Крыж завяршае сілуэт кожнага храма, праваслаўнага і каталіцкага. Іконы, дзе адлюстравана тэма распяцця, прысутнічаюць у кожнай царкве. Менавіта ля іх ставяць вернікі свечкі ў памяць пра памерлых. Укрыжаваны Хрыстос — тэма безлічы твораў жывапісу, скульптурных кампазіцый, графічных аркушаў. Трагізм падзеі і пакуты нявіннай ахвяры. Ачышчэнне і смерць. Мяжа быцця і небыцця.
Паказ «Калізея» ў зале Шырмы пераканаў: такому маштабнаму сачыненню тут цесна. Патрэбна большая прастора. Аліне захацелася яшчэ раз вярнуцца да тэмы Рыма. Рэакцыя публікі і словы, сказаныя знаўцамі пасля прэм’еры, натхняюць. Кампазітар зрабіла новы, больш маштабны варыянт музычнай сцэны. Дзіцячы хор ператварыўся ў дарослы і змешаны (дзе яднаюцца жаночыя і мужчынскія галасы). Больш багатай і разнастайнай паўсталі партыі ўдарных і аргана. Сталі думаць: каму прапанаваць для выканання?
У пошуках «Сноў»
Узнікла два варыянты: альбо хор Беларускага радыё, альбо хор Нацыянальнай оперы. Але першы калектыў у той час спяваў багата твораў кампазітара. Таму на пачатку лета 2006 года, калі сезон ужо заканчваўся, мы з Алінай аддалі ноты «Калізея» і «Спакусы» Ніне Іосіфаўне Ламановіч, галоўнаму хормайстру Тэатра оперы і балета. І паабяцалі, што на пачатку восені можа з’явіцца яшчэ адно сачыненне — «Гімн сонцу», які ўрачыстым, светлым акордам завершыць праграму.
Рашэння Ламановіч (цікава — нецікава, будзе — не будзе?) мы з Алінай чакалі з нецярплівасцю і хваляваннем. Для такіх эмоцый меліся прычыны. Калі хор у праекце не з’явіцца, тады трэба арыентавацца на камерную залу філармоніі. Калі салісты спяваюць у суправаджэнні фартэпіяна, дык на вялікай пляцоўцы яны згубяцца. Калі хор усё-такі прысутнічае, трэба планаваць вялікую залу, бо ў малой калектыву будзе цесна.
Але тут варта зрабіць невялікае адступленне. Трапіць з адным ці двума ўласнымі опусамі ў чужыя праекты нерэальна. Ніхто не паставіць адзіны беларускамоўны раманс у праграмы італьянскай музыкі ці старадаўняга рускага раманса. Таму, нягледзячы на ўсе арганізацыйныя складанасці, прасцей зрабіць уласную праграму, у якой ты будзеш адчуваць сябе вольна.
На пачатку 2006 года ў Тэатры оперы і балета распачаўся капітальны рамонт. Балет застаўся рэпеціраваць у сваім будынку, а спектаклі даваў у Палацы Рэспублікі. Опера выступала ў Доме афіцэраў, а рыхтавалася да спектакляў на розных пляцоўках. Салісты — у прасторным, але мала прыстасаваным памяшканні ля парку Горкага, на вуліцы Фрунзе. Хор — у Доме культуры «Сукно» на вуліцы Матусевіча. Адміністрацыя і кіраўніцтва оперы спачатку заставаліся ў тэатры, а потым пераехалі на Фрунзе. У абодвух калектывах колькасць спектакляў рэзка зменшылася. На пляцоўцы Дома афіцэраў оперная трупа выступала толькі ў асобныя дні, бо на гэтую сцэну прэтэндавала і шмат іншых калектываў.
Але на час рамонту опера пачала даваць больш канцэртаў. І ў Мінску, і выязных. Вядома, так існаваць тэатру цяжэй. Больш арганізацыйных клопатаў, не заўсёды ўтульна на чужых пляцоўках. Ды толькі працэс рэканструкцыі, які доўжыўся некалькі гадоў, падказаў цікавую ідэю. Прапанаваць гатовыя творы (рамансы, дуэты, вакальныя цыклы) салістам оперы. Тым больш, што некаторыя з іх — Наталля Руднева, Віктар Скорабагатаў, Таццяна Траццяк, Уладзімір Громаў — іх ужо спявалі. Магчыма, у кампазітараў народзяцца сачыненні новыя. Калі тэатр вернецца ў свой будынак і трупа будзе займацца бягучым рэпертуарам, нават самыя таленавітыя кампазітары з найлепшымі опусамі могуць і не спатрэбіцца. Такую прапанову я выказала сваім суаўтарам-кампазітарам. І мы ўзяліся за справу.
Як робіцца маштабны праект? Спачатку прыдумалі назву. У дадзеным выпадку вырашылі: праект будзе называцца «Сны кахання». У кожнага героя, які ўвасобіць на сцэне гісторыю пачуццяў, уласныя мары, летуценні і сны. Непараўнальна лепш, калі новыя сачыненні пішуцца спецыяльна, да пэўнага праекта, які мае скразную ідэю. Далей абраў пляцоўку, склаў сцэнарый. Пачынаеш шукаць выканаўцаў. Хто лепшыя спевакі ў краіне? Салісты оперы.
Зразумела, спяваць абы-што яны не будуць. І таму, выконваючы сусветную класіку, маюць магчымасць выбіраць. Бо традыцыі высокага і высакароднага жанру раманса не дазваляюць прыстасоўвацца да танных тэкстаў і непатрабавальнага слухача. Калі праект ужо быў паспяхова ўвасоблены, Атрашкевіч трапна заўважыла: «Вы адчулі, што ніша супрацоўніцтва сучасных паэтаў і акадэмічных спевакоў не занятая.» «Ніша» — гэта цудоўна, але за кожным нованароджаным або ўдала выкананым творам стаяла вялікая сумесная праца.