Выбрать главу

Яшчэ ў 1938 годзе ў Слоніме Сяргей Новік-Пяюн разам са сваёй жонкаю Людмілай пачалі выдаваць на польскай мове (на беларускай мове польскія ўлады не дазволілі) “Газету Слонімскую”. Гэта быў тыднёвік і выходзіў ён да верасня 1939 года…

Аднойчы я прыехаў да Сяргея Новіка-Пеюна ў Мінск, а ён адчыняе дзверы ў лагернай фуфайцы з нумарам на плячах. “Гэта мой сталінскі касцюм”, — сказаў Сяргей Міхайлавіч. А пасля сеў на табурэтку і ціха заспяваў свае славутыя “Зорачкі”:

Дні праходзяць, дні адходзяць, дні лятуць, Быццам рэк бурлівых хвалі ўдаль бягуць. Трэці год як на выгнанні ў чужыне Трэба мучыцца душой і сэрцам мне…

(зборнік “Заўсёды з песняй”. Мн., 1984. С. 7).

З вачэй у паэта пакаціліся слёзы. Гэты выпадак памятаецца мне да сённяшніх дзён. Не верыцца, як змог выжыць Сяргей Новік-Пяюн у тых жыццёвых сітуацыях, у якіх ён бываў. Бо лёс яго не песціў. Пры Польшчы сядзеў у турме ў Баранавічах, у чэрвені 1941 года быў паранены, у 1943 годзе — арыштаваны слонімскім СД і асуджаны да пакарання смерцю. У турме захварэў на тыф. Хворага паэта немцы кінулі ў канцлагер Калдычэва, дзе крыху раней загінула яго жонка. А цешча з дзвюма ягонымі дочкамі ўцякла ў Польшчу, пасля чаго дзяцей сваіх Сяргей Міхайлавіч больш ніколі ў жыцці не бачыў.

4 ліпеня 1944 года немцы вялі вязняў на расстрэл. Сярод усіх быў і беларускі паэт. У час расстрэлу яго паранілі. Прыкінуўся мёртвым, а пасля схаваўся ў бліжэйшым лесе. Так застаўся жыць. А калі 10 ліпеня 1944 года савецкія войскі вызвалілі Слонім, Сяргей Новік-Пяюн пачаў працаваць тут дырэктарам мясцовага краязнаўчага музея. Але і гэта шчасце было нядоўгім. Вясною 1945 года без прад’яўлення яму ніякіх афіцыйных абвінавачванняў, паэт быў зноў арыштаваны органамі НКУС на 10 гадоў пазбаўлення волі. Этапам яго адправілі ў пасёлак Нэлькан у Якуцію:

Плывуць дні за днямі, як шэрыя хвалі. Нам сніцца радзімага неба блакіт. Пад сопкай мы многа сяброў пахавалі. Тут снег нашай цёплай крывёю заліт. Праз краты нам свецяць паўночныя зоры, Бы шлюць прывітанне ад роднай зямлі. Сярэбраны месяц схаваўся за горы, І чорныя цені вакол заляглі…

(зборнік “Песні з-за кратаў”. Мн., 1993. С. 128-129).

У Беларусь Сяргей Новік-Пяюн вярнуўся ажно ў 1959 годзе. За плячыма ўжо былі 53 пражытыя гады, але трэба было пачынаць усё спачатку. Яго рэабілітавалі, а ў якасці “кампенсацыі” за гады, праведзеныя без віны ў турме, яму выдзелілі аднапакаёвую кватэру ў пяціпавярховым доме ў Мінску на вуліцы Купрыянава, 9 і датэрмінова прызначылі пенсію, залічыўшы год Калымы за два…

Сяргей Новік-Пяюн нарадзіўся ў вёсцы Лявонавічы Нясвіжскага раёна 27 жніўня 1906 года. Скончыў мясцовую рускую гімназію і беларускія настаўніцкія курсы ў Вільні. У 1926 годзе ў роднай вёсцы стварыў беларускі народны хор, які існуе да сённяшніх дзён. Як сказаў Алег Лойка ва ўступным слове да зборніка вершаў паэта “Заўсёды з песняй” (Мн., 1984. С. 4): “Душа юнака рвалася да песень, а песню глушылі”. Але заглушыць не змаглі. Бо паэт Сяргей Новік-Пяюн пісаў, спяваў і жыў. Жыў словам, песняй, любоўю да Бацькаўшчыны. Друкавацца ён пачаў ажно ў 1924 годзе ў заходне-беларускіх выданнях “Сын беларуса”, “Студэнцкая думка”, “Маланка”, “Сялянская ніва”, “Шлях моладзі”, Беларуская крыніца”, “Заранка” і іншых. З друку асобнымі кніжкамі пачалі выходіць яго драматычныя і вершаваныя творы “Ёлка Дзеда Мароза” (Вільня, 1927), “Пакой у наймы” (Вільня, 1927), “Цудоўная ноч” (Вільня, 1927), “Прадка пад крыжам” (Вільня, 1939), “Заўсёды з песняй” (Мн., 1984), “Зорачкі ясныя” (Мн., 1986), “Песні з-за кратаў” (Мн., 1993). У сваіх паэтычных кнігах Сяргей Новік-Пяюн пісаў пра тое, пра што сам перажыў у астрогах, лагерах і ссылках. Паэтычныя радкі яго прасякнуты пяшчотай да Бацькаўшчыны, верай у заўтрашні дзень: