Выбрать главу

(Зборнік “Ушанаванне”. С. 240).

Паводле народнай легенды, у 1470 годзе на лясной дзікай грушы пастушкі знайшлі абразок. Абразок яны заняслі ў маёнтак Аляксандру Солтану. На тым святым месцы пабудавалі цэркаўку. А калі здарыўся пажар і цэркаўка згарэла, дзіўны абразок з’явіўся на камені недалёка ад крыніцы. На тым месцы быў пабудаваны новы храм. Цяпер там узвышаецца Яўленская царква. А абразок Жыровіцкай Божай Маці зберагаецца ва Ўспенскім саборы.

Алег Лойка ў сваёй паэме апісаў гісторыю Жыровіцкай святыні, склаў гімн Жыровічам. У абліччы Жыровіцкай Божай Маці , як піша Гіоргій Сіненка ў сваёй кнізе “Насуперак канону” (Мн.,1997.С.407-408) “праглядваецца ідэал беларускай жанчыны, які ўвабраў у сябе самыя прыцягальныя рысы нацыянальнага характару. Гэта не строгае аблічча святой Прамаці, якое глядзіць з іконы і заклікае да малітвы і пакаяння, а жывы вобраз беларускай жанчыны, азораны святлом красы і святасці, гэта — “Радзімы дух непарушны”, “Млечны наш Шлях прарочы!..” — пуцяводная зорка ў духоўным станаўленні і адраджэнні”.

Трэцюю паэму Алег Лойка назваў “На залатым перазове”:

Чыгуначныя перагоны, Слаўны ваш светлы гон, І я ў вас да ціхага скону Ўлюбёны з маленчых дзён…

(Зборнік “Ушанаванне”. С. 268).

Паэма своеасаблівая і арыгінальная. Паэт едзе ў электрычцы з Зэльвы да Баранавічаў. І апісвае тыя станцыя, якія праязджае. Згадвае гісторыю станцый, асабліва слонімскіх, людзей якія там жылі ці жывуць, падзеі, якія там адбываліся. У раздзеле “На Азярніцкім паўстанку” Алег Лойка вёску Азярніца называе сталіцай, бо тут жыла ягоная сястрыца, а ў Грынках “прысела бульба —зеляніцца качкай, іду я з маці, маці ідзе з гачкай”. Пасля Грынкоў — Чамяры, дзе жыў паэт і партызан Анатоль Іверс, а за Чамярамі адразу пачынаецца Слонім, пасля Альбертын і г.д.

У 2002 годзе Алег Лойка напісаў шчымлівую паэму “Плач зямлі Слонімскай”, якая ўвайшла ў яго паэтычны зборнік “Плач зямлі” (Мн., 2004). Рэфрэнам праз усю паэму праходзяць радкі паэта:

Нікому ніколі не дадзена знаць, Дзе нарадзіцца, дзе — сканаць. Ды ведаю я, знаю, Кім, дзе, калі сканаю, Любячы край свой родны, Што гіне беззваротна. Ды ў ім, любым і лядачым, Не ўзняць не магу галаву: Пакуль жыву, плачу, Плачу, пакуль жыву…

(Зборнік “Плач зямлі”. Мн., 2004. С.72).

Алег Лойка — паэт народна-слонімскі. Ён найбольш зразумелы нам, слонімцам. На Слонімшчыне яго ведаюць усе, нават тыя, хто ніколі ў жыцці не чытаў вершаў, хіба толькі ў школе. Тут у кожнай вёсцы ў яго ёсць сваякі і сябры. Пра лёс кожнага земляка Алег Антонавіч ведае ўсё, можа распавядаць суткамі цэлыя жыццёвыя гісторыі. І гэтыя гісторыі розныя: трагічныя, радасныя, шчаслівыя, смешныя. Паэма “Плач зямлі Слонімскай” — своеасаблівая гістарычная энцыклапедыя слонімскіх вёсак і яе жыхароў:

Азгінавічы, Сялявічы Жылі, Бога сэрцам славячы; Ламашы, Кастровічы Жылі, суседзям наровячы; Не зруселыя, не спольшчаныя, Жылі Шышкі і Сянькоўшчына; З Новадзевяткавіч Крэчыкі Жылі, няпраўдзе пярэчылі, Як і з Шундроў Маскалікі, Што зуб ні на кога не скалілі; Жылі, дзетак хрысцячы, жэнячы, Міжэвічы, Харашэвічы, Жылі, словы шчырыя мовячы, Бы ў Якімавічах Якімовічы, Бы ў Какошчыцах — Дабрыяны, Рукавы закасаўшы старанна; Талькаўскія негаротнікі, Без борцяў шчыравалі Бортнікі; Рыбнымі тонямі рышчучы, Нараставічы шчыравалі, Рышчычы; Жылі, жыць, дабрэць муселі, Бы ў Лапухове Мукасеі… Пілі не нарзан, рычэў не Тарзан, — Іншая слава вілася: З Васілевіч Пракоп — гучны партызан І ахоўнік Сталіна Ўласік…