Харавая паэма. Падрыхтоўка
Унутры кампазітарскай прафесіі заўсёды існуе спецыялізацыя. Той, хто піша сімфанічную і інструментальную музыку, рэдка звяртаецца да жанру песні і — наадварот. Здабыткі ў галіне песні ці раманса не азначаюць, што гэтак жа лёгка напішацца харавы твор.
Велізарная колькасць харавых сачыненняў, напісаных Аленай Атрашкевіч, і запатрабаванасць іх рознымі калектывамі сведчылі: яна — менавіта харавы кампазітар і жанры харавога пісьма адчувае тонка і дакладна. Знаёмячыся бліжэй з творчасцю Алены, я была ўражана неверагоднай разнастайнасцю харавых жанраў. Жаночыя хары, апрацоўкі беларускіх народных песень, харавыя рамансы, цыклы мініяцюр, цыклы калыханак і эстрадных хароў, эстрадна-песенныя цыклы для харавога ансамбля... А яшчэ асобныя сачыненні, кантата на словы В. Дудзіна, «Сакраментальная паэма» на вершы В. Жуковіча. Калі кампазітар смела спалучае гучанне хору з самымі рознымі інструментамі — арганам, арфай, званочкамі, духавымі, — тады дасягаецца не толькі свежасць тэмбральнага гучання, але адметнасць і арыгінальнасць музычнай мовы ўвогуле.
На пачатку 2002 года Алена Віктараўна прапанавала:
— Давайце зробім харавую паэму. Падумайце... Жанр прывабны!
Значныя жанры прапаноўваюць не кожны дзень і нават не кожны год. У чымсьці гэта праява даверу (маўляў, справішся!). Праца ў буйным жанры прыцягвае. Дае магчымасць разгарнуцца, паказаць сабе і іншым, на што здатны. Сачыненні больш камерныя — песня, раманс, асобны хор, няхай вельмі яркія! — могуць лёгка згубіцца ў неабсяжнай плыні музыкі, якая пішацца і выконваецца на працягу толькі аднаго канцэртнага сезона. Значны твор не згубіцца.
Але ў працы над маштабнымі сачыненнямі падсцерагае і небяспека. Паколькі ніхто з сучасных айчынных кампазітараў з творчай працы не жыве, усе яны працуюць — педагогамі музычнай вучэльні ці ВНУ, музычнымі рэдактарамі радыё, дык працэс стварэння сімфоніі, кантаты, араторыі, харавой паэмы можа доўжыцца гадамі. Асабліва актыўна ён ідзе летам, падчас адпачынку, у выхадныя дні і святы. Заўсёды існуе боязь, што на вялікай дарозе першапачатковы імпэт будзе згублены і на ўзвядзенне не дачнай «халупы», а высакароднага храму не хопіць часу.
Пакуль з 2002 па 2004 гады Алена ўрыўкамі, пакрысе працавала над паэмай «Кахаю», мяне не пакідала адчуванне, што на вынік, закончаную паэму, можна разлічваць, а можна і не. Бо некалькі нашых сумесных буйных музычна-тэатральных праектаў так і засталіся нерэалізаванымі. Распачатымі, але не скончанымі.
У Атрашкевіч заўжды хапала абавязкаў і клопатаў — як кіраўніка эстраднай студыі «Спяваем разам», чые выхаванцы выступаюць на міжнародных конкурсах, як выкладчыка Маладзечанскай музычнай вучэльні і Мінскага каледжа мастацтваў, нарэшце, як маці дваіх дзяцей, каб займацца толькі творчым самавыяўленнем.
Тэксты для будучай паэмы я адабрала, прапанавала кампазітару. Існавала некалькі варыянтаў тэксту і магчымага драматургічнага развіцця. Бо харавая паэма не проста адлюстроўвае паслядоўнасць музычных нумароў, складзеных як заўгодна. Яна — своеасаблівы музычны спектакль, у якім заняты аркестр, хор, салісты. І таму важна, з якіх эмоцый і вакальных фарбаў аўтары і выканаўцы пачынаюць. Як ідзе развіццё вобразаў, ці дастаткова яно пераканаўчае, дзе будзе кульмінацыя і развязка. Прадуманасць пабудовы потым дапаможа кампазітару і вакалістам, нелагічнасць ці хаатычнасць звядзе ўсе намаганні да нуля.
Падчас працы пад паэмай Атрашкевіч неаднойчы раілася з калегамі, паказвала напісаныя фрагменты. Погляд прафесіяналаў, якія маюць і практычны вопыт, і тэарэтычны досвед, заўсёды карысны і толькі ўдасканальвае твор.
Харавая паэма. Выкананне
Восенню 2003 года тры першыя часткі паэмы былі паказаныя ў камернай зале філармоніі. Яны стаялі амаль у фінале канцэрта — як сачыненні найбольш значныя. Кампазітар пераканаўча заўважыла, што фрагменты незавершанага твора на заканчэнне праекта ставіць нельга. Музыка трох першых частак і гучанне хору падаваліся такімі фантастычна-прыгожымі, прычым, з адценнем нейкай незямной красы, што было незразумела: а куды, у які бок кампазітар будзе рухацца далей? А галоўнае, навошта ісці, калі такі жаданы і такі недасяжны вынік — абсалютная гармонія чалавека і свету — ужо дасягнуты?