Зімовая доўгая ноч...
Ідзеш праз яе — як праз поле.
Здаецца, што ранку святло Ужо не прыйдзе ніколі.
Калі Аліна нарэшце скончыла «Гімн сонцу» і ён упершыню прагучаў у выкананні хору Нацыянальнай оперы, я была ўражана яркай вобразнасцю і шматлікімі гукавымі эфектамі сачынення. Твор пачынаўся такімі радкамі:
Сонца праменне сваё раскідала,
Промні спагады і промні красы.
Вабяць бясконцыя сінія далі,
Вабяць пагоркі, палі і лясы.
Пасля першага спеўнага радка, які ў музыцы паўтараўся шмат разоў, узнікла ўражанне, што ты знаходзішся ў лесе, сярод магутных сосен. Што касыя промні прабіваюцца праз зялёныя кроны. Вакол бясконцы летні дзень. А галасы артыстаў, якія з рознай інтанацыяй, то радасна-ўрачыстай, то захопленай, то ўзнёслай выгукваюць «сонца...», «сонца...», — гэта галасы людзей, вясковых ці гарадскіх, дзяцей ці дарослых, якія выправіліся ў лес у ягады ці грыбы. Або проста вырашылі падыхаць смолкім, гаючым паветрам. А цяпер перагукваюцца, каб не згубіцца...
Пачуўшы вынік, я зразумела, чаму так доўга і пакутліва разам з Алінай мы шукалі патрэбныя радкі, чаму доўга не атрымлівалася і які менавіта тэкст імкнулася мець для работы кампазітар.
«Толькі з вуснаў тваіх радасць піць...»
Неверагодна прыгожы дуэт «Любоў твая — светлая музыка...» нарадзіўся ў нас з Алінай дзякуючы выпадковасці. У Доме афіцэраў адбыўся другі па ліку паказ «Джані Скікі», камедыйнай оперы Джакама Пучыні. У фінале зала ўзнялася і радасна, заўзята апладзіравала. У праходах стаяла шмат гледачоў, але таксама і артыстаў, якія спявалі прэм’еру ўчора, а цяпер прыйшлі паслухаць калег.
Не ведаю чаму, але я азірнулася. Амаль за маёй спінай стаялі прыгажуня Таццяна Гаўрылава (яна ўчора спявала маладую гераіню, закаханую Лаўрэту) і Эдуард Мартынюк (тэнар, выканаўца партыі Рынуча, таксама адной з вядучых). Таццяна, уладальніца на дзіва прыгожага, лірыка-каларатурнага сапрана, нядаўна скончыла нашу Акадэмію музыкі, заняла 1-е месца на Міжнародным конкурсе вакалістаў імя Александроўскай. Бясспрэчна, зорка.
Мартынюк незадоўга да таго перайшоў у Оперны з Музычнага тэатра, толькі асвойваўся ў калектыве, паспеў выканаць першыя партыі. Але відавочна: надзвычай перспектыўны артыст, лёгкі, раскаваны. Увогуле гэта пара прываблівала кантрастам аблічча і характараў. Брунетка Г аўрылава — і светлы, рыжаваты Мартынюк. Яна — тыповы «інтраверт», часцей маўклівая і засяроджаная. Ён — гаваркі, гарэзны, у любой сітуацыі гатовы смяяцца і жартаваць.
Гаўрылава стаяла бліжэй да мяне і глядзела на сцэну. А Мартынюк стаяў за ёй і глядзеў не на сцэну, а на яе. У гэтым позірку было... столькі нявыказных эмоцый! Глыбокае, непрыхаванае захапленне. Зачараванасць. Напэўна, жаночай прыгажосцю, душэўнай грацыяй, голасам, талентам. Даўно я не бачыла ў рэальным жыцці такіх паглядаў. І лічыла, што такое можна ўбачыць хіба ў кіно. І толькі ў выкананні таленавітых артыстаў.
«Божа мілы! Дык гэта самае сапраўднае каханне!» — падумалася тады. Гэтай чужой, нечаканай таямніцай, выпадкова заўважанай у перапоўненай зале, калі вакол апладзіравалі гледачы, я была так узрушана, што праз нейкі час далікатна пераказала свае ўражанні Аліне. Потым прапанавала:
— Давайце напішам для іх дуэт...
Верш, які мог зрабіцца асновай дуэта, у мяне быў. А ў ім наступныя радкі:
Толькі з вуснаў тваіх радасць піць...
Будзе многа яе, быццам мёду.
Няма межаў нам у асалодзе,
У каханні бязмежным нам плыць...
Аліна даўно была захопленая выразнасцю і багаццем галасоў Гаўрылавай і Мартынюка, якіх чула ў спектаклях, іх маладосцю і артыстызмам. Магчыма, таму дуэт «Любоў твая — светлая музыка...» атрымаўся ў яе такі чуллівы і сапраўды натхнёны. А Таццяна і Эдуард зрабіліся яго першымі выканаўцамі.
«Маё» і «не маё»
У працэсе пошуку спевакоў для праекта «Сны кахання» ўзнікала шмат сітуацый нечаканых і амаль камедыйных. Разам з Элай Андрэенка, трымаючы ў руках новы, такі кранальны па мелодыі раманс («Я вярнуць хачу не цябе...»), прыйшлі да Алены Бундзелевай.
Спявачка разгарнула ноты і паставіла іх на пюпітр. Зірнула. Кажа досыць рашуча:
— Не, не маё! Нізка. Я гэта спяваць не буду...
Мы нават разгубіліся. Значыць, вопыту нам не хапае...
— Падкажыце, да каго звярнуцца?
— А вось там у калідоры Эльвіра Рыжановіч рэпеціруе. У яе зараз урок заканчваецца. Пакажыце, можа, ёй падыдзе..