ракевіч. — Раней людзі давалі мясцінам і вёскам назвы, якія ім адпавядалі. Не так, як цяпер, — “Победителей”, “Независимости”. А мясціна, што побач з Малівам, — Пацяроб”.
Пра вёску Ваўчкі
Пра родную вёску Ваўчкі Мікалай Ракевіч нам расказваў з радасцю і з нейкім настальгічным смуткам. Маўляў, няма таго, што было раней. Ён паказаў нам, дзе жылі яго бацькі, дзе была іх зямля. Завёў у хату да старэйшага жыхара Ваўчкоў Васіля Дзянісавіча Ракевіча, якому ўжо споўнілася 96 гадоў. Але Васіль Дзянісавіч нешта занядужаў, і мы не сталі турбаваць старога чалавека. “Гм, месяц таму я з ім гутарыў, сядзеў на лаўцы. А цяпер зусім занямог, старэча”, — уздыхнуў Мікалай Іванавіч.
Са слоў нашага гіда мы даведаліся, што Ваўчкі — гэта выселак, дзе сто гадоў таму налічвалася 13 двароў. Калі вярталіся з рэкрутаў вайскоўцы, пасля 25 гадоў службы, ім у Клепачах не давалі зямлі, а сялілі мужыкоў па рашэнні вясковай абшчыны ў Ваўчках, на выселках, давалі ім па гектару зямлі. Былы вайсковец сяліўся там, браў сабе якую-небудзь жанчыну і спакойна працаваў на гэтай зямлі.
20 гектараў зямлі ў Ваўчках, па словах Мікалая Ракевіча, меў і Амерыканец. Амерыканцам звалі Міхаіла Антонавіча Ракевіча. Ён ездзіў у Амерыку, працаваў там на шахтах, зарабляў грошы і з грашыма прыязджаў у родную вёску.
У Ваўчках жыў багаты чалавек Маркевіч. Ён меў шмат сваёй зямлі, бровар. Падчас паўстання 1863 года ён дапамагаў паўстанцам. Пасля яго расейцы арыштавалі і саслалі ў Сібір, бровар прадалі, а зямлю яго аддавалі гэтым былым рэкрутам.
Бровара Маркевіча даўно ўжо няма. Засталася толькі крыніца, якая па-ранейшаму булькоча сярод вербалозу і травы. Яна напамінае пра нашага суайчынніка Маркевіча, які з тысячамі беларусаў змагаўся супраць Расійскай імперыі. Ды і наогул Слонімшчына ў той час была адным з актыўнейшых асяродкаў паўстання. Напрыклад, толькі супраць Слізняў у Новыя Дзевяткавічы накіравалі дзве расейскія армейскія пяхотныя роты.
Здраднік стараста Макарэвіч
У XIX стагоддзі сярод беларусаў, як і сёння, былі здраднікі. Адзін з іх — стараста Макарэвіч, магіла якога знаходзіцца на азярніцкіх могілках недалёка ад царквы. Макарэвіч выдаў расейскім войскам некаторых паўстанцаў 1863 года, у тым ліку аднаго з кіраўнікоў паўстання — Карла Масальскага.
Карла Масальскага схапілі, пасадзілі ў клетку і некалькі дзён вазілі па Слоніме, каб запалохаць мясцовы люд. Пасля на рыначнай плошчы яго павесілі.
Але паўстанцы забілі Макарэвіча, гэтым самым адпомсціўшы яму. Гродзенскі генерал-губернатар за тое, што ён выдаў паўстанцаў, “узнагародзіў” яго пасмяротна: загадаў пахаваць Макарэвіча каля самай царквы і ўсталяваць надмагільны помнік. Загад губернатара выканалі. На помніку прымацавалі дзве шыльды. На адной шыльдзе напісалі: “Замученный польскими мятежниками”, а на другой змясцілі такі тэкст: “Памятник сей сооружён в 1869 г. в назидание потомству по инициативе и на средства Его Высокопревосходительства г.Виленского, Ковенского и Гродненского генерал-губернатора И.С. Каханова при материальном содействии крестьян Чемерской волости”.