Выбрать главу
Родны мой горад, спрадвечны горад, Памяць чыя глыбей, чым твая?.. Дай скалынуць твае радасці, гора, Дай перажыць іх з табой удвая! Дай, прывярні тыя дні, тыя хвілі, Госцем калі тут Купала быў: Вулкі твае яго не забылі, І ён жа іх, пэўна, нідзе не забыў. Чуў ты біццё яго сэрца, горад, Хвалямі Шчары думы ўздымаў: Усю Беларусь абдымаўшы, як мора, Ён і цябе, горад мой, абдымаў…

(Зборнік “Грайна”. С.12-13).

Гальяш Леўчык загінуў у 1944 годзе ў Варшаве. Разам з паэтам вайна знішчыла і яго варшаўскую кватэру і вялікі беларускі архіў, які ён збіраў усё сваё жыццё. Нібы працягам верша пра вуліцу Янкі Купалы ў Слоніме з’яўляецца верша Алега Лойкі “На Маршалкоўскай пад Аркадамі”. Ён прысвечаны былым слонімцам, цяпер — варшавякам, якія раз у месяц — у сераду — збіраюцца ў Варшаве на Маршалкоўскай вуліцы і ўспамінаюць Слонім.

Родны горад і слонімцы гняздзяцца ў кожным паэтычным зборніку Алега Лойкі. Напісаны дзесяткі вершаў-прысвячэнняў землякам: Анатолю Іверсу, Валянціну Таўлаю, Янку Саламевічу, Міколу Арочку, скульптару Івану Міско, старшыні калгаса Антону Дабрэнку, настаўнікам, аднакласнікам. Сам Слонім ва ўяўленні і выяве паэта ў кожным вершы заўсёды раствараецца ў прыродзе, зліваецца ў гістарычных і экалагічных усведамленнях паэта. Гэта вершы шчырыя, добрыя, запамінальныя А інакш ён пра родны горад і пісаць не ўмее:

У зелені — бель камяніц, касцёлаў. Уецца Шчара, бліскаючы срэбрам. Спыніўшыся на ўзгорках, навакола Лясы стаяць, падпёршы купал неба. Я вырас, захапляючыся тут Высокім небам, Шчары ціхім звонам, Агністым сонцам, лесам задумёным, Мурамі і людзей жыццём штодзённым, І сэрцам палюбіў я гэты кут — Цябе, мой старадаўні родны Слонім.

(Зборнік “Пралескі ў акопах”. Мн., 1987. С.11).

Паэт, які заўсёды жыў песняй

Напярэдадні 100-годдзя (27 жніўня 2006 года) беларускага паэта Сяргея Новіка-Пеюна дастаў з паліц свайго хатняга архіва цэлую папку яго пісем, выразак з газет, паштовак, лістоў з вершамі. Яшчэ раз усё перачытаў, пераглядзеў, успомніў гэтага мужнага, цярплівага, таленавітага і сціплага чалавека. Лісты Сяргей Міхайлавіч пісаў вялікія, шчырыя, сур’ёзныя. У пісьмах заўсёды мяне называў па-бацьку і на “вы”, а пры сустрэчах — на “ты” і проста па імені. На лістах абавязкова ставіў тры пячаткі: адна была з адваротным адрасам, на другой было напісана “Сяргей Міхайлавіч Новік-Пяюн г. Мінск”, а на трэцяй —былі словы “Сяргей Новік-Пяюн”. Вось некалькі радкоў з яго пісем: “25-га лістапада 1943 года па даносе правакатара мяне арыштавалі гестапаўцы і асудзілі на смерць за антыфашысцкую дзейнасць. Са слонімскага музея, дзе я працаваў і жыў, рабаўнікі пазабіралі ўсе мае рэчы і ў тым ліку маю мандаліну. Чакаючы смерці ў адзіночцы слонімскага астрогу, я стварыў песню “Мандаліначка” і “запісаў” яе ў памяці…” (з пісьма ад 18 жніўня 1988 года); “Я некалькі разоў званіў у рэдакцыю тыднёвіка “Беларускае тэлебачанне і радыё”, каб звярталіся да чытачоў па-беларуску “добры дзень”, а не па-польску “дзень добры”! Па-беларуску спярша стаіць прыметнік, а пасля імя, а па-польску наадварот: спярша — імя, а пасля — прыметнік. А рэдакцыя, хоць абяцала выправіць памылку, працягвае далей яе друкаваць. Яшчэ пішуць “раніцой”, хаця па-беларуску трэба “раніцай”. Ужываюць польскае слова “мажліва” замест беларускага “магчыма”, “па крайняй меры” замест беларускага слова “прынамсі”. Шмат памылак робяць і тыя, што выкладаюць на філфаку, псуюць беларускую мову…” (з пісьма ад 20 лістапада 1988 года).

Сябраваў я з Сяргеем Міхайлавічам шмат гадоў. Ён часта наведваў Слонім, дзе жыла яго сястра, заходзіў да мяне ў рэдакцыю раённай газеты, дзе я працаваў. А калі я бываў у Мінску — забягаў да яго ў маленькую аднапакаёўку на вуліцы Купрыянава. Пра што толькі ён мне не расказаў!.. Але найбольш любіў распавядаць пра Слонім, пра мастака Антона Карніцкага, 180 карцін якога вывезлі немцы ў Германію падчас Другой сусветнай вайны, пра гісторыка і краязнаўца Язэпа Стаброўскага, пра генерала Яўгена Леашэню і пра іншых землякоў. Часта паэт згадваў пра сустрэчу з Янкам Купалам у Слоніме ў 1939 годзе, калі пясняр вяртаўся з Беластока з народнага сходу. Тады Сяргей Новік-Пяюн працаваў у Слоніме інспектарам павятовага аддзела народнай асветы. 12 лістапада 1939 года да яго ў аддзел народнай асветы зайшоў чалавек, павітаўся, а пасля спытаў, дзе жыве Гальяш Леўчык. Сяргей Новік-Пяюн адразу пазнаў у госцю Янку Купалу. Яны разам паехалі ў хатку да Гальяша Леўчыка, там пагутарылі, а пасля машына, на якой прыехаў Янка Купала, прывезла іх у цэнтр горада. На развітанне Янка Купала ў блакноце Сяргея Новіка-Пеюна напісаў пару слоў: “Міламу Сяргею Пеюну падчас сустрэчы ў Слоніме. Янка Купала. 14.11.1939 г.”. Пра гэты выпадак Сяргей Міхайлавіч згадваў мне часта. Ён вельмі ганарыўся, што хоць раз у жыцці меў сустрэчу з песняром беларускага народа.