Выбрать главу

На другі дзень на гарнізонных могілках у Гданьску былі ўскладзены кветкі на магілу Лукаша Дзекуць-Малея і яго жонкі Серафімы. На помніку святара напісана: “Тут спачывае ў Богу наш любімы Тата с.п. Лукаш Дзекуць-Малей.1.10.1888 — 20.1.1955. Казаў Ісус, хто ў Мяне верыць, хоць бы памёр, але будзе жыць. Св. Ян XI 25”.

Праўда, энцыклапедычны даведнік “Рэлігія і царква на Беларусі” (Мн., 2001, с.92) напісаў, што Лукаш Дзекуць-Малей памёр у ЗША. Але, як бачыце, гэта далёка не так. Таму хочацца сёння прыгадаць пра жыццё і рэлігійную дзейнасць гэтага мужнага, таямнічага і шчырага чалавека, які ўсё жыццё добрасумленна служыў Богу і людзям. А яшчэ — ён мой зямляк — родам са Слоніма. Тут ён нарадзіўся ў сям’і настаўніка ў 1888 годзе. У родным горадзе Лукаш Дзекуць-Малей скончыў сярэдняе вучылішча, а пасля — першыя беларускія настаўніцкія курсы ў Вільні. Наведваў два гады і рэлігійныя курсы ў Пецярбургу.

Калі яго прызвалі ў расейскую армію, службу праходзіў у Беластоку. Там наш зямляк пазнаёміўся з веруючымі евангелістамі і пачаў наведваць іх царкву. А пасля вырашыў прыняць воднае хрышчэнне. Гэта духоўная ўрачыстасць адбылася ў навагоднюю ноч 1912 года ў палонцы пры 40 градусным марозе на рацэ Супрасль.

У часы Беларускай Народнай Рэспублікі, Лукаш Дзекуць-Малей на Гродзенскім беларускім сялянскім з’ездзе быў абраны ў Гродзенскую павятовую раду і ў аргкамітэт па скліканню краёвага Беларускага з’езда Гродзеншчыны. За выступленні ад імя Беларускай Народнай Рэспублікі быў арыштаваны, але хутка выпушчаны. Летам 1919 года ён узначаліў Гродзенскую цэнтральную настаўніцкую раду. А пасля становіцца кіраўніком беларускага нацыянальнага камітэта і старшынёю Беларускай школьнай рады ў Гродне, уваходзіць у склад прэзідыума цэнтральнай беларускай школьнай рады. У Гродне наш зямляк знаёміцца і бярэ шлюб з настаўніцай Серафімай Кішка. Усё жыццё яна моцна кахала свайго мужа, заўсёды была з ім побач. У іх нарадзілася пяцёра дзяцей. Перад самай вайною Лукаша і Серафіму арыштуюць органы НКВД і сашлюць іх ажно ў Казахстан. Але святара хутка вернуць на Радзіму і пасадзяць ў турму, а жонку — не. Серафіма на чужбіне перажыве тры інфаркты, там шмат будзе працаваць на лесапавале, але міласць Божае іх зберажэ. І толькі ў 1946 годзе яны сустрэнуцца з дзяцьмі ў Беластоку. Пражывуць яны разам яшчэ сем гадоў — Серафімы не стане ў 1953 годзе, а Лукаша — у 1955-м.

Пасля таго, як бальшавікі разгоняць Беларускую Народную Рэспубліку, а палякі захопяць Заходнюю Беларусь, Лукашу Дзекуць-Малею ўдасца пазбегнуць розных арыштаў, а прыехаць у Брэст і вясці місіянерскую працу. За ягоным часам Брэст становіцца евангельска-баптысцкім цэнтрам у Беларусі. Часопіс “Маяк” за 1926 год (№ 9) пісаў пра з’езд баптыстаў Польшчы на якім выступіў з дакладам і Дзекуць-Малей, які, у прыватнасці, адзначыў, што “у горадзе Брэсце пачало прапаведавацца Евангелле з 12 снежня 1921 года. Цяпер знаходзіцца ў Брэсце і раёне 695 членаў. У 1926 годзе, да сённяшняга часу, прынята праз святое воднае хрышчэнне 197 чалавек. Дзейнічае 19 абшчын і каля 70 месц, дзе бываюць сходы”.

На гэтым з’ездзе наш зямляк быў абраны намеснікам старшыні прэзідыума Саюза славянскіх баптыстаў Польшчы. Наогул, у Брэсце тады праходзіла шмат розных з’ездаў, канферэнцый, сустрэч, якія арганізоўваў Лукаш Дзекуць-Малей. Ён арганізоўваў таксама агульнаасветніцкія, прафесійныя, агародніцкія і пчалярскія курсы. Для дзяцей-сірот стварыў прытулак. Яму належаць і першыя крокі на ніве перакладу. З 1920-га да 1924 года пераклаў на беларускую мову 17 рэлігійных брашур з польскай і рускай моў. Разам з Антонам Луцкевічам пераклаў на беларускую мову і выдаў “Новы Запавет і Псальмы”, а таксама Евангелле ад Лукі, Іаанна і Мацвея. Лукаш Дзекуць-Мацей перакладае на беларускую мову і малітоўнік, які пабачыў свет у 1942 годзе ў Мінску.

Шчыра сябраваў з Лукашом Дзекуць-Малеем і прадстаўнік беларускага касцёла метадыстаў Ян Пятроўскі (1905-2002). Я шмат гадоў з Пятроўскім перапісваўся, ён жыў у горадзе Гейнсвіл штата Фларыда. Успамінаючы пра Дзекуць-Малея, спадар Пятроўскі прыгадаў адзін выпадак: “Быў 1935 год. Аднойчы я наведаў вёсачку недалёка ад Дзярэчына. Да мяне падышла беларуская маладзіца і звярнулася з просьбаю:

— Брат Пятроўскі, — сказала яна. — Калі вы наведаеце нас яшчэ раз, то прывязіце мне евангельку , ды каб гэта рускую. Дзяўчына ад сціпласці апусціла вочы.