Знікалі каштоўнасці са Слоніма і ў ХХ стагоддзі. Але былі ў нашым старажытным горадзе людзі, якія іх і зберагалі ад рабаўнікоў. Гэта краязнавец, гісторык і археолаг Язэп Стаброўскі. Дзякуючы яму, у верасні 1929 года на аснове ўласных археалагічных, нумізматычных, этнаграфічных і бібліяфільскіх калекцый Язэп Стаброўскі адкрыў у Слоніме краязнаўчы музей. У музеі налічваліся сотні найкаштоўнейшых экспанатаў, якія Язэп Стаброўскі збіраў усё жыццё. А пасля іх, якія змог, аберагаў ад польскіх, нямецкіх і савецкіх рабаўнікоў.
…Гітлераўскі афіцэр зайшоў у музей у той самы момант, калі Язэп Язэпавіч здымаў са сцяны адну з рэдкіх карцін Верашчагіна. Фашыст насмешліва тыцнуў пальцам у жывот сівому чалавеку і сказаў: “Рус гэта не разумель… Верашчагін месца ў Дрэздэн…”
Стаброўскі паказаў фашысту фігуру з трох пальцаў… Пасля гэтага толькі праз два дні Язэп Язэпавіч ачуняў. Цудам ён пазбег смерці.
Другім прыкладам смеласці гэтага чалавека могуць служыць радкі з газеты “Савецкая Беларусь” за 1944 год (№141): “Калі ў Слонім уварваліся гітлераўцы, перад Язэпам Стаброўскім паўстала пытанне — што рабіць з экспанатамі? Акупанты могуць знішчыць усё, чаму аддадзена столькі гадоў жыцця… Трэба схаваць экспанаты. Але куды? Закапаць у зямлю — сапсуюцца… І ўсё ж дарагія экспанаты былі схаваны ў закрытыя шафы… Шафы Язэп Язэпавіч засунуў у далёкі кут пакоя і закідаў рыззём. Аднойчы ён выйшаў на гарадскую плошчу. У гэты час немцы прывезлі на грузавіках і скінулі на брук тысячы кніг. “Спаліць!” — загадаў камендант. Уначы, не адчуваючы стомы, Стаброўскі цягаў мяшкамі кнігі дадому. Тады яму ўдалося схаваць у надзейным месцы тысячы тамоў, якія пазней перадалі раённай бібліятэцы”.
На жаль, большая частка каштоўных экспанатаў, сабраных Язэпам Стаброўскім, бясследна знікла. У аўтара гэтых радкоў у хатнім архіве захоўваецца акт ад 30 верасня 1944 года, у якім пералічаны разрабаваныя падчас нямецка-фашысцкай акупацыі каштоўнасці. На працягу чатырох гадоў са слонімскага музея зніклі:
1. Шахматная дошка з дзвюх палавінак з чорнага дрэва і слановай косці гетмана Льва Сапегі (XVI cт.).
2. Англійскі гадзіннікавы механізм без аправы (XVII cт.).
3. Нападлогавы гадзіннік XVIII ст.
4. Вялікі круглы срэбны англійскі гадзіннік у трайным срэбным куверце са срэбным ланцужком (XVIII ст.).
5. Бронзавы медаль з выяваю Хрыста.
6. Статуэтка з дрэва вялебнага Ніла Сорскага.
7. Пудзілы птушак і звяроў.
8. Калекцыі манет розных дзяржаў з пачатку першага стагоддзя. У тым ліку паўкілаграма срэбных манет.
9. Беларускія народныя касцюмы, бялізна, дываны, паясы, абсталяванне беларускай хаткі і г.д.
10. Серыя срэбных, бронзавых і пазалочаных значкоў, медалёў, крыжыкаў, ордэнаў розных дзяржаў.
11. Сем партрэтаў і дваццаць тры карціны (масла) на палатне ў пазалочаных рамах галандскіх, рускіх і польскіх мастакоў XVI cтагоддзя.
12. 514 кніг старых выданняў на рускай, польскай, лацінскай, французскай, беларускай, шведскай, нямецкай і іншых мовах.
13. Сімфаньета — музычная скрынка з жалезнымі пласцінкамі IX стагоддзя.
14. Старадаўні фарфоравы і срэбны посуд і крыштальныя келіхі XVII стагоддзя, якімі карысталіся царскія, княскія, графскія і іншыя вяльможы.
15. Камплект грамафонных пласцінак з дакладам Сталіна аб праекце Канстытуцыі СССР.
16. Срэбны медаль-манета 138 года да нашай эры з надпісам на старажытна-яўрэйскай мове часоў Сімона Макавея.
17. Рознакаляровы пояс з конскіх валасоў, які выткаў на працягу шасці гадоў палітасуджаны польскай турмы М.Галаўко.
18. Бронзавы абразок з выяваю распятага Хрыста (XVI ст.).
19. 18 штук вырабаў з мастацкай фініфці растоўскай работы Назарава.
20. Каўказскі “кубінскі” дыван памерам 4 х 1,3 м і вагою 24 кг.
21. Старадаўнія скрыпка і патэфон.
22. 200 пласцінак з галасамі вядомых рускіх, італьянскіх, французскіх, польскіх, яўрэйскіх і іншых спевакоў.
23. 372 кнігі рускіх класікаў і акадэмічныя выданні ў скураных пераплётах.
24. Навуковыя працы Язэпа Стаброўскага: калекцыя фотаздымкаў курганоў, альбом з малюнкамі (каля 3 000 штук), рукапісныя сшыткі па археалогіі, якія пісаліся і збіраліся на працягу 52 гадоў.
25. Венскі мікраскоп Рэйхерта з двума аб’ектывамі ў паліраванай скрынцы з чырвонага дрэва і з калекцыяй прэпаратаў да яго.
26. Фотаапарат з чырвонага дрэва з аб’ектывам, імгненным затворам, памерам 18х24 см, у футляры.
27. Камплект інструментаў цяслярскіх і сталярскіх.
28. 7 венскіх крэслаў з гнутага ясеню.