Выбрать главу

(Зборнік “Плач зямлі”. С.72-73).

Асноўны раздзел кнігі “Плач зямлі” склалі вершы Алега Лойкі, які ён прысвяціў сваёй жонцы Ліліі, з якой пражыў усё жыццё. Нядаўна яе не стала:

Гора маё ты, гора Чарней усіх пячораў, Глыбей, чым учора, Гарчэй, чым пазаўчора…

(Зборнік “Плач зямлі”. С.47).

Сапраўды, Алег Антонавіч вельмі перажывае страту свайго любага чалавека — жонкі Ліліі. На ёй трымалася ўся гаспадарка ў доме на Віленскай вуліцы ў Слоніме. Я часта там бываў і бываю цяпер. Дом Алега Лойкі стаіць у прыгожым месцы. Адразу за агародам цячэ Шчара. А над Шчараю растуць бярозы і вербы. Тут заўсёды майму земляку добра пісалася і пішацца. Пра Шчару Алег Лойка напісаў дзесяткі вершаў. І вобраз сваёй Ліліі ён параўнаў нават з Шчараю:

Словы душу накалілі, Жару — поўны прыпол… Зямная, як Шчара, Ліля, Ратуй мяне, як анёл!

(Зборнік “Плач зямлі”. С.45).

У другім вершы пра Шчару паэт прызнаецца:

І я рады, што зразумеў: З гэтай радасцю — не таіцца, Што я шчасце вялікае меў Па-над Шчараю нарадзіцца!

(Зборнік “Плач зямлі”.С.17).

А ў вершы “Тут, над Шчарай” Алег Лойка марыць:

Я шчаслівы, што ўбачыў свет тут, Ды пра большае шчасце я мару: У апошні свой міг без пакут На цябе пазіраць, Шчара!

(Зборнік “Неўміручасць”. Слонім, 2000. С.147).

Слонімшчыны прысутнічала ўжо ў першым зборніку паэта “На юначым шляху” (Мн., 1959). Вершы “Няхай славяцца”, “Дзед Ігнат”, “Ледзь скрыпнуў журавель”, “Бацькі”, “Юнак быў з-пад Слоніма родам” і іншыя з’яўляюцца доказам таго, што паэзія Алега Лойка ўжо тады, амаль паўстагоддзя назад, жывілася сокамі роднай зямлі, пачынала расці на ўрадлівай глебе народнай творчасці. І калі б ён больш нічога не напісаў, а толькі адну баладу “Юнак быў з-пад Слоніма родам”, гэтага хапіла б, каб майго земляка называць Паэтам з вялікай літары і друкаваць яго баладу ў розных хрэстаматыях. Дарэчы, балад, прысвечаных Слонімшчыне, у паэта шмат. Усе яны ўвайшлі ў зборнік “Балады вайны і міру” (Мн., 1988). Галоўная тэматычная аснова іх — асуджэнне вайны, насілля, сцвярджэнне гераізму, пачуццё Бацькаўшчыны і палымяная любоў да Слонімшчыны і яе гісторыі, а таксама да людзей. Гэта “Балада аб выратавальным”, “ Балада Дзеда Мароза”, “Балада пра Шчару”, “Балада шаснаццаці год”, “Балада пра неўзарваную гранату”. А “Баладу Сынковіцкай царквы” Алег Лойка прысвяціў нацыянальна-вызваленчаму паўстанню 1863 года. У канцы 1862 года, едучы са Слоніма ў Ваўкавыск, Кастусь Каліноўскі раскідваў трэці нумар “Мужыцкай праўды”. Трапілі гэтыя нумары і да жыхароў Сынковіч (вёска знаходзіцца якраз па дарозе):

Даць, даць!.. Ляцелі са званіцы, Як птахі вольныя, лісткі “Мужыцкай праўды” аб зямліцы, Каб іх чыталі мужыкі.

(Зборнік “Балады вайны і міру”. Мн., 1988. С.139).

У трыпціху “Роднае” (Выбраныя творы ў 2-х тамах. Мн., 1992. Т.2. С.336), Алег Лойка сказаў: “Мае першыя святло, прастор і любоў — Слонім”. Тут паэт на Татарскай вуліцы нарадзіўся, на Зялёнай вуліцы жыў, на Чырвонаармескай — хадзіў у першую беларускую школу. І пра ўсе гэтыя вуліцы ў паэта напісаны вершы:

Я вырас на Зялёнай, Дзе яблыні і вішні, І маладыя клёны Ля вербаў, зграбных, пышных… Па самай жа галоўнай — Па Чырвонаармейскай, Слязою шчасця поўны, Я нёс байцам пралескі!

(Зборнік “Грайна”. Мн., 1986. С.23).

На Чырвонаармейскай вуліцы (былой 3 Мая) да вайны ў невялікай хатцы жыў слынны беларускі паэт Гальяш Леўчык. Да яго ў 1939 годзе, едучы з Беластока ў Мінск, заязджаў Янка Купала. Ён, дарэчы, быў рэдактарам першай кніжкі Гальяша Леўчыка “Чыжык беларускі” (Вільня, 1912). Старыя сябры сустрэліся, паабедалі ў Першым беларускім рэстаране і Купала на сваім “шаўрале” паехаў па вуліцы Маставой на Мінск. Цяпер вуліца Маставая носіць імя Янкі Купалы. Алег Лойка так і назваў свой верш “На вуліцы Янкі Купалы ў Слоніме”. А пачынаецца ён радкамі, у якіх любоў да роднага горада шчыра асветлена памяццю пра вялікага паэта: