Мне споўнілася 11 ці 12 гадоў, калі аднойчы бацька прынёс з акадэмічнай бібліятэкі манаграфію, прысвечаную Чайкоўскаму, вялізны том музыказнаўцы Альшванга. Спачатку прачытала, а потом, седзячы за фартэпіяна, прайгравала найбольш вядомыя эпізоды опер, балетаў, галоўныя музычныя тэмы. Дзіцячыя ўспаміны — яны вызначальныя. І застаюцца ў сховішчах памяці на ўсё жыццё...
Пад кіраўніцтвам Аляксандры Нікалаевай
З дзяцінства неадольна вабіў балет. Калі вучыліся ў першым класе, выправіліся ў культпаход на «Лебядзінае возера». Наступны раз я пайшла на ранішні балетны спектакль сама — замест таго, каб прыйсці ў нядзелю на школьнае мерапрыемства. За свавольства атрымала ад класнага кіраўніка вусную, але вымову. Пры ўсіх вучнях... Было крыўдна, але ў душы жыло перакананне, што тэатральныя ўражанні больш цікавыя і важныя, чым панылы сход.
У дзесяць гадоў упершыню ўбачыла па тэлевізары балет «Жызэль». Тое ўзрушэнне засталося ў памяці ажно на некалькі дзесяцігоддзяў. Як быццам неспадзявана адкрылася іншая, агромністая прастора, іншы свет. Непараўнальна лепшы за будзённы і паўсядзённы, які існаваў вакол. Свет фантастычны, ілюзорны, але прасякнуты прыгажосцю і моцнымі пачуццямі, якіх не хапала ў рэальнасці. Тое ўражанне павярнула ўсё жыццё ў іншым накірунку. З таго моманту збірала ўсё, што мела прамое ці ўскоснае дачыненне да балета, — кнігі, альбомы, часопісы, паштоўкі з выявамі артыстаў. Прычым, іх кошт не меў абсалютна ніякага значэння. Спачатку — балет, а потым усё астатняе — па магчымасці.
У пэўны момант я вырашыла: з таямнічым і загадкавым мастацтвам харэаграфіі трэба знаёміцца бліжэй. Бо зразумець пабудову танца, сольнага ці масавага, народнага ці характарнага, можна толькі праз уласныя рукі і ногі. У 8-м класе пайшла запісвацца ў студыю класічнага танца, якая існавала ў Палацы культуры прафсаюзаў. Ён і цяпер знаходзіцца на Кастрычніцкай плошчы сталіцы. Бацькам нічога не сказала, дазволу не пытала. Знайшла, запісалася. Выправілася на першыя заняткі, загадзя купіўшы купальнік і «чэшкі». Пабачыла ўсё на ўласныя вочы. Пасля першых заняткаў і паведаміла. Так сказаць, паставіла перад фактам.
Кіравала студыяй легенда айчыннага балета, яго былая зорка, народная артыстка Беларусі Аляксандра Нікалаева, або «баба Шура», як мы называлі яе за вочы.
Праз два месяцы рэпетыцый юныя артысткі, якія прыйшлі ў студыю разам са мной, выйшлі на сцэну. Няхай і ў масавым танцы. Гэты быў беларускі «Дубочак». Уражанне сцэны, асветленай агнямі рампы і «юпіцераў», адчуванне чорнай агромністай прасторы залы, з’яднаныя і пераплеценыя ў душы неверагодныя хваляванні, адказнасць, страх, узбуджанасць, імкненне станцаваць яе мага лепш — засталіся на ўсё жыццё. Сцэна — зачараванае месца. І хто туды трапіў, асабліва ў юнацтве, будзе наступныя гады да яе імкнуцца. Быць на ёй альбо каля яе.
Рэпертуар студыі дзякуючы намаганням Нікалаевай быў багаты і разнастайны: урыўкі з класічных балетаў «Дон Кіхот», «Лебядзінае возера», «Раймонда», «Шчаўкунок», харэаграфічныя мініяцюры, характарныя і народныя танцы. Аляксандра Васільеўна ставіла на нас новыя нумары. Ганаруся, што разам з іншымі ўдзельнікамі студыі паспела выступіць ці не на ўсіх канцэртных пляцоўках Мінска — Дом афіцэраў, Палац спорту, палацы прафсаюзаў, спорту, трактарнага, аўтазавода, чыгуначнікаў, камвольнага камбіната. Аднойчы нават танцавалі на сцэне Опернага тэатра. Шмат ездзілі і па Беларусі, выпраўляліся на гастролі ў Літву.
Салісты, якія займаліся не першы год (часам яны мелі адукацыю, набытую ў харэаграфічнай вучэльні, або паралельна займаліся ў культасветвучылішчы), трымаліся асобна. Моладзь, занятая ў масавых танцах, часцей сябравала паміж сабой.
Вядома, «бабу Шуру» мы любілі. Студыя існавала, развівалася, а значыць, увесь час удзельнічала ў канцэртах, фестывалях, аглядах, выпраўлялася на гастролі найперш дзякуючы яе аўтарытэту, тэмпераменту, нястомнай энергіі. І кіраўніцтва палаца, і студыйцы яе паважалі, але адначасова крыху пабойваліся. Не так яе, як уласцівых ёй успышак нечаканага гневу. Была яна асобай эксцэнтрычнай, настрой на працягу адной рэпетыцыі мог мяняцца імгненна і кардынальна, ад радаснага і лагодна-памяркоўнага да раздражнёнага і спапяляльна-абуранага. Не ўсе вытрымлівалі такі эмацыйны «накат», які ўзнікаў імгненна і да якога ты ніяк не паспяваў падрыхтавацца. Здаралася, хтосьці з салістаў на рэпетыцыі не выходзіў, а літаральна вылятаў з залы, моцна грымнуўшы дзвярыма. Тыдзень не з’яўляўся на занятках, потым прыходзіў, як быццам нічога не здарылася. Салісты мелі права абурацца, «кардэбалет» звычайна моўчкі трываў хвалі гневу. Але што зробіш! Хочаш навучыцца — цярпі...