Песня-раманс нарадзілася ў 1998-м, а сапраўднае, годнае выкананне адбылося... праз восем гадоў, у 2006-м. У вялікай зале філармоніі, калі яе пранікнёна выканала Таццяна Цівунова, салістка оперы. Сачыненне ёй так падышло — па галасе, эмоцыях, што здавалася напісаным спецыяльна для яе. Лепшага выніку і чакаць не трэба. Калі раманс у выкананні Цівуновай пачулі іншыя салісткі, дык пасля канцэрта падышлі да Атрашкевіч, каб папрасіць ноты.
А ў наступным годзе эстрадная спявачка Алеся Кульша з песняй «А я буду спяваць» узяла Гран-пры на конкурсе маладых выканаўцаў, які адбываўся ў Маладзечне ў межах Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі.
Яна выконвала твор у суправаджэнні Дзяржаўнага канцэртага аркестра пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.
Памятаю, прыехаць на фестываль у мяне не атрымлівалася. Глядзела песеннае свята па тэлебачанні. У той вечар з неба няспынна лілося. Думалася, што канцэрт могуць адмяніць, бо як спалучыць мікрафоны, узмацняльную апаратуру, электрычнасць, правады і дождж? І ўсё-такі конкурс ішоў. Вакалістка спявала, імкнучыся не трапіць пад завесу дажджу. Яна ж паабяцала, што будзе спяваць! Але ж і ў спалучэнні песні і дажджу ёсць штосьці рамантычнае...
Пакуль ноты ляжаць нерухома ў кампазітара ці аўтара тэксту, яны з’яўляюцца часткай іх прыватнага, асабістага жыцця. Калі твор выкананы, ён робіцца здабыткам грамадства, часткай культурнага працэсу.
Ды што, варта чакаць?.. Магчыма. Толькі ж і цярпенне трэба мець моцнае. Міжволі думаеш: а калі б гэты раманс пачулі на пяць гадоў раней? Поспех натхняе і вядзе за сабой наступныя ўдачы. Тады яркія, вядомыя артысты і значныя пляцоўкі з’яўляюцца ў тваім жыцці хутчэй. Тады час заняты новымі ідэямі і творамі, а не тым, каб «прабіцца» і нарэшце быць заўважаным.
Загадка і — майстэрства
Атрашкевіч заўжды была і застаецца, прынамсі для мяне, асобай шмат у чым загадкавай. Зрэшты, чалавек, які ўмее пісаць таленавітую музыку,
— заўжды хавае ў сабе таямніцу. З аднаго боку, Алена Віктараўна — тыповы экстраверт, дружалюбны, кантактны. Выдатны педагог, які бачыць не відавочныя здольнасці, але адчувае пакуль прыхаваны патэнцыял сваіх выхаванцаў, юных або сталых вакалістаў, якія звяртаюцца па кансультацыі і парады. Яна ўсім патрэбная, з ахвотай адгукаецца на чужыя клопаты і праблемы, заўжды гатовая дапамагчы.
Але ў тым, што датычыць творчасці, Алена — тыповы інтраверт, стрыманы, закрыты. Не схільны не тое што да экзальтацыі, а нават да вялікай эмацыйнасці і захопленых ацэнак. «Сімпатычна...», — самае высокае азначэнне. Яна не любіць расхінутасці (магчыма, звычка педагога?). Калі Атрашкевіч нечага не хоча або не лічыць патрэбным, пераконваць бессэнсоўна. На яе не надта лёгка паўплываць, бо заўсёды мае ўласнае меркаванне, і не схільная яго па нейкай прычыне мяняць. Супрацоўніцтва з такім творцам асабліва каштоўнае.
Арыгінальнасць і нечаканасць успрымання кампазітарам твайго тэксту, здараецца, ацаньваеш не адразу. Нават не тады, калі ён паказвае табе нядаўна народжанае сачыненне. А тады, калі твор увасоблены на сцэне. Сапраўдны музыкант заўжды вынаходлівы. У тым, што і як ён напісаў, выяўляецца яго стаўленне да радкоў і сэнсу, у іх адлюстраванага. Здольнасць шматлікімі гукавымі эфектамі і прыёмамі ўзмацніць сэнс і значнасць вобраза.
У адным з маіх зборнікаў быў верш, які называўся «Анёл». Невялікі, усяго восем радкоў. Пачынаўся так:
Крылы анёлу звязалі,
Каб над зямлёй не лунаў.
У тлуме, спрэчках і звадках
Каб ціха, памалу сканаў...
Калі Атрашкевіч напісала музыку на гэты тэкст, дык першы радок артыстамі хору нават не спяваўся, а паўтараўся амаль шэптам. Прычым шматкроць: «Крылы анёлу звязалі...», «Крылы анёлу звязалі...». Галасы вакалістаў накладваліся, і стваралася ўражанне мітусні, тлуму, таго, што супярэчыць маральным правілам і законам прыгажосці.
У лірыка-камедыйным хоры «Мак таўклі камары», напісаным пазней, кампазітар да тэксту верша дадала асобныя склады — «Тукі-тукі, тукі-тук!». Як адлюстраванне гукаў, якімі ў камароў суправаджаецца, так бы мовіць, працэс працы. Такія, здавалася, дробязь і дэталь дадалі опусу непасрэднасці і радасных фарбаў.
Сярод харавых сачыненняў, напісаных Аленай на мае тэксты, ёсць некалькі твораў «хадавых», якія выконваюцца часта і падабаюцца ўсім. Спяваюць «профі» і аматары, дзеці і дарослыя, выконваюць калектывы і дуэты. Падобны вакальны імпэт мне часам незразумелы і нават выклікае разгубленасць. Так здарылася з харамі «Гармонія» і «Святло невыказнае». Тэкст другога опуса мае ўсяго восем радкоў. Гэта калі надрукавана «слупком», а калі зрабіць радок працяглым і доўгім, дык наогул атрымаецца чатыры (!) радкі. У музычным творы яны паўтараюцца шмат разоў, і кожны раз, набываючы лёгкасць і паветранасць, увасабляюць розныя адценні сэнсу. Пачуць такое сачыненне — вялікае задавальненне і шчасце.