Вуліцы: Абозная, бульвар Агінскага, Агародная, Акцызная, Андрэеўская, Альбярцінская, Баранавіцкая, Берагавая, Бернардзінская, Бэма, Бэрка Ёселевіча, Глухая, Гранічная, Грыбаўская, Гандлёвая, Пляц Вольнасці, Віленская, Выганавая, Вясёлая, Доўгая, Жабінка, Жвіркі і Вігуры, Жыровіцкая, Жыромская, Загарадная, Замкавая, Зялёная, Касцельная, Касцюшкі, 11-га Лістапада, пляц Сапегі, Каляёвая, Магістрацкая, Манапольная, 3-га Мая, Маставая, Міцкевіча, Нарушэвіча, Оперная, Палявая, Папярэчная, князя Панятоўскага, Правіянтовая, Пераскок, маршалка Пілсудскага, Рыбацкая, Рэзкі, Сельская, Сенная, Славацкага, Студэнцкая, Сянкевіча, Татарская, Турэмная, Уланская, Школьная, Школьны двор, Шасэйная, Астатняя, Падгорная, плошча Гандлёвая, Ружанская.
Завулкі: Андрэеўскі, Аптэчны, Багажны, Вузкі, Выганавы, Зялёны, Ганчарны, Драўляны, Кароткі, Кашаровы, Кафлёвы, Круты, Крывы, Бляхарскі, Малы, 3-га Мая, Мяшчанскі, Міхайлоўскі, Палявы, Новы, князя Панятоўскага, Ружанскі, Рэзніцкі, Слясарскі, Татарскі, Турэмны, Цесны, Школьны, Чыгуначны. А цяпер давайце адсочым, як у пасляваенны час у Слоніме пераймяноўваліся вуліцы, плошчы і завулкі пачынаючы з 1950-х гадоў. Альбярцінская вуліца стала вуліцай Гагарына, Жабінка — П. Марозава, Доўгая — Касманаўтаў, Глухая — Калініна, Абозавая — Астроўскага, Славацкага і Мангольская — Мічурына, Правіянтовая — Вясёлая, Ліпавая — Мірошніка, Скубішоўка — Катоўскага, Малы завулак — 8-га Сакавіка, Падгорная — Сінічкіна, Жыровіцкая — Марыса Тарэза, Завулак Міра — завулак Дастаеўскага, Бернардзінская — Банкавая — В. Крайняга, Крывы завулак — Камуністычная, Шырокая — Гнідаша, Міхайлаўскі завулак — Някрасава, Гандлёвая плошча — плошча Леніна, Жыромская — Даватара, Рэзкі — завулак Уз’яднання, Галоўная — Карбышава, Школьны двор — Савецкая, Анурсеўская —3-га Мая — Чырвонаармейская, Рыбацкая і Мокры завулак — К. Давідзюк, Замкавая — Камсамольская, Татарская — Кірава і г.д. Гэтымі савецка-камуністычнымі назвамі парушылася славутая гісторыя вуліц нашага старажытнага горада. З сённяшніх назваў нам здаецца, што гісторыя слонімскіх вуліц пачынаецца не раней як з 1945 года. Але гэта далёка не так. Яшчэ ў 1857 годзе ў Слоніме налічвалася 14 вуліц, у тым ліку 10 брукаваных, і дзве плошчы без назваў. Найбольш добраўпарадкаванымі былі Рынкавая, Маставая, Панасоўская, Ружанская, Жыровіцкая, Бернардзінская, Замкавая, Рыбацкая і Татарская вуліцы. Дарэчы, Татарская вуліца ў Слоніме існуе з 1717 года, а ў 1952 годзе яе перайменавалі ў вуліцу Кірава. У 1890 годзе ў Слоніме ўжо было 35 вуліц. Напрыклад, вуліца Агінскага існавала яшчэ ў другой палове XVIII стагоддзя. А вось Вакзальная вуліца з’явілася ў Слоніме ў 1886 годзе. Але, бадай, адной з самых старажытных вуліц у нашым горадзе лічыцца вуліца Васі Крайняга (першапачаткова яна называлася Спаскай, пасля Бернардзінскай, потым Банкаўскай). Вуліца існавала ўжо ў XVII стагоддзі. Калгасная вуліца мела некалі назву Французскі тракт (XIX ст.), а вуліца Пушкіна вядзе свой пачатак таксама з XVII стагоддзя як Панасоўская вуліца. У сярэдзіне 1930-х гадоў у Слоніме налічвалася ўжо 65 вуліц, 32 завулкі і 3 плошчы. Лёс многіх вуліц быў трагічны. Але вуліцы, як і людзі, — адны паміраюць, іншыя нараджаюцца. Сёння ў Слоніме налічваецца больш за 200 вуліц, завулкаў і плошчаў. Ёсць адзін праспект. Вядома, у наш час можна доўга дыскутаваць на тэму, наколькі апраўданы былі ўсе ранейшыя перайменаванні і якія назвы найлепшыя — гістарычныя ці тыя, якія ўжо ёсць. А маладое пакаленне слонімцаў нават і не ведае, кім быў той чалавек, імем якога названа тая ці іншая слонімская вуліца, і што ён зрабіў для роднага горада. Таму паспрабуем коратка расказаць пра людзей, імёнамі якіх названы вуліцы Слоніма.