Выбрать главу

Мікалай з братам былі католікі, а сястра — праваслаўная. Але бывала так, што на святы ўсе разам наведвалі і каталіцкія, і праваслаўныя слонімскім храмы. Адным словам, у Слоніме Казакевічам жылося вельмі добра. Але калі сястра скончыла ліцэй і паступіла ў Віленскі універсітэт, нашы землякі ў Слоніме ўсё прадалі і пераехалі ў Вільню, дзе купілі трохі зямлі і невялікі домік на скрыжаванні вуліц Пілсудскага і Наваградскай.”На гэтым участку, — успамінаў Мікалай Казакевіч, — бацька планаваў пабудаваць мураваны дом з магазінам, а ўдалося яму толькі памяняць плот і пабудаваць мураваную пральню з пракладзеным водаправодам, унітазам і праточнай вадою. Гэта быў першы ўнітаз у маім жыцці. Будова планавалася пачацца ў 1939 годзе, але ў снежні 1938 года бацькі раптоўна не стала. Ён памёр ад запалення лёгкіх”.

Пасля смерці бацькі, для сям’і Казакевічаў наступілі нялёгкія часы. Але дзеці паціху атрымлівалі адукацыю. Мікалай, пасля агульнай школы, вучыўся ў мужчынскім ліцэі імя караля Зыгмунда Аўгуста, а потым — у беларускай гімназіі.

Калі пачалася вайна, юнак быў моцна паранены. А калі паправіўся, працаваў фізічна на розных работах, а пасля вайны нават быў арыштаваны органамі НКВД. З кіпцюроў НКВД дапамог вызваліцца ягоны сябра.

У другой палове 40-х гадоў Казакевічы пераязджаюць у Польшчу і Мікалай паступае на філасофскі факультэт Варшаўскага універсітэта, які закончыў са ступенню магістра. Пасля абараніў доктарскую дысертацыю, стаў прафесарам.

У 1947 годзе наш зямляк уступае ў сялянскую партыю Стронніцтво людовэ, а пасля яе аб’яднання з партыяй З’едночонэ стронніцтво людовэ (ЗСЛ), быў яе сябрам і да канца яе дзейнасці (да 1989 года) прымаў актыўны удзел у партыйнай рабоце.

Падчас ваеннага становішча ў Польшчы Мікалай Казакевіч быў адным з заснавальнікаў і членам Прэзідыума Часовай краёвай рады Патрыятычнага руху нацыянальнага адраджэння Польшчы (1982-1983 г.г.). У 1985 годзе ўпершыню стаў дэпутатам Польскага Сейма. Быў намеснікам старшыні парламенцкай камісіі нацыянальнай адукацыі і моладзі, а таксама членам камісіі па навуцы і тэхнічнаму прагрэсу. У Сейме Х склікання (1989-1991 г.г.), выбраным згодна з рашэннем пагадненняў дасягнутых з дэмакратычнай апазіцыяй, выконваў абавязкі дэпутата ад партыі ЗСЛ, а пасля ад партыі Польске стронніцтво людовэ. З 4 ліпеня 1989 года быў спікерам парламента да датэрміновага яго роспуску. А ў 1991 годзе зноў абіраецца дэпутатам Сейма і прымае актыўны ўдзел у парламенцкіх камісіі замежных спраў, канстытуцыйнай камісіі Нацыянальнага Сходу, спецкамісіі па абмеркаванню праектаў канстытуцыйных законаў “Хартыя правоў і свабод”.

Наш зямляк у свой час актыўна прадстаўляў польскі парламент на міжнародным форуме як прадстаўнік дэлегацыі Сейма і Сената Рэспублікі Польшча ў Паўночнаатлантычнай Асамблеі. Ён уваходзіў у склад заснавальніцкай рады Народна-дэмакратычнай партыі Польшчы.

Спіс усіх палітычных пасад Мікалая Казакевіча можна яшчэ працягваць. Але акрамя палітыкі, наш зямляк з Альбярціна актыўна займаўся і навукай. Ён працаваў у аддзеле сацыялогіі Інстытута развіцця вёскі і сельскай гаспадаркі Польскай Акадэміі навук. Быў заснавальнікам Польскага педагагічнага таварыства і намеснікам старшыні Міжнароднай федэрацыі планавання сям’і Рэгіёна Еўропы. Мікалай Казакевіч напісаў і выдаў дзесяткі кніг па педагогіцы, філасофіі, выхаванню і сацыялогіі, а таксама кнігу парламенцкіх мемуараў “Быў я маршалкам кантрактнага...”. Навукова-папулярныя яго кнігі для моладзі і пра моладзь выдаваліся ў Варшаве, Жэневе, Рыме, Лондане і ў іншых гарадах свету.

Мікалая Казакевіча не стала ў 1998 годзе. Ён пахаваны ў Варшаве. Кожны раз пры жыцці, калі журналісты прасілі нашага земляка расказаць пра сваё жыццё, ён заўсёды прыгадваў родны Альбярцін 20-х — 30-х гадоў мінулага стагоддзя: “Альбярцін раскінуўся на пласкагор’і, якое апускалася з поўначы на поўдзень у напрамку невялікага возера. У гэтай частцы пасёлка знаходзіўся падобны на класічны палац графаў Пуслоўскіх. Яго фасад трохі напамінаў Палац на Вадзе ў Лазенках у Варшаве. Гэтую прыгожую сядзібу Пуслоўскіх акружаў намнога прыгажэйшы за яе ліставы парк. На другім канцы Альбярціна стаялі пабудовы кляштара айцоў езуітаў грэка-каталіцкага абраду. Белыя муры кляштара напаміналі казармы, але шматлікія і мілагучныя званы заўсёды пераконвалі, што гэта сакральны аб’ект і сядзіба яго слуг. Недалёка ад нашага дома на высокім падмурку стаяла драўляная каплічка каталіцкага касцёла. У нядзелю выразна быў чуваць ціхі звон, які заклікаў вернікаў на набажэнства. А штодзень апоўдні адбываўся арганізаваны манахамі канцэрт царкоўных званоў...”.