Як рыхтуюцца праграмы старадаўнага рускага раманса або італьянскай музыкі? Ноты даўно напісаныя класікамі, некаторыя з іх вывучаны салістамі яшчэ ў Акадэміі музыкі. Таму канцэртмайстру, які адказвае за праграму, трэба іх разумна размеркаваць паміж выканаўцамі.
А тут трэба стварыць сітуацыю, каб кампазітары тыя творы спачатку нарадзілі. Потым варта здагадацца, што і каму з салістаў паказваць і прапаноўваць. Часам мы з’яўляліся разам з кампазітарам, каб паказаць гатовыя опусы. Здаралася, прыходзіла я, каб паказаць вершы, якія потым могуць быць асновай раманса ці дуэта. Артысты такога ўзроўню могуць выбіраць, што спяваць. Таму варта зразумець, хто што хоча (або не хоча) спяваць, каму блізкія якія тэмы, стылі, музычная мова.
Прывяду некалькі старонак з дзённікаў таго часу. Яны дазваляюць зразумець, што за кожным удала выкананым рамансам ці дуэтам стаяла сур’ёзная арганізацыйная праца.
2006. 22 мая, панядзелак. Раздрукавала на «Белтэлекаме» праграму будучага канцэрта. Для філармоніі і Галіны Генрыхаўны Вагнер, яна — дырэктар Нацыянальнай оперы, ад яе прынцыповага рашэння шмат залежыць.
25 мая. Сустрэча з Вагнер у тэатры. Ідэя ёй спадабалася.
Дадам уражанні размовы, якія захаваліся ў памяці ад таго часу. Каб пераканаць, якім цікавым можа атрымацца праект, я маляўнічымі фарбамі «распісвала» таленты кампазітараў, распавядала, з якім імпэтам працавалі над сумеснымі творамі. Нарэшце працытавала фінальныя радкі «Калізея»:
Няўжо заўсёды будзе так?
І нехта дужы крыкне:
— Распні яго,
Хутчэй яго распні!
— Заўсёды! — упэўнена адказала на пытанне Галіна Генрыхаўна, зацягваючыся цыгарэтай. Рэзюміравала ў прозе, не ў вершах.
Вось яшчэ радкі з дзённікаў.
2006. 25 красавіка. Адвезлаў тэатр ноты для Анастасіі Масквіной. Другі цыкл, наш з Марынай Марозавай. Ёй не падыходзіць, «нізка». Гэты цыкл у рэшце рэшт спявала Эльвіра Рыжановіч. Не падумала, што калі першы цыкл спявала Таццяна Траццяк, нават ёй было крыху нізкавата па тэсітуры.
10 мая. Званкі Алене Бундзелевай, Таццяне Цівуновай, Эдуарду Мартынюку. З Марынай Марозавай сустрэліся ля тэатры. З Бундзелевай сутыкнуліся ў калідоры, абмяркоўвалі, тэксты, якія яна хацела б спяваць. Здаецца, знайшлі агульную мову. Пакуль гаварылі, Цівунова нас не дачакалася (сядзела ў рэжысёрскім упраўленні, пайшла). І непрыемна, і няёмка! Самі прасілі, а высвятляецца, што не арганізаваныя і неабавязковыя паненкі. Усё-такі ўбачыліся з ёй у 17.30, перад вячэрняйрэпетыцыяй. У 18.00размова з Мартынюком.
15 мая. У тэатры пакінула тэксты для Масквіной.
17 мая. Званок Мельнікаву. Паказала тэксты, спадабаліся. Сам Алег Уладзіміравіч хацеў, каб кампазітарам быў Эміль Наско, з якім ён раней супрацоўнічаў. Наско я потым доўга шукала. Не знайшла. Магчыма, таму, што лета, скончыліся ягоныя заняткі ў студэнтаў ва Універсітэце культуры. «Перайгралі» на Уладзіміра Саўчыка. Раманс «Пегас і Парнас» атрымаўся нечакана камедыйным.
19 мая. Тэксты, якія спадабаліся Франкоўскаму, адправіла Аліне па электроннай пошце. Верш, які больш за ўсё прывабіў Сяргея Валянцінавіча, з сольнага потым ператварыўся ў харавы «Гімн сонцу».
Не адразу зразумела, што вядучых салістаў, якія «цягнуць» на сабе асноўны рэпертуар (Сяргей Франкоўскі, Ніна Шарубіна), або надзвычай занятых выканаўцаў (Алена Шведава, Алена Бундзелева), не варта турбаваць. У іх сваіх планаў столькі, што ім займацца нашымі сачыненнямі няма часу.
Тэксты, якія спадабаліся іншым, планую аддаць Марозавай, Даўгалёву, Безенсон, Андрэенка, Саўчыку. Вядома, арганізацыйныя клопаты мяне «забадалі». Спадзяюся, потым слухаць будзе прыемна і цікава, але пакуль бачу толькі будаўнічыя рыштаванні, друз і пыл.
Ці лёгка напісаць гімн?
Вясной 2006 года мы з Алінай не надта абачліва паабяцалі Ніне Іосіфаўне восенню прынесці ноты «Гімна сонцу».
Але згадкі пра той твор пачну здаля. Беларусь — не паўднёвая краіна, не Іспанія ці Італія, дзе ясных і пагодлівых дзён амаль столькі, колькі каляндарных за год. У нас сонечных дзён крыху больш за 50. Усяго! Доўгая зіма з маразамі ці адлігай, зацяжная вясна ці вільготная восень, туманы, раннія прыцемкі... Сонечных промняў мала, іх не хапае, таму кожны наш чалавек асабліва любіць нябеснае свяціла.
І ў творах мастацтва, і ў жыцці сонца ўвасабляе перамогу святла над цемрай, робіць дзень і яго фарбы ярчэйшымі. Сваёй зіхоткай радасцю яно напаўняе прастору. Душы, пакоя, кватэры, вуліцы, горада. Нарэшце — усяго свету... Без энергіі сонца не можа нават належным чынам ісці працэс утварэння хларафілу ў зялёным лісці дрэў. Але ж чалавек больш складаная структура, чым асобны ліст! Стаўленне да сонца не толькі ўласнае, але і беларуса ўвогуле, я імкнулася адлюстраваць у такім чатырохрадкоўі: