Выбрать главу

Уздыхаў Васіль Пракопавіч са слязою уваччу. Прадчуваў штось нядобрае. Яго забралі з урокаў. Добра яшчэ, што не пасадзілі, не катавалі, не выслалі ў месцы сіберна-аддаленыя. Перавялі ў глухі кут Слонімскага раёна. Міколава кватэраванне ў настаўніка на гэтым скончылася.

Дзякаваць, у начлезе яму не адмаўляў далёкі сваяк — бібліятэкар Аляксандр Іванавіч Жыткевіч — кніжнік, заўзятар, які ў сваёй хаце, у светлай палове, узяўся аднавіць колішнюю слынную бібліятэку імя Янкі Купалы. Падчас начлегу на лаве Мікола Арочка адчуваў у галавах праз дашчаную абклееную газетамі сценку вячыстае свячэнне славутых постацяў беларускіх песняроў, іх запаветаў. У прывідным судакраненні з імі юнаму начлежніку тая лава здавалася зусім не мулкай.

Магчыма, ужо тады ў душы пачаткоўца пачала зараджацца адна з яго ранніх паэм “Сын”, прысвечаная дзядзьку Шурку — Аляксандру Жыткевічу, які спазнаў палон, жахі вайны (нявыдуманая калізія твора!). Перад вусцішнай музыкай яго пратэзу нерухомела незабыўная цёця Уладзя, калі з Міколам Аўрамчыкам яны, нагружаныя пакункамі кніг, прыязджалі ў гістарычна-слынную купалаўскую бібліятэку ў вёску Вялікая Кракотка. Валянцін Таўлай, які за паўгода перад гэтым наведваўся сюды, на радзіму, як старшы навуковы супрацоўнік музея Янкі Купалы ў Мінску, найпершы памочнік, “правая рука” Уладзіславы Францаўны, ужо не з’явіўся з пісьменніцкай групай. На вялікі жаль, яго падкошанага турмамі, пасля зацяжной хваробы не стала. Цёця Уладзя, згадвае Мікола Арочка, выступаючы перад чытачамі бібліятэкі, успамінала, як цяжка яна перанесла гэту страту.

Некалькі слоў пра незвычайны феномен таго часу — ускалыхнутую цягу да вучобы. Высокая хваля гэтага феномену пракацілася тады па ўсёй Беларусі, асабліва Заходняй, дзе польскі асіміляцыйны этнацыд вынішчыў усе беларускія школы, гімназіі, семінарыі, ліквідаваў рэшткі легальна-асветніцкай працы Таварыства Беларускай Школы. Акупантам заўсёды больш зручна і бяспечна было трымаць запрыгоненае людзтва ў галечы сацыяльнай і духоўнай. Беларускае грамадства проста зацярпелася, засумавалася па айчыннай навуцы, па асвеце — дзеля нацыянальнага адраджэння.

Дарэчы, нямецкія захопнікі адчулі вялікую выйгрышнасць ад пралому гэтай асіміляцыйнай плаціны сваіх папярэднікаў. І тады ў гэты пралом, учынены наўмысна, з разлікам, хлынуў напор юнацкай прагі асветы. Сёння ўсё яшчэ сарамліва замоўчваецца тое віраванне асветніцкіх памкненняў, што, як разводдзе, ахапіла шматлікія згуртаванні і формы Саюза беларускай моладзі (СБМ), дазволенага нямецкімі ўладамі. Галоўны камісар Кубэ таму, відаць, і стаўся асабліва небяспечным, што дазволіў моладзі рынуцца ў прабоіны плаціны, нават прыўздымаў яе, спадзеючыся, што СБМ неўзабаве паможа круціць вынішчальныя жорны акупацыі. Вядома, пад зманлівы ўсплёск дужа прыцягальнай ідэі — служэння Бацькаўшчыне.

Ідэя ў сваёй патэнцыяльнай разбуджанасці аказалася і сапраўды невынішчальнай. Прычым настолькі захапляюча-магутнай, што феномен прагавітай цягі да навукі, духовай асвечанасці не знік з нямецкай акупацыяй, а перакінуўся ў пасляваенны час, як самы жыццядзейны чыннік ажыўлення і адбудовы нацыі.

Да пачаткоўца Міколы Арочкі, у яго спробы пяра не адразу прыходзіла абуджаная нацыянальным жыццём вялікая мэта, без якой, як ён адчуў, няма сэнсу асабістага існавання. Шкодзіла толькі пакалечанасць культаўскім пострахам. Прыходзілася часам, як успамінае Мікалай Мікалаевіч, апусціўшы вочы, глытаць ганьбаванне жыццёва-дасведчаных дзядзькоў, якія чыталі, здаралася

Яго практыкаванні одапісу. Што казаць: грашыў на старэйшых гледзячы. Дый дзеля ўласнай перасцярогі, спазнаўшы першыя кіпці ліхога “варанка”. Штосьці прасачылася і ў рэспубліканскі друк. “Сорамна прыгадваць, — кажа Мікола Арочка, — але тыя вершаскладанні былі заўважаны”. І вучань Азярніцкай сярэдняй школы неспадзявана атрымлівае выклік у Мінск на Трэцюю рэспубліканскую нараду маладых пісьменнікаў. Гэта быў 1950-ты год.

Як усцешна і ўзрушальна было сустрэцца са славутым песняром Беларусі, жывым класікам Якубам Коласам (перад ім ужо быў грэх паэмнага пераймальніцтва!), чуць яго зычлівыя запавяданні, услухацца ў яго мякка-дрыготнае чытанне новых частак паэмы “На шляхах волі”, а на ростані — сумнаватае прызнанне наконт усё большай узроставай “цягі” зямлі.

У часе абмеркавання творчасці маладых Мікола Арочка дранцьвеў ад сораму, калі старонкі яго сшыткаў з вершаскладаннем перабіралі-перагортвалі Максім Танк, Алесь Бачыла, Анатоль Вялюгін, Аляксей Русецкі. Затое з якім досціпам ён услухоўваўся ў зычліва-крытычны разгляд набытку яго калег — Сцяпана Гаўрусёва, Пятруся Макаля, Віктара Шымука. Не кажучы пра разгляд досыць сталага плёну Сяргея Дзяргая, Аляксея Пысіна (паводле яго набытку прымалі ў члены Саюза пісьменнікаў, іншых — у кандыдаты). Ці думалася, што ў тое пераломнае дзесяцігоддзе Міколу прыдзецца ад многіх з іх чуць не толькі настаўніцкае спрыянне, але ўжо і супольна набываць новыя ўрокі ломкі старога ўкладу і творчага абнаўлення?