Выбрать главу

Усю канцэртную праграму здымаў беларускі канал «ЛАД». На падыходзе да касцёла Святога Роха гледачоў сустракалі дзве вялікія «фуры», стацыянарныя ўстаноўкі. Запіс ішоў ажно з чатырох тэлекамер. Дзве з іх стаялі па баках залы, каб не перашкаджаць гледачам, а дзве зверху, на балконе. Калі кампазітары і выканаўцы адчуваюць такую ўвагу, дык яна выклікае самапавагу, успрымаецца як стымул пісаць і спяваць музыку айчынных аўтараў і надалей.

І яшчэ цікавая дэталь. Калі зала напаўцёмная, артыст стаіць на авансцэне і не ведае, гледачы знаходзяцца толькі на трох першых радах паўпустой залы ці паўсюль, нараджаецца адпаведны настрой. Тэлевізійнікі прывезлі магутную асвятляльную апаратуру. Касцёл быў добра асветлены, і гэта стварала адчуванне радасці і свята. Так бы мовіць, велікасвецкага салона, дзе сабраліся не бедныя «разначынцы», занядбаная інтэлігенцыя, прыгнечаная нястачай, а людзі заможныя і высакародныя, якія сабраліся слухаць Музыку.

Інтэрпрэтацыі і інтэрпрэтатары

Творчыя стасункі з кампазітарамі, спевакамі, харавымі дырыжорамі выхоўваюць эмацыянальную і псіхалагічную гнуткасць ва ўспрыманні чалавека і слова. Агульнавядома, кожны тэкст, тым больш вершаваны, можа мець безліч варыянтаў прачытання. Але каб да такой ступені, калі ты меў на ўвазе адно, а чалавек, які цябе разумее, — меў на ўвазе проста супрацьлеглае?!

Адна з першых песень, напісаных на мае словы, называлася «Шарык». Магчыма, яна адрасавана дзецям, магчыма, дарослым. Верш пісаўся ў мінорным настроі. Калі малады маладзечанскі кампазітар Віктар Кажухар аддаў касету з запісам, я паслухала і была ўражана да глыбіні душы. Суцэльны, нястрыманы мажор!

— Віктар, адкуль вы ўзялі такую радасць?!

Кампазітар мяне відавочна не зразумеў:

— Вы што, не памятаеце, якія словы ў прыпеве?

Яркая зелень — колер надзеі,

Вяртання пачуццяў са сну, забыцця.

Колер зялёны, колер зялёны,

Колер жыцця!

«І праўда. — падумала я. — Можа, кампазітару лепш відаць?»

Нарадзіўся «Шарык» нечакана. Тэкст я аддала Алене Атрашкевіч, ён стаяў на яе фартэпіяна. Аднойчы да Алены зайшоў у госці Віктар Кажухар, які працаваў у той жа музычнай вучэльні. Пра што могуць размаўляць два кампазітары? Вядома, пра музыку і творы, напісаныя і будучыя. Віктар убачыў тэкст «Шарыка».

— Лена, аддай яго мне!

Алена памаўчала. Бо каму ахвота аддаваць тое, над чым ты сам планаваў працаваць?

— Ладна, Віця, бяры. Але аддаю толькі табе. Іншаму б не аддала...

Мажорную песню з энтузіязмам спявалі дзіцячыя харавыя калектывы, дзеці-салісты, а некалькі гадоў таму з задавальннем узяла ў свой рэпертуар дзіцячая эстрадная студыя «Наталі», якая існуе ў Мінску. Яе выхаванцы выступаюць не толькі ў Беларусі, але таксама і ў Італіі, Францыі, Егіпце.

Праз некалькі гадоў на аснове песні быў зняты кліп. Ён перамог падчас глядацкага галасавання ў тэлеэфіры, у перадачы, якую вяла Ксенія Сітнік, а потым на працягу тыдня яго «круцілі» на ўсіх экранах мінскага метро. Прычым, ледзь не па дзесяць разоў на дзень. Стаю я на платформе, чакаю цягніка, а на ўсю станцыю жыццярадасна гучыць: «Яркая зелень — колер надзеі!» І нечакана, і нават смешна... Напэўна, Віктар інтуітыўна адчуў, што песня яго, калі папрасіў аддаць яму тэкст.

Праз некалькі гадоў пасля «Шарыка» нарадзілася яшчэ адно сумеснае сачыненне. Змешаны хор «Адам і Ева». Ноты Віктар аддаў у рукі Наталлі Міхайлавай. Беларускія кампазітары яе любяць — ноты нясуць і нясуць. Стосамі, папкамі, асобнымі партытурамі. Ведаюць: калі хор Міхайлавай возьме партытуру ў работу, атрымаецца вытанчаная рэч, зробленая з любоўю.

Прагледзеўшы ноты «Адама і Евы», а прафесіяналу дастаткова менавіта прагледзець, бо ён іх чытае з ліста (гледзячы на ноты, чуе выніковае гучанне), Наталля Уладзіміраўна сказала: «Нарэшце... Усе хары на вашы тэксты, напісаныя жанчынамі, лірычныя. Калі лірыкі ў праграме зашмат, атрымліваецца аднастайна. А тут — усмешка, гумар, іронія... У сучаснай харавой літаратуры гэтых фарбаў так не хапае!»

«Дзіўна! — падумала я тады. — Мяне цікавіла «карцінка», тое, што адбываецца ў райскім садзе, калі стомлены Бог заснуў, а нядаўна створаныя ім Адам і Ева толькі прачнуліся. Не думала я ні пра гумар, ні пра іронію... А кампазітар, бач ты, адшукаў!»

І яшчэ цікавы выпадак, таксама звязаны з інтэрпрэтацыямі. Дырыжор Вера Іванаўна Дабравольская шмат гадоў кіруе ў мінскай Школе мастацтваў узорным хорам «Ветрык». Звычайна «профі» ходзяць на самыя розныя канцэрты. Не толькі, каб паслухаць новыя творы, атрымаць эстэтычную асалоду. Яны шукаюць рэпертуар. Новае, свежае, нечаканае... Трапіўшы на канцэрт, дзе прагучалі тры першыя часткі харавой паэмы «Кахаю...», Вера Іванаўна была зачараваная гармоніяй і прыгажосцю адной з частак, якая называлася «Аддам табе любоў...».