Тут найлепшы мясцовы музей ва ўсёй Беларусі, музей, які не саступіць і абласному. Прынамсі, ён быў такі, пакуль жыў яго заснавальнік і дырэктар на працягу дзесяткаў год І. Стаброўскі. Пры апошнім наведванні музей мне спадабаўся менш. Экспазіцыя горшая, некаторыя вельмі цікавыя рэчы ў запасніку, а менш цікавыя занялі іх месца.
Прамысловасць тут, галоўным чынам, харчовая, лёгкая (ільнозавод, фабрыка тэкстыльная і мастацкіх вырабаў) і металаапрацоўчая.
А вакол колькі ўсяго! Канал, пабудаваны дзядзькам кампазітара Агінскага, цікавы папярова-кардонны камбінат у Альбярціне, унікальная ў сваёй прыгажосці і суровасці не толькі на Беларусі, але і ва ўсёй Еўропе царква-крэпасць у Сынко-вічах, такая сумнаадлучаная ад усяго сярод масіваў яблыневых садоў. І комплекс былога уніяцкага манастыра ў Жыровічах (XVII ст.) з неацэнным сваім жывапісам…”.
Захапляўся Уладзімір Караткевіч і Бяздонным возерам, цікавіўся старажытна-славянскім могільнікам V — IX стагоддзяў, што ля вёскі Клепачы. Пра гэта ён пісаў у сваім рамане “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”.
Уладзімір Караткевіч пражыў усяго 54 гады. Ён заўсёды радаваўся сустрэчам са слонімскай зямлёй і яе людзьмі. Зямля наша захавала яго сляды, а мае землякі — памяць пра пісьменніка.
2000
Наш Тадэвуш Касцюшка
Нядаўна стала вядома, што плануецца рэканструкцыя сядзібы Тадэвуша Касцюшкі ва ўрочышчы Мерачоўшчына, што ў Івацэвіцкім раёне. Некалькі гадоў назад імя славутага палітыка Рэчы Паспалітай, кіраўніка нацыянальна-вызваленчага паўстання 1794 года было ўвекавечана — у Мерачоўшчыне ўстанавілі мемарыяльны знак і памятную дошку.
Мемарыяльны комплекс-сядзіба павінен быць уключаны ў турыстычны бізнез. Таму ў планах яшчэ — аднаўленне палацава-паркавага ансамбля Пуслоўскіх, Косаўскага палаца, які знаходзіцца побач з месцам, дзе нарадзіўся Тадэвуш Касцюшка.
Метрыка
У ліпені 1987 года Слонім наведаў беларускі пісьменнік Яраслаў Пархута. У апошнія гады свайго жыцця ён шмат падарожнічаў па родным краі, сустракаўся з людзьмі, пісаў пра знакамітых беларусаў. Падчас візіту ў Слонім ён вельмі цікавіўся Язэпам Стаброўскім, Гальяшом Леўчыкам і іншымі вядомымі слонімцамі. Гідам Яраслава Сільвестравіча па Слонімшчыне надарылася быць мне. За некалькі дзён мы аб’ездзілі і абышлі амаль увесь раён. Старэйшы пісьменнік ведаў даволі шмат пра гісторыю, археалогію і прыроду Беларусі, яе знакамітых людзей. Седзячы ў скверыку ў цэнтры Слоніма, ён мне расказваў цікавыя гісторыі і пра Тадэвуша Касцюшку, з радзімы якога быў родам і сам. З яго расказу на ўсё жыццё мне запомніўся такі факт:
— У адзін з апошніх прыездаў у Косава, — пачаў свой аповед Яраслаў Пархута, — сустракаю сваю стрыечную сястру Зіну Мушынскую. “Ты, ведаю, цікавішся Касцюшкам, — кажа яна. — Тады хадзем да бабы Ганны”. І павяла мяне на вуліцу Мічурына. Ішоў я следам і згараў ад нецярпення: у чым справа? Але Зіна па-змоў¬ніцку маўчала. Каля хаты пад нумарам 15 спыніліся. Заходзім. Вітаемся з гаспадыняй. Зіна кажа: “Хочам пабачыць Касцюшкаву метрыку...”. “Вось яно што!”— ледзь не вырвалася ў мяне. А Ганна Валчэцкая дапытліва паглядзела на мяне, відаць, пазнала і неяк надзвычай добразыч¬ліва сказала: “Яна на сцяне... Гля¬дзіце, дзеткі. Што трэба, тое і гля¬дзіце...”. Толькі пасля гэтых слоў я звярнуў увагу на рамку. Пад шклом яе было тое, што многія шукалі.
З дазволу гаспадыні я зняў са сцяны рамку. Асцярожна паклаў на стол . Яна была даволі старая. Нават шашаль паспеў яе патачыць. Але што мне была тая рамка. Пад шклом у левым верхнім кутку — здымак Касцюшкавага дамка. Дамок гэты быў пабудаваны з лістоўніцы. Я добра памятаю яго. Акрамя здымка ў гэтай рамцы, найвялікшаю каштоўнасцю была фотакопія тэксту, узятага з касцёльнай кнігі, які сведчыў, калі, дзе і хто хрысціў Касцюшку. Пісаны ў першай палове XVIII стагоддзя гусіным пяром, ён цяжка паддаваўся чытанню. Таму ніжэй быў дададзены лісток паперы з машынапісам. Ён пажаў¬цеў ад часу, але чытаць можна было. У перакладзе з польскай мовы тэкст гучаў так: “1746. 12 лютага пастар Раймунд Корсак , прыёр ХХ дамініканаў гошчаўскіх, ахрысціў немаўля, сына законных бацькоў, імем Андрэй-Тадэвуш-Банавентура, — яснавяльможных Люд¬віка-Тадэвуша і Тэклі з Ратомскіх Касцюшкаў, мечных ваяводства Брэсцкага. Кумамі былі: в. пан Казімір Наркускі, староста Куш¬ліцкі, і в. пані з Пратасевічаў Сухадольская; в. пан Адам Пратасевіч, падстароста пінскі, і в.панна Сухадольская, пісароўна земская слонім¬ская”. Нумар таго запісу ў касцёльнай кнізе быў 478. Адсюль гісторыкі і лічаць, што Тадэвуш Касцюшка нара¬дзіўся 12 лютага 1746 года, хаця нарадзіўся ён крыху раней.