Выбрать главу

Сёння цяжка і нават немагчыма пералічыць усе тыя нацыянальныя багацці, што стагоддзямі вывозіліся толькі, прыкладам, са Слонімскай зямлі ў блізкія і далёкія краіны свету. Найбольш слонімскіх скарбаў знікла падчас розных войнаў, але найбольш — у часе Першай і Другой сусветнай. На захад і ўсход захопніцкім шляхам вывозілі са Слонімшчыны каштоўныя кнігі, рукапісы, карціны, фотаздымкі, дываны, габелены, музычныя інструменты, крыжы і абразы, манеты, медалі, зброя, фарфор, фаянс, розныя вырабы з дрэва, золата, бронзы і срэбра. Шмат разоў рабаваліся слонімскі музей, архівы, Жыровіцкая семінарыя, палац Слізняў у вёсцы Дзевяткавічы, тэатр Агінскага ў Слоніме і палац Пуслоўскіх у Альбярціне. Рабаваліся таксама праваслаўныя, каталіцкія і уніяцкія храмы, мячэці, сінагогі і цэрквы іншых канфесій зямлі Слонімскай.

У красавіку 1613 года пачалося будаўніцтва Жыровіцкага уніяцкага манастыра і царквы, дзе знаходзіўся цудатворны абраз Жыровіцкай Багародзіцы. Ствараў гэты найважнейшы рэлігійны асяродак Язафат Кунцэвіч, а яго фундатарамі былі Ян Мялешка, Даніла Солтан і Рыгор Трызна.

Жыровіцкі абраз прыцягваў сотні тысяч пілігрымаў. А пасля далучэння Беларусі да Расіі Жыровічы адышлі да праваслаўнай царквы. Але на працягу чатырох стагоддзяў Жыровічы рабавалі чужынцы з захаду і з усходу, з поўдня і з поўначы. А рабаваць было што, бо ў манастыры знаходзілася вялікая бібліятэка, архіў і свая друкарня. А ў 1842 годзе біскуп Язэп Сямашка пачаў у Жыровіцкім манастыры спальваць уніяцкія старадрукі. Напачатку кнігамі распальвалі печы, а пасля яны гарэлі ў вогнішчы на пляцы. На працягу 10 гадоў паводле загаду Сямашкі спалілі некалькі тысяч беларускіх уніяцкіх старадрукаў. А тыя, што не згарэлі, укралі і вывезлі ў іншыя дзяржавы.

У архіве Санкт-Пецярбургскага аддзялення Інстытута гісторыі Расійскай акадэміі навук сёння шмат цікавых дакументаў, якія маюць непасрэднае дачыненне да гісторыі Жыровічаў. У фондзе былога прафесара Жыровіцкай духоўнай семінарыі Пракопа Нілавіча Дабрахотава (Максімава) значацца 2 492 адзінкі захавання збораў на польскай, лацінскай і старабеларускай мовах. Гэтыя сабраныя рарытэты Дабрахотаў вывез з Жыровічаў яшчэ ў 1845 годзе. Найперш гэта дэкрэт Слонімскага земскага суда па справе паміж Іванам Мялешкам і Данілам Солтанам за Жыровічы, 1609 года; выпіс са слонімскіх земскіх кніг запісу Івана Аляксандравіча Солтана аб перадачы маёнтка Жыровічы сваёй жонцы, 20.09.1572 года; пасланне кіеўскага уніяцкага мітрапаліта Антонія Сялявы да Жыровіцкага суперыёра Канстанціна Вітапольскага, 23.06.1653 года; спіс вучняў Жыровіцкай школы XVIII cтагоддзя; зборнік гістарычных звестак пра Жыровіцкі манастыр з апавяданняў і спраў старых людзей, што заслугоўваюць даверу, склаў Антоній Завадскі, 1713 год; кніга найдаўнейшых цудаў абраза Жыровіцкай Маці Божай, XVII cтагоддзя; акт продажу Данілам Солтанам маёнтка Жыровічы з прысёлкамі літоўскаму канцлеру Льву Сапегу, 06.07.1621 года; вопісы Жыровіцкага манастыра — 1753 г., 1778 г., 1785 г., 1800 г. і іншыя. Там захоўваюцца таксама пратаколы Жыровіцкай генеральнай кангрэгацыі айцоў базыльянаў, 1792 года; нумары штодзённага часопіса суперыёраў Жыровіцкага манастыра, 1772–1786 гадоў; заўвагі Паўла Дабрахотава з гісторыі Брацтва пры Жыровіцкім абразе Маці Божай, 1837–1863 гадоў, і дзесяткі іншых каштоўнасцей.

У архіве Санкт-Пецярбургскага аддзялення захоўваюцца і копіі дакументаў пра мястэчка Жыровічы, зборнік гістарычных звестак пра Жыровічы, 1713 года, апісанне Жыровіцкага манастыра ў 1713 годзе, панегірык шведскаму каралю Густаву Адольфу на лацінскай мове, складзены ў Жыровічах, а таксама зборнікі Антонія Завадскага, дзе маецца шмат звестак пра Жыровічы і суседні з Жыровічамі Быцень.

Беларускія літаратуразнаўцы і гісторыкі Адам Мальдзіс і Язэп Янушкевіч выявілі ў аддзеле рукапісаў фонду базыльянскіх манастыроў навуковай бібліятэкі Нацыянальнай акадэміі навук Украіны ў Львове матэрыялы на польскай мове пра апісанне цудаў у Жыровічах 1758 года, апісанне цудаў у манастырскай царкве ў Жыровічах 1620–1756 гадоў. А ў Нацыянальным дзяржаўным гістарычным архіве ў Львове гэтымі навукоўцамі знойдзены звесткі пра гісторыю царквы ў Слоніме, выяўлены кніга ўліку прыхаджан, якія спавядаліся ў царкве ў Жыровічах у 1791–1800 гадах, звесткі пра маёмасць манастыроў у Быцені і ў Жыровічах, матэрыялы базыльянскага манастыра ў Жыровічах, справаздача аб праверцы бібліятэкі Жыровіцкага вучылішча ў XIX стагоддзі, справа аб папаўненні бібліятэкі ў Жыровічах (XIX cт.) і справа пра уніяцкія кнігі, канфіскаваныя ў Жыровічах.