Аднак вярнуся да згадак пра агульныя опусы. Восенню 2004 года Аліна прадставіла публіцы дуэт «Адчуваем мы прысутнасць Бога». Назва аказалася ўдалай. І адзін са сваіх наступных вечароў кампазітар назвала менавіта так. Дуэт меў нязвыклы склад выканаўцаў — сапрана, мецца, фартэпіяна і флейта. Апошні інструмент гучаў пераважна ў пройгрышах і, здавалася, увасабляў нячутныя, лёгкія крокі Бога.
Як толькі кампазітар адмаўляццца ад звыклай формы (спявак і фартэпіяна), а прыдумвае больш складанае інструментальнае суправаджэнне, колькасць яго клопатаў адначасова рэзка павялічваецца. Бо пытанне, дзе знайсці флейтыста (віяланчэліста, ударніка, арганіста) павінен вырашыць ён сам. Як і паклапаціцца пра набор нот, іх карэктуру, пра тое, каб усіх выканаўцаў забяспечыць раздрукаванымі партыямі.
Пасля прэм’еры, якую выконвалі Нэлі Душчынская і Галіна Сакольнік, мая даўняя знаёмая Людміла Русак, дачка славутага паэта-песенніка, ці то захоплена, ці то разгублена прызналася:
— Я і не ведала, што ў нашай філармоніі працуюць такія салісткі!
Потым дуэт займеў новых інтэрпрэтатараў. Калі твор выкананы неаднойчы, а жыве і змяняецца адпаведна індывідуальнасцям вакалістаў, гэта міжвольнае сведчанне, што вы яго зрабілі як мае быць. І надоўга... Але самыя значныя сачыненні і найбольш цікавыя моманты супрацоўніцтва з Алінай былі яшчэ наперадзе.
Перформанс як жанр
Цудоўна, калі прафесія дапамагае табе сустракацца з безліччу таленавітых людзей. На адным з канцэртаў у касцёле Святога Роха, якія ладзіла Беларуская асацыяцыя сучаснай музыкі, давялося пачуць незвычайны музычны спектакль. Мо больш дакладна яго было б назваць музычным перформансам, акустычнай медытацыяй?
«Песні Басё» былі напісаны беларускім кампазітарам Ганнай Кароткінай на тэксты знакамітага японскага паэта XVII стагоддзя. «Песні» ствараліся спецыяльна для беларускай спявачкі Вольгі Сотнікавай. Прыгажуня, уладальніца адметнага мецца-сапрана, яна, нягледзячы на малады ўзрост, на той час аб’ездзіла з гастролямі ці не ўсю Еўропу, стажыравалася ў Англіі, Італіі, некалькі разоў перамагала на прэстыжных міжнародных конкурсах.
Мне заўжды ўяўлялася, што Вольга Сотнікава належыць іншай, крыху незямной прасторы. Не нашай і не побытава-паўсядзённай, са штурханінай у грамадскім транспарце і чэргамі ў крамах. Яе лёгка ўявіць гаспадыняй англійскага замка або радавога маёнтка на поўдні Францыі. Уладальніцай велікасвецкага салона, дзе збіраюцца самыя яркія і таленавітыя асобы эпохі. За раялем, у атачэнні гасцей...
Так у адным музычным праекце сабраліся таленавітыя людзі. Творы Ганны Кароткінай гучалі ў многіх краінах Еўропы, выконвалася на прэстыжных фестывалях фартэпіяннай, арганнай і харавой музыкі.
Але вернемся да Басё. Сплаў японскага верша, гучання чалавечага голасу, імправізацыі фартэпіяна, за якім сядзела кампазітар, і ўдарных, ля якіх чараваў, іншага слова і не падбярэш — віртуоз Аляксандр Новікаў, рабілі незвычайнае ўражанне.
Сотнікава не спявала ў звыклым разуменні, а чытала нараспеў японскія вершы, але сінтэз рэчытацыі і інструментальнай імправізацыі даў нечаканы эфект. Акустычны, эмацыянальны і мастацкі. Цудоўныя рамансы, якія гучалі ў першай частцы канцэрта, неяк міжволі пабляклі, падаліся традыцыйнымі і... у нечым састарэлымі. Падчас прэм’еры міжволі думалася, што, магчыма, такія творы, як «Песні Басё» — пачатак новага напрамку ў айчыннай музыцы ХХІ стагоддзя?
Пасля прэм’еры, якая прайшла на «ўра», падышла да кампазітара.
— Ну як? — спытала Г анна.
— Супер... — толькі і змагла вымавіць я, бо ўражанне не ператваралася і не пералівалася ў словы.
— Вы хацелі б, каб такі спектакль мы зрабілі на вашы вершы?
Пытанне было рытарычнае. Хто можа адмовіцца ад такой зваблівай і нечаканай ідэі?
Як нараджалася «Мора»
Працэс стварэння музычна-тэатральнай пастаноўкі, асабліва, калі тая займела потым шырокі розгалас, надзвычай цікава ўспамінаць. Праца над перформансам, які спачатку называўся «Мора, музыка і ты», а потым проста «Мора», ішла вясной і летам 2005 года.
У прыродзе існуе чатыры стыхіі — вада, зямля, паветра, агонь. Можна лёгка ўявіць, як выглядае перформанс, звязаны з агнём-вогнішчам-полымем (бо існуюць на дзіва відовішчныя вогненныя шоу). А ўявіць перформанс, у цэнтры якіх зямля і паветра ў якасці вызначальных матэрый, больш складана. Хоць мысленне сучасных мастакоў такое вынаходлівае, што ад іх можна чакаць што заўгодна.