З самага пачатку кампазітар вырашыла: будучая паэма будзе мець свецкі характар, у адрозненне ад «Сакраментальнай паэмы», твора, відавочна рэлігійнага гучання. У дзевяці частках сачынення мы імкнуліся ўвасобіць заўсёды хвалюючую гісторыю кахання Жанчыны і Мужчыны, нараджэнне і развіццё узаемных пачуццяў, канфлікт дзвюх яркіх асоб і няпросты шлях да ўзаемаразумення. Хор у паэме шматаблічны — ён задае агульны эмацыянальны лад, адгукаецца на пачуцці герояў, спрачаецца або спачувае ім.
...Мы сустрэліся з кампазітарам у яе дома, ля фартэпіяна, бо Алена хацела паказаць усё сачыненне запар, частка за часткай. Атрашкевіч сама цудоўна іграе і спявае. Я была ўражана велізарным аб’ёмам працы, але найперш незвычайнай пранікнёнасцю твора, незлічонай колькасцю на дзіва арыгінальных і запамінальных музычных тэм. Не сакрэт, меладычны дар маюць далёка не ўсе аўтары. Навучанне ў Акадэміі музыкі на такую якасць не заўсёды ўплывае. Меладычны талент — сапраўды дар Божы! У навакольным, дысанансным свеце адшукаць і пачуць гармонію, а потым увасобіць яе на нотнай паперы можа далёка не кожны прафесіянал.
Спачатку харавая паэма існавала толькі ў клавіры, значыць, калі хор спявае ў суправаджэнні фартэпіяна. Атрашкевіч марыла і пра тое, каб хор і салісты спявалі ў суправаджэнні сімфанічнага або камернага аркестра. Таму ўслед за клавірам на працягу летніх месяцаў 2004 года зрабіла партытуру, дзе ў кожнай партыі было распісана гучанне ўсіх інструментаў сімфанічнага аркестра. Калі давялося гартаць амаль 60 велізарных старонак фармату А3, запоўненых дарэшты нотнымі значкамі, я не магла не ганарыцца. І таму, што велізарная работа Аленай нарэшце закончана, і таму, што пад нотамі харавых і сольных партый напісаны мой уласны тэкст.
У адрозненне ад песень, калі кампазітар, паэт і выканаўца заклапочаны тым, дзе знайсці аранжыроўшчыка і немалыя грошы на аранжыроўку, харавыя творы прывабныя тым, што клопаты пра іх увасабленне — найперш клопат харавога калектыву і дырыжора. Выконваць паэму «Кахаю...» павінен быў Дзяржаўны камерны хор Беларусі.
Шмат гадоў ім кіруе Наталля Міхайлава. Яна належыць да рэдкай катэгорыі «карункавых жанчын». Прыгажуня, што на сцэне, што па-за ёю. Зграбнасць і вытанчанасць дырыжорскай пластыкі — як у артысткі балета. Тонкі і ўдумлівы музыкант. Фанат — і жанру, і свайго калектыву. Але, скажам шчыра, жанчына з характарам — можа зірнуць так, што, здаецца, цвік увойдзе ў сцяну сам, без малатка і па самую плешку. А потым — зноў мілая і прыемная ўсмешка... Але ты разумееш: дыстанцыя ёсць, і кіраўнік заўжды застаецца кіраўніком, бо адказвае за мастацкі вынік.
За два тыдні да прэм’еры «Кахаю...» нечакана высветлілася, што барытон, які павінен быў спяваць пяць нумароў у паэме (асобныя нумары сола, некаторыя разам з хорам) у гэты час у Мінску будзе адсутнічаць. Таму трэба тэрмінова шукаць іншага спевака, які здолее не толькі хутка вывучыць матэрыял, але і складзе годны ансамбль з сапрана. У рэшце рэшт дырыжор і кампазітар спыніліся на кандыдатуры Сяргея Лазарэвіча, саліста Нацыянальнай оперы.
Партыю сапрана павінна спяваць Таццяна Вайтовіч, салістка хору. Літаральна за тыдзень да прэм’еры ў Таццяны памірае мама, самы блізкі чалавек... Уявіце, як у такім эмацыянальным стане спяваць пра светлае і ўзнёслае пачуццё кахання? Амаль кашчунна! Але такія парадоксы артыстычнай прафесіі. Афішы і праграмкі надрукаваны, замест гэтай салісткі вывучыць партыю ніхто не паспее.
— Таццяна — веруючы чалавек, яна эмацыянальна «збярэцца» і ўсё зробіць... — крыху суцешыла нас з кампазітарам дырыжор.
У паэме, бліжэй да фіналу, ёсць нечаканы і моцны фрагмент, які называецца «П’янкое віно». Салісты пакуль маўчаць, спявае хор, яму акампануюць ударныя. Прадуманасць вакальных ліній і ўдарных інструментаў такая, што нараджае безліч асацыяцый. Свядомая змрочнасць настрою і брутальнасць інтанацый прымушае згадаць Іспанію, фламенка, Гарсіа Лорку. Адчуванне, што перад тваім унутраным зрокам узнікаюць містычныя вобразы, што музыка ўвасабляе плынь падсвядомасці. Уражанне, што ад гэтай глыбіні, якая нечакана расхінулася, у цябе праз імгненне проста «паедзе дах»...
Зала слухала паэму ў выкананні камернага хору, салістаў Таццяны Вайтовіч і Сяргея Лазарэвіча ўважліва, у абсалютнай цішыні, бо апладысменты паміж часткамі звычайна не прадугледжваюцца. Але агульнае ўражанне ад усяго твора аказалася надзвычай моцнае. Які дождж з кветак і апладысментаў выліўся ў фінале на артыстаў!