Выбрать главу

Амаль месяц ішла напружаная праца над аранжыроўкай 4-хвіліннай песні, бо хацелі паспець да 23 лютага, святкавання Дня абаронцаў Айчыны, каб выканаць песню на ўрачыстым канцэрце, які традыцыйна адбываецца ў Палацы Рэспублікі. У студыі асобна пісалі хор Акадэмічнага ансамбля песні і танца Узброеных Сіл. Асобна — Узорна-паказальны аркестр Узброеных Сіл, якім тады кіраваў сам Фёдараў. Асобна — Сашу і Ядзю, як іх з любоўю называюць слухачы. Асобна — «рэпераў», гурт «Чук і Гек». Так званае «звядзенне», калі гукавыя дарожкі спалучаюцца ў адну, рабілі ў студыі дуэта.

Паспелі! Прэм’ера песні адбылася спачатку на Беларускім радыё, потым у Палацы Рэспублікі, у фінале канцэрта, на які звычайна прыберагаюць новае і адметнае.

А далей «Чараўніца» трапіла ў тэлепраект «На скрыжаваннях Еўропы», дзе трымалася ў хіт-парадзе амаль паўгода. Былі тыдні, калі ў інтэрнэце за яе галасавала больш за 1200 чалавек! Потым яна выйшла ў фінал «Скрыжаванняў», калі з 80 песень журы адабрала 17 лепшых. «Вельмі нечаканая песня! Звычайна жанчыны не ўмеюць пра армію пісаць...» — здзіўлена сказаў пры сустрэчы вядомы беларускі кампазітар-песеннік Эдуард Зарыцкі.

Неспадзявана аўтара вершаў намініравалі на лепшага паэта года — у ліку пяці іншых песеннікаў, Ядвіга Паплаўская перамагла ў намінацыі «лепшая аранжыроўка года». Першы Нацыянальны канал выпусціў дыск з песняміпераможцамі, у тым ліку з нашым «хітом». Летам 2004 года песня з’ездзіла ў Віцебск на «Славянскі базар», яе паказвалі ў межах міжнароднага праекта, у якім выступалі лепшыя духавыя аркестры свету.

А пачыналася жыццё «Чараўніцы» з начной прэм’еры...

Пачуцці Барбары Радзівіл

Супрацоўніцтва з кампазітарам Алінай Безенсон пачалося нечакана. Напрыканцы вясны 2003 года я ведала, што праз паўгода ў касцёле Святога Роха павінен адбыцца першы вечар, дзе прагучаць творы кампазітараў, створаныя на мае вершы. Частка праграмы ёсць, але напісанага відавочна не хапала.

У Саюзе кампазітараў, які знаходзіўся тады на вуліцы Леніна, ладзіліся праслухоўванні новых твораў айчынных аўтараў. На адным з праслухоўванняў мы аказаліся побач, — Атрашкевіч, Безенсон і я.

— Калі ў вас восенню вечарына, — звярнулася да мяне Алена, — прапануйце Аліне свае тэксты. Магчыма, за лета яна напіша. А восенню мы іх пачуем ужо...

Як проста! Ды толькі ніхто, акрамя Атрашкевіч, да такой ідэі не дадумаўся. Я падаравала кампазітару зборнік вершаў «Рабро Адама». І ўсе мы выправіліся на прыроду. Бліжэй да рэчкі, зеляніны, ягад...

У канцы жніўня Аліна патэлефанавала і ўзрадавала, што новыя сачыненні сапраўды з’явіліся. «Маналог Барбары Радзівіл» і вакальны цыкл «Імгненні» з чатырох частак. Ура! Адразу такі ўраджай!

Вобраз Барбары ўзнік невыпадкова. Ён даўно займаў маё ўяўленне. На той час існавала драматычная паэма Раісы Баравіковай, пастаўленая ў адным з мінскіх тэатраў. У Купалаўскім ішла п’еса Аляксея Дударава «Чорная панна

Нясвіжа». Дзеля справядлівасці заўважу: яшчэ раней, чым п’еса, у мяне ўзнікла ідэя і тэкст лібрэта гістарычнага балета «Барбара Радзівіл». Часопіс «Мастацтва», дзе я працавала, друкаваць яго не рызыкнуў. Відаць, пабаяліся, што ўслед драматургі панясуць п’есы. У 1998-м лібрэта апублікавала іншае выданне, «Тэатральная творчасць».

Захопленая вобразам і сюжэтам, я знайшла кампазітара, якому тэма спадабалася. Была нават напісана частка музыкі будучага балета. Але паколькі мы не знайшлі харэографа, які цікавіўся б такой прапановай, дык партытура, на жаль, так і засталася няскончанай. Але вобраз Барбары, водгулле яе ўзнёслага і трагічнага кахання ўвесь час нябачна прысутнічалі ў маім жыцці. І таму хацелася праз вершаваныя радкі выявіць эмацыйны стан жанчыны, якая чакае каханага.

Касцёл Святога Роха, камерная зала філармоніі. Амаль цёмная, пакуль пустая, бо ідзе рэпетыцыя.

— Пазнаёмцеся, а вось і наша Барбара Радзівіл...

Аліна прадстаўляе Святлану Старадзетка, салістку Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Яна будзе спяваць «Маналог...» і цыкл «Імгненні». На рэпетыцыі прысутнічае вядомы дырыжор Генадзь Праватораў. Кампазітар, спявачка і канцэртмайстар Таццяна Дуброўская ўдакладняюць то аптымальны баланс голасу, прыгожага палётнага сапрана, і інструмента, то фанетычныя штрыхі, то эмацыянальна-сэнсавыя адценні музыкі. Калі сачыненне выконваецца ўпершыню, усе хвалююцца. Бо вынік — непрадказальны. Да таго часу, пакуль артыстка не выйдзе на асветленую сцэну, у промні «юпітараў»...

Для шырокай аўдыторыі Святлана літаральна адкрыла і «Маналог», і вакальны цыкл. Паспрыялі выключная эмацыянальнасць. Здольнасць перадаць у голасе і акцёрскай ігры разнастайныя адценні пачуццяў. Бясспрэчная эратычнасць. Але яшчэ і свабода адчування сябе ў розных вакальных стылях. Потым у вакальнага цыкла з’явіліся новыя выканаўцы — Галіна Сакольнік, Ірына Лой, ён прагучаў на некалькіх міжнародных фестывалях. Але першае выкананне заўжды запамінаецца як самае хвалюючае.