Выбрать главу
Быць можа ў халоднай памру Калыме, Сям’ю не пабачыўшы ў роднай больш хаце, Я веру, мяне, песняра, ўспамяне Не раз Беларусь — мая Маці. Але ў маім сэрцы наяве і ў сне Надзея святая таёмна крадзецца: Да роднае Бацькаўшчыны, усё-ткі мне Вярнуцца яшчэ давядзецца!

(зборнік “Песні з-за кратаў”, Мн., 1993. С. 114).

У 1966 годзе Сяргей Новік-Пяюн наладзіў цесныя літаратурныя сувязі з беларускім тыднёвікам “Ніва” у Беластоку, якія працягваліся аж да самай смерці паэта (памёр у 1994 годзе). У студзені і ліпені гэтага года ён друкуе вершы для дзяцей “Дзед Мароз”, “Вожык”, “Верабейчыкі” і апавяданне “Цешка”. Асабліва шмат паэтычных радкоў Сяргей Новік-Пяюн апублікаваў у “Ніве” у 1980-х гадах. Найперш гэта былі вершы пра родную прыроду, лясных і хатніх жывёл, а таксама ўспаміны пра гісторыка Язэпа Стаброўскага, паэта Гальяша Леўчыка і пра Ядвісю — гераіню Якуба Коласа, якая жыла ў Слоніме.

2006 год — гэта не толькі 100-годдзе з дня нараджэння Сяргея Новіка-Пеюна, але і 80-годдзе Лявонавіцкага народнага хору, які ён арганізаваў, і 85-годдзе яго літаратурнай творчасці. Таму памяць пра паэта ў народзе яшчэ жыве.

2006

Суперыёры і выкладчыкі ўсходняй місіі айцоў езуітаў у Альбярціне (1924-1942 гг.)

У выніку заключанай у сакавіку 1921 года Рыжскай дамовы паміж РСФСР і БССР з аднаго боку, і II Рэччу Паспалітай , з другога, шэраг этнічных беларускіх зямель увайшлі ў адміністрацыйныя межы Польскай дзяржавы. Каталіцкая царква была незадаволена фактам перабольшання на тэрыторыі ўходніх ваяводстваў насельніцтва праваслаўнага веравызнання, хаця былі яны пераважна патомкамі колішніх уніятаў, якіх адлучылі ад каталіцкага касцёлу сто гадоў таму. Ішлі гады, але пераход у каталіцызм стаў рэдкай з’явай у выніку мабілізацыі праваслаўнай царквы, адсутнасцю арганізаванай акцыі з боку католікаў, нежаданне многіх праваслаўных мяняць веравызнанне, што многімі ўспрымалася як здрада сваёй нацыянальнасці. Таму нарадзілася ідэя прыцягненне дысідэнтаў да касцельнага адзінства без змены абраду, пры захаванні моўных, культурных і бытавых адасобленасцей. Папа Пій XI у энцыкліцы Ecclesiam Dei з нагоды юбілею святога Язафата Кунцэвіча ў 1923 годзе паўторна звярнуўся да праваслаўных з заклікам вярнуцца да касцельнага адзінства, гарантуючы ім шанаванне свайго абраду. Тады падляшскі біскуп Генрык Пшаздзецкі запрапанаваў план стварэння прыходаў уніяцкага абраду, падпарадкаваных мясцовым лацінскім біскупам. Ён прапанаваў таксама, каб у рэалізацыю плана актыўна ўключыць Ордэн езуітаў. Пій XI план падтрымаў, а генерал Ордэна Уладзімір Ледухоўскі абавязаўся яго выканаць. Такім чынам узнікла “ўсходняе адгалінаванне” Таварыства Ісуса.

24 ліпеня 1924 года віленскі біскуп Юры Матулевіч выдаў дэкрэт аб утварэнні Альбярцінскай парафіі славяна-візантыйскага абраду. Альбярцін на той час быў пасёлкам і знаходзіўся недалёка ад Слоніма. Цяпер гэта — гарадскі мікрараён.

У траўні 1924 года ў Альбярціне з’явіліся першыя два айцы езуіты — а.Караль Буржуа і а.Міхал Маліноўскі, якія 4 лістапада заклалі пачатак усходняй місіі айцоў езуітаў сярод беларусаў.

Караль Буржуа (1887-1963) нарадзіўся ў Парыжы. Гэта быў першы неауніяцкі езуіт у Польшчы, а таксама ў Альбярціне. Тут ён працаваў з траўня 1924 да снежня 1925гадоў. Выконваў абавязкі кіраўніка місіі. Аб сваёй працы напісаў успаміны і надрукаваў у газеце “Etudes” (№ 191, 1927 год). Пасля Альбярціна працаваў настаўнікам французскай мовы ў Празе, у Эстоніі, а з 1950 года жыў сярод рускіх эмігрантаў у Сан-Паўлу ў Бразіліі, дзе і памёр.

Міхал Маліноўскі (1887-1942) вучыўся ў Пецярбургскай духоўнай семінарыі, быў прафесарам духоўнай семінарыі ў Вільні. У Альбярціне знаходзіўся з 1924 да 1927 гадоў. Пасля працаваў суперыёрам і мадэратарам Марыянскай садаліцыі ў Варшаве, Познані, Лодзі. У 1940 годзе быў арыштаваны немцамі і загінуў у канцлагеры ў Дахау.

Уладзіслаў Пуслоўскі, якому ў той час належаў Альбярцін, падтрымаў працу айцоў езуітаў, і ахвяраваў на гэтыя мэты свой будынак. Ён быў занядбаны, але езуіты абяцалі, што яны навядуць там парадак. Побач знаходзілася каплічка лацінскага абраду. А адзін з пакояў старога будынку пераабсталявалі пад каплічку ўсходняга абраду, у якой пачаў служыць а. Караль Буржуа. Айцец Міхал Маліноўскі ахапіў абслугаю каплічку лацінскага абраду. Наогул, альбярцінскія айцы належалі да розных нацыянальнасцей. Гэта былі немцы, палякі, чэхі, балгары, украінцы, французы, беларусы, румыны, славакі і іншыя. Але агульнай мэтай для іх была і засталася павага найперш да беларускага народа, сярод якога яны вялі сваю місійную дзейнасць.