Дырыжор папрасіла кампазітара перарабіць хор, напісаны для змешанага складу, на жаночы. Бо працуе з хорам дзяўчынак. Алена Віктараўна перарабіла. Калектыў вывучыў твор і павёз на гастролі ў Пецярбург. Вярнуўшыся, Вера Іванаўна расказвала, як тлумачыла юным спявачкам сэнс асобных радкоў. Я дзівілася, бо такія пачуцці з пэўнымі радкамі ў мяне зусім не звязваліся.
— Вера Іванаўна, я пра гэта нават і не думала! Усё прасцей....
— Не! — рашуча запярэчыла дырыжор. — Вы не разумееце сэнсу свайго тэксту!
І пачала тлумачыць. Я слухала яе і думала, што эмацыйны вынік залежыць не столькі ад слова, колькі ад яго інтэрпрэтацыі кампазітарам. Музыка надае вершам тую непрадказальную глыбіню, якую аўтар тэксту, магчыма, нават не ўяўляў.
Начная прэм’ера
Вясной 2003 года я пазнаёмілася з цікавым чалавекам — ваенным дырыжорам Аляксандрам Фёдаравым. Ён моцна адрозніваўся ад таго стэрэатыпу вайскоўца, які склаўся дзякуючы экранным ці літаратурным штампам, магчыма, шматлікім анекдотам. Вайскоўцы ўяўляліся ў большасці сваёй людзьмі сурова-маўклівымі (калі не велічна-манументальнымі), «бронзавымі», закрытымі, нешматслоўнымі, не схільнымі да раскаванасці і эмоцый. Фёдараў гэтае ўяўленне разбурыў адразу. Ён чалавек рухомы, хуткі, робіць некалькі спраў адразу, эмацыянальны, умее пажартаваць з іншых і сябе. Яго расхінутасць жыццю і людзям, эмацыянальная шчырасць падкуплялі.
Падчас гутаркі Аляксандр Уладзіміравіч спытаў, ці няма ў мяне вершаў пра армію. Бо сучасных, прыгожых песень пра салдат і афіцэраў катастрафічна не хапае. Абяцала падумаць, а пры выпадку паказаць — калі што «армейскае» сапраўды будзе.
Падчас чарговай сустрэчы аддала тэкстаў дзесяць, у тым ліку і верш «Салдацкія сны». А чаму не напісаць, што сніцца салдаціку, калі ён спіць у казарме?
— Пакуль нічога з тэкстаў не зачапіла! — рэзюміраваў Фёдараў пры наступнай сустрэчы. — Армейская тэматыка складаная. Шукайце! Прапаноўвайце што-небудзь яшчэ...
— Якраз новае вам прыгатавала...
Сярод стоса новых тэкстаў былі тыя самыя «Салдацкія сны», толькі з іншай назвай — «Чараўніца». Тэкст падабаўся, здаваўся лёгкім, палётным, і мне цяжка было змірыцца з думкай, што з яго нічога не атрымаецца.
Тэксты аддала і занялася іншымі справамі. Кампазітары — людзі далікатныя, не любяць, калі іх пачынаюць тузаць. За крыло ці за крысо. Маўляў, дзе песня, калі будзе?! Кожны твор павінен вырасці сам па сабе, натуральным чынам. Як кветка — спачатку стрэлка, потым лісцё, потым бутон, а ўжо потым і сама яна. Або як яблык на яблыні — саспець і наліцца сокам.
Карацей, пра «Чараўніцу» я нават забыла. Аднойчы ў будзённы дзень, недзе бліжэй да дванаццаці ночы, калі святло ў кватэры ўжо было выключана і ўсе паціху засыналі, у цішыні раптам пачуўся бадзёры тэлефонны званок. Паколькі сын быў бліжэй да тэлефона, дык ён і ўзяў слухаўку.
— Мама, ізноў цябе!
Прыкрыўшы трубку рукой, незадаволена:
— Па-мойму, ізноў твае кампазітары. Хоць бы паспаць далі! Заўтра, між іншым, у школу рана падымацца...
Адчуваючы сябе вінаватай, бяру тэлефонную слухаўку. Кажу як мага больш ціха, таксама прыкрыўшы яе рукой:
— Алё...
— Таццяна, — чую на тым канцы проваду радасны голас ваеннага дырыжора, — Фёдараў турбуе. Я вас віншую! Песня ёсць...
— Якая песня? — са сну не ўцяміўшы, пра што гаворка, пытаюся я.
— Як — якая?! «Чараўніца»! Хочаце паслухаць? Я зараз вам сыграю... Як-раз сяджу ля піяніна...
— Вядома, хачу! Іграйце...
Пасля маёй рэплікі сын па-тэатральнаму гучна ўздыхнуў — з выглядам заўсёднай ахвяры мамінай нястомнай творчасці. Але што я магла сказаць Фёдараву?! Можа, ён дзесяць хвілін назад гэтую песню закончыў? Ну, не выспімся сёння — выспімся заўтра... Пасля таго, як лёгкая, светлая і гарэзная мелодыя прагучала, аўтар музыкі перайшоў да практычных пытанняў:
— Таццяна, толькі мне не падабаецца адзін радок. Вазьміце, калі ласка, тэкст, можа, паправім зараз жа...
Тут давялося сказаць, што святло ў кватэры патушана ўжо і ўключаць я яго не буду. Радкі ўдакладнілі ў наступны дзень.
Далейшая гісторыя «Чараўніцы» разгортвалася досыць нечакана. Спачатку Фёдараў паказаў песню «Сябрам» і Анатолю Ярмоленку. Але паколькі калектыў шмат гастралюе, прапанова энтузіязму не выклікала. Тады аўтар прапанаваў яе Аляксандру Ціхановічу і Ядвізе Паплаўскай. Ціхановіч адгукнуўся адразу: «Гэта — маё! Больш нікому не прапаноўвай і не паказвай!»