Іван Вішнеўскі яшчэ і пісьменнік. Сем яго кніг, выдадзеных у Штатах, сталі бестселерамі. Тэма — амаль “па Карнегі”: як максімальна выкарыстаць свае творчыя магчымасці. Адна з кніг была надрукавана ў Маскве на рускай мове, а ўвесь прыбытак ад яе продажу пайшоў на патрэбы Беларусі.
Зямляк-мільянер меркаваў “прывезці” у Беларусь буйны бізнес Штатаў, каб укласці мільярды даляраў у беларускую эканоміку. Нават быў распрацаваны план будаўніцтва ў Мінску гасцініц, офісаў і катэджаў. Была размова і пра Слонім. Але хуткія палітычныя змены і нестабільнасць Беларусі насцярожылі Івана Вішнеўскага. Усе планы і задумкі так і засталіся няздзейсненымі. Але хочацца верыць, што не ўсё яшчэ страчана. Бо ў Слоніме ёсць што будаваць і рэстаўрыраваць.
Да вайны і ў час акупацыі ў Слоніме жыў паэт, журналіст і палітык Сяргей Сіняк (Хмара). У 1939 годзе ў Вільні ён выдаў зборнік паэзіі “Жураўліным шляхам”.
Пасля вайны Сяргей Хмара жыў у Канадзе, выдаваў беларускія газеты і часопісы.
Яго дачка — Магдалена Сіняк — узначальвае этнічнае тэлебачанне ў Таронта, выдала кнігу на англійскай мове “Беларусы ў Канадзе”.
Жыў у Канадзе яшчэ адзін наш зямляк Рыгор Акулевіч. Ён нарадзіўся ў вёсцы Вялікая Кракотка, быў адным з арганізатараў гурткоў Грамады і ТБШ, бібліятэкі імя Янкі Купалы ў сваёй роднай вёсцы. Ратуючыся ад рэпрэсій з боку польскіх уладаў, выехаў у 1928 годзе ў Канаду. Там быў адным са стваральнікаў Федэрацыі рускіх канадцаў і яе друкаванага органа — газеты “Вестник”. Выдаў кнігі “Рускія ў Канадзе”, “50 год Беларускай рэспубліцы”.
З Канады вернемся ў Еўропу, найперш у сталіцу Бельгіі горад Брусель, дзе цяпер пражывае вядомы ў Бельгіі фармацэўт-гамеапат Лаўрэн Клыбік (памёр у 2005 годзе).
Нарадзіўся наш зямляк у вёсцы Хадзявічы Слонімскага раёна ў 1928 годзе. У час вайны немцы вывезлі яго ў Германію. Жывучы на Захадзе, Лаўрэн Клыбік скончыў вячэрнія курсы лонданскага “Фінчлей каледжа” і Лювенскі уні-версітэт у Бельгіі. Спачатку працаваў кіраўніком аптэкі ў Бруселі, а пасля ў Мехіліне. Маючы выдатную практыку, у 1996 годзе адкрыў сваю ўласную аптэку. Добры кантакт з кліентамі, карысныя парады аптэкара пачалі прыцягваць людзей. Ён нават сам стварыў некалькі прэпаратаў, якія да сённяшніх дзён карыстаюцца попытам не толькі ў Бельгіі, але і ў іншых краінах.
У 1977 годзе наш зямляк зацікавіўся гамеапатыяй (гамеапатыя — слова грэчаскага паходжання, складаецца з двух слоў: homois — падобны, pathos — хвароба, што азначае “лячыць падобным”), паступіў на вячэрнія курсы га-меапатычнай школы ў Бруселі, а праз чатыры гады адкрыў ужо сваю лабараторыю.
Пасля абароны навуковай працы “Кава і яе ўздзеянне на чалавечы арганізм” Лаўрэн Клыбік быў прыняты ў Асацыяцыю гамеапатаў Бельгіі. Яго праца выклікала вялікую цікавасць у многіх краінах Еўропы. Яна была апублікавана ў медыцынскіх часопісах Францыі, Бельгіі і Беларусі. Адно з апошніх яго навуковых даследаванняў “Уплыў радыеактыўнасці на жывыя арганізмы” выйшла з друку на французскай мове ў Бруселі ў 1995 годзе.
Цяпер не часта наш зямляк бывае на Бацькаўшчыне, але ён па-ранейшаму падтрымлівае сувязь з беларускімі медыкамі для апрабавання гамеапатычных сродкаў супраць хвароб, выкліканых радыяцыяй на тэрыторыі Беларусі, якая забруджана радыенуклідамі ў выніку чарнобыльскай катастрофы. “Хоць усё маё свядомае жыццё праходзіць далёка ад Беларусі, — гаворыць спадар Лаўрэн, — я заўсёды думаю, як дапамагчы людзям на Бацькаўшчыне”. А нядаўна слонімскі фармацэўт у Бельгіі перадаў для музея “Беларусы ў свеце”, які існуе ў Мінску ў Цэнтры імя Ф. Скарыны, некалькі каштоўных рэліквій. Гэта вышыты беларускім арнаментам касцюм, у якім Лаўрэн Клыбік выступаў у час вучобы ў Лювенскім універсітэце, дакументы, фатаграфіі 40 — 50-х гадоў, звязаныя з жыццём і дзейнасцю беларускай эміграцыі…
Да сказанага пра нашага фармацэўта ў Бельгіі хочацца дадаць, што Лаўрэн Клыбік жанаты з бельгійкаю Жанін Сакрэ. Яны маюць дзвюх дачок Сафію і На-дзею, а таксама ўнукаў — Бенжамена і Валянціну.
З Бельгіі завітаем да слонімцаў у Парыж. Дарэчы, класік французскай паэзіі Гіём Апалінэр (сапраўднае прозвішча Уладзімір Аляксандр Апалінарый Кастравіцкі) быў родам з Кастравіцкіх. Гэты род пачынаецца з вёскі Кастровічы Слонімскага раёна. Адсюль была родам маці Гіёма Апалінэра, якая паходзіла з гэтага роду Кастравіцкіх, а Гіём з’яўляўся яе пазашлюбным сынам.
Сёння ў Парыжы пражывае з сям’ёй славуты на ўсю Еўропу спявак з вёскі Какошчыцы Аркадзь Валадось.
Аркадзь Валадось — вядучы барытон Францыі. Ён вучыўся ў Белдзяржфілармоніі ў дацэнта С.Асколава, пасля закончыў Санкт-Пецярбургскую кансерваторыю, дзе пазнаёміўся з французскай спявачкай, якая моцна закахалася ў слонімскага хлопца. Яны пажаніліся і ў 1979 годзе пераехалі жыць у Парыж.