Выбрать главу

Плёнам працяглага і плённага супрацоўніцтва Аліны з многімі музычнымі калектывамі краіны зрабіўся шэраг яе аўтарскіх вечароў у вялікай зале філармоніі. Толькі з яе імпэтам можна было некалькі разоў ладзіць маштабнае свята музыкі, калі на сцэне 10—15 хароў змяняюць адзін аднаго на сцэне. Такія ўражанні дарагога каштуюць!

Але вернемся назад, у 2005 год. Падчас нашай сумеснай вечарыны «Святло невыказнае» хор «Арыента» паказаў новы харавы цыкл Аліны Безенсон «Фарбы бясконцага руху». А ў фінале 1-й дзеі прагучала музычная сцэна «На прыступках Калізея». Яе ўвасобілі дзіцячы хор «Крынічка» на чале з дырыжорам Наталяй Агаравай і спявак Віктар Скорабагатаў. Вядомы оперны саліст, Віктар Іванавіч у той час часцей выступаў у якасці рэжысёра, выкладчыка Акадэміі музыкі, і пагаджаўся далёка не на ўсе вакальныя прапановы.

Каб найлепшым чынам прадставіць уласнае сачыненне, кампазітар прыдумала элементы тэатралізацыі. Дзеці, удзельнікі хору, спявалі за кулісамі, а ў фінале, калі гучала малітва, выходзілі на сцэну з маленькімі свечкамі ў руках. Акрамя фартэпіяна, у творы аказаліся патрэбныя ўдарныя і арган. Але апошняга інструмента няма ў камернай зале. Таму за клавішамі, якія маглі перадаць патрэбныя адценні і тэмбры, сядзела сама кампазітар. Асноўны тэкст спяваў Скорабагатаў. І толькі прыканцы кожнай страфы хор адгукаўся словамі: «Распні яго, хутчэй яго распні!»

Калі праца над сачыненнем яшчэ ішла, Аліна мудра заўважыла, што твор не можа заканчвацца змрочным і трагічным словам «распні!». Трэба дадаць тэкст, які пераносіў бы слухачоў у прастору больш высокіх і прасветленых эмоцый. Думалі, шукалі доўга, ды безвынікова. Выйсце знайшлося нечакана. Аліна распавяла пра свой клопат Скорабагатаву, той параіў звярнуцца да Васіля Сёмухі, вядомага перакладчыка, які, акрамя іншага, зрабіў велізарную працу, пераклаўшы Біблію на беларускую мову. Малітвай на беларускай мове, якую спяваў хор, і заканчваўся твор.

Але вернемся да тэксту. Калі сцэна «На прыступках Калізея» прагучала, вядомы кампазітар Сяргей Картэс у антракце спытаў:

— Таня, а чаму гэты тэкст ты мне не аддала?

У ягоным голасе я пачула азадачанасць, пэўную крыўду. Здзіўленне і нават ноты творчай рэўнасці. «Клас! — падумала я тады. — Нават народнага артыста праняло!»

Справа ў тым, што раней я паказвала Сяргею Альбертавічу некаторыя свае вершаваныя опусы. З таемнай надзеяй, што яго нешта зацікавіць. Як можна не захапляцца кампазітарам, які піша оперы, а іх у дадатак ставяць на акадэмічнай сцэне?! Але яго выснова аказалася крыху нечаканай:

— Разумееш, твае вершы жаночыя...

Тады я нічога не адказала, але падумала: «Хм, а чаму яны павінны быць мужчынскія? Усё-такі я — жанчына!» У глыбіні душы здагадвалася: пэўна, Картэсу перашкаджала камернасць. Не хапіла размаху і экспрэсіі. «Калізей» засведчыў: такія якасці ўсё-такі ёсць!

У далёкім 1996 годзе, калі я ўпершыню трапіла ў Рым, выгляд Калізея, часткова разбуранага, але велічнага і магутнага, застаўся ў памяці на ўсё жыццё. Ягоны сілуэт і вобраз выклікаў ланцужок гістарычных і мастацкіх асацыяцый. Антычнасць, рымскія цыркі і гладыятары. Паўстанне Спартака. Раман Джавальёлі і балет Арама Хачатурана. Пастаноўка Юрыя Грыгаровіча ў маскоўскім Вялікім тэатры прызнаная класікай жанру, дзе Спартака танцаваў Уладзімір Васільеў, а Краса — Марыс Ліепа. Харэаграфічная версія Валянціна Елізар’ева, дзе партыі тых жа герояў выконвалі самыя таленавітыя беларускія артысты. Згадвалася кінастужка, дзе Краса іграў славуты Лоўрэнс Аліўе, а Спартака не менш вядомы Кірк Дуглас. Да асацыяцый далучаўся знакаміты верш Анатоля Вярцінскага, які пачынаецца радкамі «Я фільм глядзеў, там Спартака распялі... »

Сэнс і значнасць таго, што вы зрабілі разам з кампазітарам (магчыма, зрабілі інтуітыўна), разумееш, калі бачыш рэакцыю публікі. Потым, аналізуючы ўсё сказанае з нагоды «Калізея», а ён далей займеў яшчэ не адну інтэрпрэтацыю, я ўсвядоміла, што творца мае права адлюстроўваць якія заўгодна тэмы і вобразы сусветнай гісторыі. Так, Італія, антычнасць, але ж убачаная вачыма беларускіх аўтараў.

Акрамя таго, у «Калізеі» закранута адна з галоўных тэм мастацтва — тэма распяцця і крыжа. Пакарання справядлівага і подлага. Тэма асобы і натоўпу, адносін ахвяры і ката. Матыў абрання бяздушным натоўпам ахвяры (у розныя часы і вякі імі, на жаль, часта аказваюцца самыя значныя і яркія асобы эпохі) рабіўся галоўнай ідэяй многіх выдатных твораў мастацтва. Згадаем балеты «Эсмеральда» і «Вясна свяшчэнная».