Выбрать главу

Нястомнасць

Сапраўднае шчасце, калі маеш магчымасць адначасова супрацоўнічаць з рознымі кампазітарамі. Некалі Марк Твэн дасціпна заўважыў: «Не насіце ўсе яйкі ў адным кошыку». Яго параду часта згадваюць фінансавыя аналітыкі, калі паўстае пытанне, у якой валюце лепш захоўваць асабістыя зберажэнні.

Але і свае тэксты не варта «грузіць» у кошык аднаго кампазітара. У пэўны момант вы можаце нечакана і глыбока расчаравацца ў асобе адно адна­го. Паважаны суаўтар можа заняцца іншым жанрам, атрымаць прэстыжную ці тэрміновую замову. А ты пакуль абмяркоўвай сумесныя планы з іншым творцам. Не варта думаць, што для кампазітара, які працуе ў галіне вакальнай музыкі, ты — адзіны вершаплёт з тых, што існуюць на свеце. Ён мае права супрацоўнічаць з рознымі аўтарамі, шукаць патрэбныя тэксты ў класікаў.

У Аліне Безенсон мяне заўжды прываблівала неверагодная разнастайнасць жанраў, а таксама дзівосная інтэнсіўнасць творчай працы. Здольнасць не спыняцца і не стамляцца. І тых, хто з ёй супрацоўнічае, і тых, хто яе творы іграе і спявае, Аліна міжволі прывучае да звышімклівага тэмпу. Уласным імпэтам і энергіяй пераконваючы — няма невырашальных задач! Яны такімі здаюцца? Значыць, мы мала працавалі. Аліна Іванаўна слушна лічыць: калі ў пэўным калектыве яе не сустракаюць з расхінутай душой, не варта апускаць крылцы (прабачце, рукі), а трэба настойліва шукаць далей.

Кожную восень разам з Алінай мы паказвалі новыя сумесныя творы. Спачатку «Маналог Барбары Радзівіл» і вакальны цыкл «Імгненні». У наступным, 2004-м, калі ў вялікай зале Акадэміі музыкі спадарыня Безенсон арганізоўвала ўласную вечарыну, яна прэзентавала паэму «Спакуса» («Гора таму, хто зрабіўся рабом...») для барытона і хору. Паэму выконвала Гродзенская харавая капэла пад кіраўніцтвам дырыжора Ларысы Іконнікавай і саліст оперы Віктар Скорабагатаў.

Праграма праекта аказалася на дзіва разнастайная — Канцэрт для фартэпіяна з аркестрам, араторыя «Страцім-лебедзь», сімфанічныя і харавыя творы. У зале сабраліся «профі». Іх цяжка здзівіць, бо прафесійныя музыканты і прафесура акадэміі наслухаліся за сваё жыццё ўжо столькі опусаў, што трэба быць дужа арыгінальным, каб пачуць з іх вуснаў нават сціплую ўхвалу. Якое ж было здзіўленне — кампазітара і маё, калі праз нейкі час з’явілася рэцэнзія тагачаснага прарэктара акадэміі, музыказнаўцы Юрыя Златкоўскага, які палічыў «Спакусу» адным з лепшых сачыненняў, паказаных у праграме. Вядома, тое плён працы кампазітара. Бо вершаў і нот у шуфлядах пісьмовых сталоў ляжыць шмат, яны маўклівыя і нерухомыя. А жыццё набываюць яны тады, калі знаходзяць сцэнічнае ўвасабленне.

Аліна рана ўсвядоміла тэзіс, без якога не можа існаваць сучасны беларускі кампазітар. Напісаць твор (выдатны, арыгінальны, нечаканы) па цяперашнім часе мала. Аўтар музыкі, калі ён хоча паказаць грамадскасці вынік уласнай працы, павінен быць яшчэ і менеджарам. А значыць, думаць пра фінансавую частку праекта. Пра транспарт для выканаўцаў, калі яны едуць з іншага горада. Умець распаўсюдзіць квіткі на аўтарскі вечар. Увогуле быць майстрам на ўсе рукі. Сесці за раяль і акампанаваць салісту ці хору, з якім супрацоўнічаеш. На адным з міжнародных фестываляў Аліна акампанавала хору на домры, па класе якой вучылася ў Гродзенскім музычным вучылішчы. Калі супрацоўнічаеш з такім кампазітарам, адчуваеш сябе як за каменнай сцяной. Бо ведаеш: Аліна заўжды дапаможа.

Працэс супрацоўніцтва аўтара тэксту і аўтара музыкі — гэта не толькі пошук патрэбнага радка, адметнай музычнай інтанацыі. А яшчэ і рух насустрач. Не магу сказаць, што з Алінай мы адразу ідэальна адна адну зразумелі. Вядома, я была шчаслівая, што кампазітару аказаліся патрэбныя мае вершы, і ў выніку ўзніклі такія нечаканыя і арыгінальныя творы, пра якія я нават уявіць не магла.

Часам мы эмацыйна збліжаліся, потым зноў аддаляліся. Крыху прыгнятала імкненне Аліны заўжды кіраваць сітуацыяй і працэсам (напэўна, такая якасць неабходная для педагога, які працуе з дзецьмі).

Але імкненне да агульнага мастацкага выніку прымушае кожнага карэкціраваць уласны характар і яго праявы.

Думаю, фундаментальная крыніца поспеху Аліны Іванаўны — у глыбокай рэлігійнасці. І гэта не мода, не гульня на публіку, а сутнасць. Гледзячы на яе, пераконваешся: Бог сапраўды дапамагае таму, хто ў яго шчыра верыць і звяртаецца з просьбамі аб духоўнай падтрымцы.