Мора — магутная стыхія, не падуладная чалавеку. Але і музыка — таксама стыхія. І эмоцыі чалавека, захопленага каханнем, маюць тую ж прыроду, той жа ірацыянальны пачатак, не заўсёды падуладны волі. Таму спектакль у рэшце рэшт атрымаўся пра мора, музыку, пачуцці жанчыны.
Ганна прапанавала, а я выбрала са сваіх вершаў 12-13 тэкстаў, звязаных з тэмамі стыхіі — мора, музыкі, чалавечых эмоцый. Далей кампазітар і выканаўцы працавалі самі, паабяцаўшы паклікаць на генеральную рэпетыцыю. Каб паказаць гатовы вынік. Глыбока паважаю кожнага кампазітара, з якім супрацоўнічала, але ніколі не сустракала такога паважлівага, трапяткога стаўлення да ўласных радкоў, якое ўзнікла ў гэтым перформансе. Мяне не прымушалі перарабляць, дапісваць, доўга і безвынікова пакутаваць. Проста ўзялі — і пачалі з імі працаваць. Будуючы вакол іх музычную драматургію.
Кароткіна — кампазітар, неверагодна таленавіты. І разам з тым асоба не надта простая. Актыўная, часам аўтарытарная. Чуе музыку, але, здараецца, не чуе цябе або артыста. Але ж калі творца хоча мець адпаведны вынік, з’яднаць розныя індывідуальнасці падчас аднаго спектакля, яму цяжка быць рахманым.
Пакуль удзельнікі перформанса сустракаліся, абмяркоўвалі, рэпеціравалі, я займалася арганізацыйнымі клопатамі. Сцэнарый, праграмка, прэс-рэлізы для прэсы і тэлебачання, тэлефонныя званкі з запрашэннямі. А таксама каляровыя афішы — ажно ў трох варыянтах (іх нам прыдумаў і зрабіў Андрэй Гапіенка, дызайнер, які працаваў тады ў Нацыянальным акадэмічным тэатры балета). Наяўнасць афіш не прадугледжана сціплым бюджэтам філарманічнага праекта, таму выдаткі мы з кампазітарам падзялілі на дваіх. І так бывае! Лепшаму ўспрыманню спектакля паспрыяла і тое, што ў праграмцы канцэрта мы надрукавалі вершы, якія будуць гучаць.
Перформансы часта ладзяць мастакі і танцоры, якія працуюць у сучасных жанрах, а музыканты — непараўнальна радзей. Калі жанр выказвання незвычайны (а значыць, і матэрыя, з якой узнікае тканіна твора), тут шмат залежыць ад кампазітара і інтэрпрэтатараў.
Склад інструментаў і выканаўцаў нязвыклы. За фартэпіяна — кампазітар (яна — аўтар музыкі, але і піяністка). Спявачка Вольга Сотнікава — галоўная дзейная асоба. Хоць, мажліва, галоўным персанажам з’яўлялася ўсё-такі мора. Артыстка прамаўляла вершы, час ад часу спявала. Простая на першы погляд роля патрабуе неверагодна дакладнай дыкцыі, каб кожнае слова і гук былі чуваць. Патрабуе натуральнага пераходу ад рэчытацыі да вакалізаў. Праз тэкст і за ім публіка заўжды бачыць артыста. На залу ўздзейнічае і выразнасць твару, і сцэнічнае адзенне (рамантычная сукенка колеру бледна-блакітнага, ранішняга мора была прыдуманая дызайнерам Людмілай Лабковай).
Два інструменталісты. Яўген Мікляеў, віяланчэліст сімфанічнага аркестра філармоніі. І перкусіяніст Аляксандр Новікаў з таго ж аркестра, непераўзыдзены віртуоз, які «шаманіць» ля ўдарных прылад. Заўважу, што ўдарныя інструменты заўжды надаюць твору на дзіва сучаснае гучанне і правакуюць самыя разнастайныя тэмбравыя і санорныя эксперыменты.
«Мора» было паказана ўсяго двойчы. Спачатку ў маі 2005 года, на творчай вечарыне спявачак філармоніі Святланы Старадзеткі і Вольгі Сотнікавай. А ў кастрычніку таго ж года на маёй аўтарскай вечарыне, якая мела назву «Святло невыказнае».
Калі «Мора» мы збіраліся прэзентаваць другі раз, аркестр філармоніі выправіўся на працяглыя гастролі. Таму Кароткіна тэрмінова шукала замену, хвалявалася і, вядома, нервавалася. Бо невядома, ці атрымаецца з іншым складам выканаўцаў такі ж мастацкі эфект? З аркестра Тэатра оперы і балета запрасіла перкусіяніста Уладзіміра Судноўскага, з аркестра капэлы «Санорус» — віяланчэліста Сяргея Стасевіча. У празрыста-летуценнай тканіне спектакля, пасажах фартэпіяна і віяланчэлі асабліва тонкай успрымалася прыгажосць асобных гукаў і акордаў. У адных эпізодах, здавалася, чуўся плёск пяшчотных хваль, а ў іншых — узрушаная марская стыхія.
«Разынка» праекта заключалася ў тым, што частка нот існавала ў рэальнасці, на паперы. Але кожны музыкант у пэўны час павінен быў імправізаваць. А значыць, дакладна адчуваць эмацыйны стан, сола ці дуэты іншых. Здольнасць імправізаваць перад залай — ці не вышэйшае сведчанне прафесіяналізму. А яшчэ багатай фантазіі, абсалютнай пачуццёвай разняволенасці, здольнасці мець моцную энергетыку.
Калі публіка прыходзіць слухаць песні або рамансы, дык ведае, што ёй прапануюць. І настройваецца адпаведна. Сярод гледачоў «Мора» аказалася шмат творчых асоб. Публіка выглядала азадачанай. Адначасова разгубленай і ўзрушанай. Пасля кожнага з паказаў неаднойчы нам задавалі пытанні: «А калі вы гэту праграму пакажаце зноў?»