І вось у Сочы, сярод маляўнічай прыроды, шыкоўнага, зялёнага і дагледжанага парку, дзе на галінах дрэў урачыста квітнелі белыя магноліі, неспадзявана нарадзіліся вершаваныя радкі. Пра тое, што гукі, якія жывуць у душы, скончыліся. І невядома, ці вернуцца калі-небудзь. Уласная эмацыйная і духоўная нерухомасць, напэўна, асабліва моцна ўсведамлялася сярод квітнеючых паўднёвых ландшафтаў. Немагчымасць творчасці (няхай часовая), пачуццёвая прыгнечанасць суб’ектыўна ўспрымаецца як пачатак духоўнага небыцця. Гукі — абагулены вобраз. Замест іх могуць быць рыфмы, вобразы, сюжэты, мелодыі. Напісала я той верш — і пайшла разам з дзецьмі іграць у бадмінтон. Каля будынка, у якім мы жылі.
Вярнуліся з поўдня. Тэлефаную Марозавай, якая пакуль у Мінску і збіраецца ў адпачынак пазней, у жніўні. Пагаварылі пра адно, другое. Марына:
— А новых вершаў няма?
Я вазьмі і прачытай напісанае ў Сочы.
Узнікла паўза. Марына:
— Цудоўна! Гэта якраз тое, што мне трэба! Выдатна...
Цяпер паўза ўзнікла ў мяне. Бо я не разумела яе рэакцыі. Мне хацелася праз верш «вынуць» з сябе або зменшыць стан псіхалагічнай прыгнечанасці, душэўнай стомленасці. Толькі і ўсяго...
— Марына, было так пагана, калі я пісала тыя радкі! А ты кажаш — «цудоўна»...
— Пачуеш, як гэта прагучыць у музыцы, і ўсё зразумееш!
«Дзіўныя людзі, гэтыя кампазітары — падумала я. — Ніколі не здагадаешся, што ім трэба! Тут неадольны душэўны змрок, а яна радуецца!»
Словы Марыны я неаднойчы згадвала пазней, і дзівілася ўменню прафесійнага кампазітара невырашальныя канфлікты і душэўныя дысанансы, якія акрэслены ў вершы, ператварыць у гармонію і светлы сум. Тая гісторыя пераканала, што ў мастацтве могуць быць адлюстраваныя якія заўгодна эмоцыі і перажыванні. Песімістычныя, змрочныя, тыя, што ўвасабляюць адчай. Але мяне заўжды непакоіла думка: а ці трэба жанчыне з яе не надта моцнай псіхікай паглыбляцца ў інфернальныя і цёмныя прасторы духу? Як бы там не згубіцца назаўжды! Забягаючы наперад, заўважу, што пасля другога цыкла святло і гармонія, увасобленыя ў фінальным, трэцім цыкле, успрымаліся як душэўнае ратаванне і надзея.
На тым гісторыя з гукамі, якія зніклі, не завяршылася. Калі Марына цыкл напісала і запісала (зноў спявала Руднева), а потым паказала калегам-кампазітарам, тыя былі здзіўлены. Пры сустрэчы нават цытавалі ёй асобныя радкі. Значыць, запомніліся! Па рэзанансе, які мела гэтае дастаткова драматычнае сачыненне, я зразумела, што мы здолелі выявіць пачуцці, уласцівыя кожнаму мастаку, калі творчасць заканчваецца. Ненадоўга ці назаўжды — ты пакуль не ведаеш. Праблема маўчання, душэўнай спустошанасці, часовай ці працяглай, — стан, знаёмы многім. Таму і хвалюе, знаходзіць водгук.
Але вярнуся да ўсіх трох вакальных цыклаў, напісаных Марозавай. Цяпер яны часта гучаць на хвалях Беларускага радыё. Марыне абавязкова хтонебудзь патэлефануе з калег-кампазітараў ці знаёмых:
— Тваё гучыць, ідзі і хутчэй уключай!
Марына ўключае і тэлефануе мне, каб таксама ўключыла. А я слухаю і кожны раз думаю: няўжо, каб твор моцна ўздзейнічаў на слухача, ты абавязкова павінен перажыць глыбокую дэпрэсію? Ці ўсё-такі неабавязкова? Вядома, на пэўны час гукі могуць заканчвацца. Не для ўсяго свету — ён гучыць, а для цябе аднаго. Галоўнае — дачакацца, калі яны ўсё-такі спакваля да цябе вернуцца.
Першыя прэзентацыі
Калі распачалося супрацоўніцтва з кампазітарамі, дык самы складаны час — пакуль музычныя творы на твае вершы не трапілі на вялікія пляцоўкі і не запісаны ў студыі радыё. Ты хочаш гучаць на самых прэстыжных сцэнах горада і краіны, марыш, каб цябе выконвалі лепшыя артысты з шыкоўнымі вакальнымі дадзенымі? А табе прапануюць маладзенькіх, самадзейных і не надта вопытных. Ды ўсяго некалькі нумароў у канцэрце, што пройдзе ў музычнай школе. Што рабіць? Схаваць гардыню і згаджацца на тое, што прапаноўваюць. Усё прыйдзе, але не адразу.
Згадаю такі прыклад. Адным з першых твораў, якія Алена Атрашкевіч напісала на мае словы, аказалася песня-раманс «А я буду спяваць» — твор з прыгожай мелодыяй, шырокім дыханнем, дзе палётнасць і эмацыйны ўздым ядналіся з драматызмам лёсу артысткі, якая займеўшы прызнанне, вымушана заплаціць за тое асабістым шчасцем. А мо, наадварот, адсутнасць асабістага шчасця дапамагае ёй дасягнуць прафесійных вяршынь?
Мне заўжды хацелася знайсці адказ на пытанне: чаму адзін знаходзіць шчасце рэальна-зямное, а другі толькі летуценна-творчае? Першы варыянт грэе душу чалавеку і яго сям’і. Другі прыносіць шчасце многім. А які шлях павінна выбраць жанчына, каб адчуваць гармонію з сабой і навакольным светам? І ці можна гэтыя шляхі спалучыць?