Было дзіўна! Так проста пабудавана — і такое захапленне?! Напэўна, удзейнічала навізна і нечаканасць жанру. Нязвыклыя ўзаемныя дачыненні слова і музыкі. Ніводная сумесная з кампазітарамі вечарына, якая складалася з больш традыцыйных жанраў, не выклікала такога імкнення асэнсаваць: а што ж гэта было?! Перадача, прысвечаная перформансу «Мора», была паказана на адным з беларускіх тэлеканалаў. Двойчы, з нагоды абедзвюх вечарын пісала пра іх у газеце «Культура» музычны крытык Надзея Бунцэвіч. У штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва» — Светлана Берасцень, у «Народнай газеце» — паэтэса і журналістка Таццяна Ахрэмчык, былі водгукі і ў іншых выданнях. І да гэтага часу не надта разумею, якім чынам кампазітар і выканаўцы здолелі так глыбока закрануць фантазію і свядомасць гледача.
Далёкі плёск хваль
Той дзіўны рэзананс, які займеў перформанс, нарадзіў у нашай творчай групы неверагодную энергію і мноства планаў. Цяпер разумею, што некаторыя з іх аказаліся манілаўскімі. Для пачатку Ганна хацела паказаць «Мора» на вялікай сцэне філармоніі, дадаўшы сцэнаграфію і светлавыя эфекты. Марылі праехаць той жа камандай па ўзбярэжжы Чорнага мора і там прэзентаваць вынік нашых фантазій. Вядома, не публіцы, якая чакае «папсу», а гледачу элітарнаму. Бо арыгінальныя музычныя праекты заўжды карыстаюцца попытам. Узнікала ідэя паказаць перформанс «Мора» на беразе кожнага мора, якое існуе на Зямлі. Жартам я нават склала для Ганны такі спіс.
Планаў шмат. Але... Няма прадзюсараў і арт-менеджараў. Для замежнай вандроўкі патрэбны фінансы, і не маленькія. А галоўнае, як утрымаць каманду? Кожны з выканаўцаў існуе ў межах калектыву, дзе ёсць планы прэм’ер і гастроляў. Ідэальна, калі над чарговымі праграмамі працуе пастаянны калектыў. І для яго засваенне новых музычных сачыненняў — штодзённы клопат. А калі суполка збіраецца на адзін ці два праекты, цяжка, каб графікі і расклады супалі.
Разам з Кароткінай мы задумвалі яшчэ адзін перформанс. Ён меў нечаканую назву, былі сабраныя тэксты. Праца нібыта распачалася. Але не склалася...
Далей у нашы праекты ўмяшалася само жыццё. Неўзабаве пасля другой, восеньскай прэм’еры Вольга Сотнікава выйшла замуж і з’ехала спачатку ў Францыю, дзе працаваў яе муж, потым на яго радзіму, у далёкую Мексіку. Натуральна, калі жанчына хоча быць шчаслівай і ў рэальным жыцці, а не толькі ў творчасці. Цяпер Вольга — шчаслівая мама траіх дзяцей.
Мы з Г аннай спрабавалі знайсці пераемніцу, драматычную артыстку, якая добра спявае, або вакалістку з талентам актрысы. Але некалькі патэнцыяльных выканаўцаў адмовіліся. Відаць, не бачылі сябе ў гэтым праекце.
Удзельнікі перформансу вярнуліся да прафесійных клопатаў. Віяланчэліст Яўген Мікляеў і перкусіяніст Аляксандр Новікаў па-ранейшаму працуюць у Акадэмічным сімфанічным аркестры пад кіраўніцтвам знакамітага дырыжора Аляксандра Анісімава. Уладзімір Судноўскі — у аркестры Тэатра оперы і балета, Сяргей Стасевіч — у капэле «Санорус».
Ганна працягвае эксперыменты ў абраным жанры. Разам з Аляксандрам Новікавым яны зрабілі перформанс на вершы Марка Шагала. Потым ён быў нават паказаны ў Парыжы. Калі тваё імя ў назвах музычных перформансаў стаіць між імёнамі Басё і Шагала — хіба гэта не ўзнімае самапачуванне аўтара, які заўсёды сумняваецца ў каштоўнасці сваіх вершаваных практыкаванняў?
А як жа «Мора»? Яго аўдыяверсія захоўваецца ў фондах Беларускага радыё, відэаварыянт — у архіве кожнага ўдзельніка імпрэзы. Рэха засталося ў афішах, фотаздымках, рэцэнзіях. Магчыма, ва ўражаннях слухачоў. Але, напэўна, галоўнае, наш перформанс аказаўся здольны ў сваіх вобразах і імправізацыях адлюстраваць няхай не ўсе, але многія адценні магутнай і жорсткай, прывабнай, хісткай і зманліва-неспасцігальнай стыхіі.
«Калізей»
Харавы жанр — адзін з найбольш любімых для Аліны Безенсон. Невыпадкова многія кампазітары сябруюць з пэўнымі харавымі калектывамі. Інтарэс тут узаемны. Хору патрэбен свежы рэпертуар, новыя сачыненні, з якімі можна ўдзельнічаць у філарманічных праектах, аглядах і вечарынах, якія не сорамна паказаць на прэстыжных замежных фестывалях. А для аўтара-кампазітара такі калектыў — пляцоўка для эксперымента, апрабацыі ідэй, пошукаў новых форм. Ён марыць пачуць у жывым выкананні нядаўна закончаны опус.
Пералік харавых калектываў, з якімі сябруе Аліна, заняў бы не адну старонку тэксту. Але назаву любімыя. Гэта «Ветрык» на чале з Верай Дабравольскай і «Жывіца», якой кіруе Лідзія Якімавец (яны існуюць у Школе мастацтваў, дзе працуе кампазітар). А яшчэ хоры Гродзенскай капэлы, мінскага Чырвонага касцёла, Акадэмічны хор Белтэлерадыёкампаніі.