Выбрать главу
Мне хоць глыток адзіны Адтуль, з Радзімы, З пушчаў і гаёў, Дзе сэрца працінаў мне рык зубрыны, Дзе рагачы вялі мяне з гайнёй, Дзе я, ўчапіўшыся каню у грыву, Кідаўся ў стромы Нёмана, Дняпра! Сын палясоўшчыка, Я — з тых мыслівых, Якія ў жылах чуюць кроў зубра!

Дзівуецца Скарына: “чаму мы толькі ў немачы або з-за краты шчымліва б’емся ў дзверы роднай хаты?”. Спроба Гусоўскага даць адказ, “бо тут чужына душ” толькі развярэджвае закратны роздум Францішка:

Чужына душ? Вось, браце, сэнс цяжкі! Мне ад яго аж непамысна штосьці. Ды на Радзіме, любай з маленкосці, Свае хіба не ходзяць чужакі?!

Вобраз зубра, загнанага хіжымі лаўцамі ў пастку, стрыножанага, з колцам у пысе, распярэшчанага ў мішэнь для спрыту і збройнага рыштунку, са стрэламі ў баках, — балюча-шматзначны “пасвежаваўшы волата, на скуры разлягуцца, учыняць шумны баль…”. Скарына:

За гэтай прытчай бачу я, на жаль: Не баль яны спаўняюць, А хаўтуры!

Аўтар “Песні пра зубра” са скрушнасцю дадае:

Арканяць край, не цямячы, што робяць! З расколіны зжахнецца яшчэ свет!

Свет бачыць. Але заступніцтвам не абцяжарваецца. У разуменні штось прамаўляе (“Ды сёння ў яме ад таго хіба лягчэй зубру?”). Драматычныя сцэны такога кшталту (“Начная размова з Іовам” і іншыя) маюць актуальны падтэкст, вярэдзяць, філасафічна набліжаюць да ісціны…

* * *

Міколу Арочку сёння рэдка калі можна застаць за пісьмовым сталом у роднай хаце ў Вецявічах. Ён часцей працуе з рыдлёўкай ці касой у руках, або на пашы з роварам пры дробнакапытнай жыўнасці, з нязменным лазовым кошыкам, у якім ляжаць кнігі і рукапісы ў цалафанавых мяшэчках. Яго пісьмовы стол — зялёны палетак, выпас, пянёк на ўзлеску, услончык ці ўласныя калені. Ідзе апошнім часам паглыбленне і выспяванне ў варыянтах і адпрацоўках новай драматычнай паэмы “Каранацыя Міндоўга”, каб дадацца да гістарычнага трыпціху двух папярэдніх паэм. А яшчэ з-пад яго рук, са “стала зялёнага” просяцца ў шырока разнятую “самааповесць” два новыя аповеды — “Пёрка купрапаткі” і “Бацькоўскі край”.

Трагічныя штрыхі закраліся ў яго светаадчуванне пасля таго, як яго два акрутна загубленыя сыны (паэма “Страта”, “Малітва сына Віталія”) перабраліся на пагорак паўскрай вёскі Вецявічы, пад навісла-плакучыя бярозы. Таму дзядзька Мікола, як я яго называю, са сваёй паплечніцай цёткай Марыяй апынуліся тут, у спадчыннай бацькоўскай хаце на Слонімшчыне. Выгадавалі, дзякаваць Богу, кругла асірочанага ўнука Валерыка. Тут, у сялянскім асяроддзі, куды пішчом лезе стратнасць красы духоўнай, яшчэ жыве стыхія беларускасці, роднай мовы, свежай, непакананай гаючасці прыроды. Спрыяльна ўзнаўляе і кампенсуе мазольныя выдаткаванні дотык да роднай зямлі, рэальнае адчуванне каранёвай сувязі з ёй.

І, як покліч, стукаецца ў сэрца ўзмоцненая запатрабавальнасць самапазнання.

2004

Служыў Богу і людзям

У сакавіку 2004 года на сесіі Рады польскага горада Гданьска было прынята рашэнне надаць адной з вуліц гэтага горада імя Лукаша Дзекуць-Малея. З гэтай ініцыятывай выступіў Цэнтр хрысціянскай літаратуры, якую падтрымалі форум супрацоўніцтва евангельскіх хрысціян і беларускае таварыства ў Польшчы “Хатка”.

Пасля прыняцця гэтай пастановы на пасяджэнні Рады горада Гданьска з падзякаю выступілі — старшыня беларускага культурнага таварыства “Хатка” Алена Глагоўская, сын Лукаша Дзекуць-Малея — Данель (Даніла), прэсвістэр хрысціян-паптыстаў Міраслаў Паталён. На сесіі прысутнічалі таксама ўнучка Лукаша Дзекуць-Малея — Альжбета і пастар хрысціян-баптыстаў Роберт Мікса.