Міхал Казімір Агінскі
(1730–1800)
Дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, кампазітар, пісьменнік, мецэнат. Жыў у Слоніме, дзе пабудаваў некалькі прамысловых прадпрыемстваў, друкарню, стварыў тэатр і капэлу, балетную і музычную школы.
Мікалай Астроўскі (1904–1936), Мікалай Гогаль (1809–1852), Максім Горкі (1868–1936), Фёдар Дастаеўскі (1821–1881), Уладзімір Маякоўскі (1893–1930), Міхаіл Лермантаў (1814–1841), Мікалай Някрасаў (1821–1878), Аляксандр Пушкін (1799–1837), Леў Талстой (1828–1910) — рускія пісьменнікі. Ніякага дачынення да Слоніма яны не маюць.
Міхаіл Анішчык
(1905–1973)
Нарадзіўся ў Івацэвіцкім раёне. У 1929 годзе з’яўляўся сакратаром Слонімскага акруговага камітэта КСМЗБ. У гады вайны быў адным з кіраўнікоў партызанскага падполля і партызанскага руху ў былой Баранавіцкай вобласці. Пасля вайны працаваў на партыйнай рабоце. У 1955–63 гадах з’яўляўся дэпутатам ВС БССР.
Максім Багдановіч
(1891–1917)
Нарадзіўся ў Мінску. Класік беларускай літаратуры. Творчасць яго прасякнута пафасам патрыятычнага служэння сацыяльнаму і нацыянальнаму вызваленню беларускага народа.
Канстанцін Заслонаў
(1910–1942)
Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў камуністычнага падполля і партызанскага руху ў гады вайны на Віцебшчыне. Герой Савецкага Саюза. Да Слоніма ніякіх дачыненняў не мае.
Уладзімір Бялько
(1911–1933)
Нарадзіўся ў вёсцы Мяльканавічы. Вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі. У канцы 20–30-х гадоў змагаўся на Слонімшчыне за адкрыццё беларускіх школ. Выдаваў газету “Піянер”. Закатаваны польскай паліцыяй у касцянёўскім пастарунку.
Францішак Багушэвіч
(1840–1900)
Нарадзіўся на Віленшчыне. Класік беларускай літаратуры. Рэвалюцыйны дэмакрат, адзін з пачынальнікаў крытычнага рэалізму ў беларускай літаратуры, будзіцель гістарычнай і нацыянальнай свядомасці беларускага народа.
Мікалай Вінаградаў
(1898–1977)
Рускі вайсковец. У гады вайны вызваляў Слонім ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Пётр Войкаў
(1888–1927)
Рускі рэвалюцыянер і палач. Прымаў удзел у забойстве былога імператара царскай Расіі Мікалая II Раманава і яго сям’і. Ніякага дачынення да Беларусі і Слоніма не мае.
Пётр Баграціён
(1765–1812)
Нарадзіўся ў Дагестане. Рускі генерал ад інфантэрыі, герой Айчыннай вайны 1812 года. Ніякага дачынення да Слоніма не мае.
Юрый Гагарын
(1934–1968)
Першы ў свеце касманаўт. Ніякага дачынення да Слоніма не мае.
Мікалай Гастэла
(1907–1941)
Рускі вайсковец. Герой Савецкага Саюза. Ніякага дачынення да Слоніма не мае.
Кузьма Гнідаш (Гнедаш)
(1914–1944)
Рускі вайсковец. У 1944 годзе ля Слоніма, каб не трапіць да немцаў у палон, узарваў сябе гранатай.
Іван Дабрыян
(1913–1970)
Нарадзіўся ў вёсцы Какошчыцы Слонімскага раёна. Быў сакратаром Слонімскага райкама КПЗБ, сакратаром Навагрудскага акруговага камітэта камсамола. У гады вайны — арганізатар партызанскага руху на Слонімшчыне. Пасля вайны ўзначальваў калгас імя Леніна, быў старшынёй Слонімскага райвыканкама.
Леў Даватар
(1903–1941)
Нарадзіўся на Віцебшчыне. Герой Савецкага Саюза. Да Слоніма ніякага дачынення не мае.
Клара Давідзюк
(1924–1944)
Маскоўская камсамолка. У гады вайны была радысткай, каля Слоніма ўзарвала сябе гранатай.
Фелікс Дзяржынскі
(1877–1926)
Савецкі партыйны і дзяржаўны дзеяч. Адзін з арганізатараў “чырвонага тэрору” і ініцыятараў стварэння сталінскіх лагераў. Ніякага дачынення да Слоніма не мае.
Міхаіл Калінін
(1875–1946)
Расійскі рэвалюцыянер, савецкі дзяржаўны дзеяч. Да Беларусі і Слоніма ніякіх дачыненняў не мае.
Дзмітрый Карбышаў
(1880–1945)
Рускі вайсковец. Герой Савецкага Саюза. Да Слоніма ніякіх дачыненняў не мае.
Сяргей Кіраў
(1886–1934)
Дзеяч камуністычнай партыі і савецкай дзяржавы. Ніякага дачынення да Беларусі і Слоніма не мае.
Якуб Колас
(1882–1956)
Народны пісьменнік Беларусі, лаўрэат шматлікіх літаратурных прэмій. Класік беларускай літаратуры.