Выбрать главу

(1904–1978)

Рускі вайсковец. У 1944 годзе вызваляў Слонім.

Канстанцін Цыялкоўскі

(1857–1935)

Расійскі вучоны і вынаходнік у галіне аэрадынамікі і ракетнай тэхнікі. Да Слоніма ніякага дачынення не мае.

Паўлік Марозаў

(1918–1932)

Старшыня піянерскага атрада ў Свярдлоўскай губерні Расіі, данёс уладам на свайго бацьку-“кулака”. Ніякага дачынення да Беларусі і Слоніма не мае.

Іван Чарняхоўскі

(1906–1945)

Савецкі ваенны дзеяч, двойчы Герой Савецкага Саюза. Да Слоніма ніякага дачынення не мае.

Ёсць яшчэ вуліцы ў Слоніме, якія носяць імёны Галаўскога, Плятніцкага, Чапаева, якія ніякіх адносін да гісторыі нашага горада не маюць. Адна з крайніх вуліц Слоніма носіць імя Васіля Пеляніцына, які ў свой час быў старшынёю Слонімскага гарвыканкама, трымаў у горадзе парадак і дысцыпліну, яго вельмі паважалі гараджане. А цяпер, шаноўныя землякі, давайце падлічым, колькі выпадковых людзей трапіла ў гісторыю нашых вуліц. І за што ім ад нас такая пашана і памяць? У іх ёсць свае радзімы, і няхай іх там ушаноўваюць. А гонар і традыцыі нашых продкаў на Слонімшчыне павінны абараняць мы, нашчадкі. Іншая справа, што гэта ў нас не робіцца. На абыякавасць, бязграматнасць і бяспамяцтва захварэлі тыя чыноўнікі, якія непасрэдна адказваюць за гістарычнае аблічча нашых вуліц і плошчаў. Ды і бяздумна таптаць гісторыю горада над Шчарай нельга. Да сённяшняга часу ў Слоніме няма вуліц, якія б насілі імёны нашых самых слынных землякоў: гісторыка, археолага, краязнаўца Язэпа Стаброўскага, дактароў медыцынскіх навук Андрэя Пракапчука і Венцаслава Пелікана, доктара філалагічных навук Канстанціна Пушкарэвіча, братоў Уладзіміра і Яўгена Хлябцэвічаў, пісьменнікаў Гальяша Леўчыка, Сяргея Дарожнага, Анатоля Іверса, Якуба Міско, Кандрата Лейкі, Рудольфа Пастухова, доктара гістарычных навук Міхаіла Міско, мастака Антона Карніцкага, кампазітара Міхала Агінскага, маршалка Войцеха Пуслоўскага, рэлігійных дзеячаў Лукаша Дзекуць-Малея, Хведара Данілюка, кіраўніка паўстання 1833 года Міхала Валовіча, палітыка Максіма Бурсевіча, кампазітара і музыканта Антона Валынчыка, краязнаўца і гісторыка Аляксандра Жукоўскага, рэжысёра Мікалая Варвашэвіча і многіх іншых нашых землякоў. Божа ж мой, дык мы нічога не зрабілі, каб ушанаваць памяць пра нашых знакамітых слонімскіх людзей! Хто ж пра іх калі-небудзь успомніць, як не мы?..

2004

Слонімская фалерыстыка

Фалерыстыка, як гістарычная дысцыпліна мае два значэнні. Па-першае, яна вывучае гісторыю ордэнаў, медалёў і іншых знакаў адрознення. Па-другое, фалерыстыка — гэта калекцыяніраванне значкоў і розных нагрудных знакаў.

У калекцыях слонімскіх фалерыстаў ёсць таксама значкі, прысвечаныя Слоніму, яго прадпрыемствам і памятным датам. Самым першым, які выйшаў пасля 1945 года, быў значок, прысвечаны 25-годдзю вызвалення Слоніма ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На ім адлюстраваны помнік загінуўшым воінам, які знаходзіцца на вуліцы Пушкіна.

Выпушчана ў свет і некалькі значкоў з выявамі гербаў Слоніма. Гэтыя гербы выклікаюць у гісторыкаў і калекцыянераў неадназначныя адносіны. Напрыклад, быў выпушчаны значок, на якім адлюстраваны герб Слоніма, зацверджаны 6 красавіка 1845 года, у той час, калі наш горад уваходзіў у склад Расійскай імперыі. Гэты герб уяўляў сабой шчыт, які падзелены на дзве палавіны: у верхняй змешчаны зубр, як эмблема тагачаснай Гродзенскай губерні, а ў ніжняй палавіне на блакітным полі — два скрыжаваныя мячы, паміж якімі стаіць дата — 1275. У гэтым годзе князі галіцка-уладзімірскія адваявалі Слонім у Літвы. А калі дакладней, у літвінаў (беларусаў).

Вялікую цікавасць у слонімскіх фалерыстаў выклікаюць значкі з гербам Льва Сапегі. Гэты герб па хадайніцтву слонімскага старосты Сапегі быў дадзены каралём Жыгімонтам III 4 студзеня 1591 года. Да сённяшняга дня ён з’яўляецца гербам Слоніма і нядаўна афіцыйна быў зацверджаны райвыканкамам. Усяго выйшла два такіх значкі. На адным з іх — леў, на другім — леў і дата — 1252, якая сведчыць аб першым упамінанні горада ў Іпацьеўскім летапісе.

У 70-90-х гадах прадпрыемствы Слоніма адзначалі свае юбілеі. І да гэтых датаў памятныя юбілейныя значкі і медалі выпусцілі камвольна-прадзільная фабрыка, фабрыка “Тэкстыльшчык”, кардонна-папяровы завод, мэблевая фабрыка і іншыя. Найбольш арыгінальнымі і прыгожымі былі медаль Слонімскага лясгаса і значок Слонімскай фабрыкі мастацкіх вырабаў да 50-годдзя іх утварэння. Яны выйшлі на беларускай мове з элементамі беларускай нацыянальнай гістарычнай сімволікі.