Выбрать главу

Выходзім сумныя. Цяпер стаім пад дзвярыма ў Рыжановіч. Салістка спявае, не будзеш жа перашкаджаць працэсу! Але трэба размаўляць не тады, калі яна будзе выходзіць ці вылятаць з класа, а крыху раней.

Канцэртмайстар ужо выйшла, значыць, урок скончаны. Асцярожна зазіраем. Распавядаем, што восенню будзе праграма беларускай лірыкі ў вялікай зале філармоніі. Тлумачым, што хацелі.

Зноў — ноты на пюпітр. Спявачка сама садзіцца за інструмент. Прайграла першы радок:

— Усё, бяру! Гэта маё, нікому не аддавайце! Бягу на рэпетыцыю... Яшчэ што-небудзь для мецца ёсць? Адзін раманс — гэтага мала!

Ніколі не ведаеш, дзе згубіш, а дзе знойдзеш. Вось так у праекце з’явілася яшчэ адна выдатная салістка.

Для вакальнага цыкла «Калі пачуцці — як полымя...», напісанага Алінай Безенсон, доўга шукалі годнага выканаўцу. Сітуацыю літаральна выратаваў тэнар Аляксандр Жукаў, якому спадабаўся складаны музычны матэрыял. У тэатры арыгінальна інтэрпрэтуе многія вядучыя партыі. На маю думку, як спявак ён належным чынам не ацэнены.

Творы Алены Атрашкевіч, меладычныя і разам з тым напісаныя сучаснай мовай, прыйшліся да сэрца адразу многім оперным выканаўцам. Раманс «А я буду спяваць» зрабіўся адным з любімых сачыненняў спявачкі Таццяны Цівуновай. Потым выконвала яго неаднойчы, у розных канцэртах. Праз два гады ўласную сольную вечарыну ў зале Шырмы яна так і назвала, у адпаведнасці з гэтым рамансам.

Тады, вясной 2006 года, падалося, што аднаго опуса мала, каб годна прадставіць Алену Атрашкевіч. Большасць нашых агульных сачыненняў з Аленай на той час належалі да іншых жанраў, сярод іх пераважалі харавыя сачыненні і песні. Таму я прапанавала кампазітару:

— Давайце ўключым у праграму дуэт «Не патрабую анічога...» з паэмы «Кахаю»? Сама паэма не так часта выконваецца і для многіх слухачоў дуэт, па сутнасці, прагучыць упершыню...

Так і атрымалася. Салісты Іна Русіноўская і Сяргей Лазарэвіч у розных праектах выконвалі гэты дуэт. І кожны раз на рэпетыцыях ішоў працэс яго шліфоўкі. Твор напаўняўся новым сэнсам і адценнямі. Бо героі апынуліся на жыццёвым раздарожжы і не могуць вырашыць, развітацца ім назаўсёды ці дараваць адно аднаму і застацца разам. Паказ двух нумароў, сумесных з Аленай Атрашкевіч, выклікаў такую непадробную цікавасць у іншых салістаў, што далей, калі ладзіліся наступныя праекты, ужо больш камерныя, многія з артыстак захацелі спяваць у першую чаргу яе сачыненні. І кампазітар надалей напісала шэраг рамансаў — спецыяльна для Анастасіі Масквіной, Наталлі Акінінай, Тамары Глаголевай.

Надзвычай плённым аказалася супрацоўніцтва кампазітара Марыны Марозавай і барытона Уладзіміра Громава. Уладальнік прыгожага голасу, інтэлігентны артыст, Громаў заўсёды карыстаецца неверагоднай папулярнасцю. Ён патрэбен усім! Сумесныя праекты прапаноўвае яму Прэзідэнцкі аркестр, яго сольныя канцэрты праходзяць і за межамі опернай сцэны.

Яркіх і абаяльных спявачак у Беларусі хапае, з харызматычнымі спевакамі-мужчынамі сітуацыя ў краіне больш складаная. Сучасны глядач хоча бачыць на сцэне выканаўцу, які валодае комплексам якасцей: голасам, артыстызмам, абаяльнасцю. Хоча бачыць асобу, якая ўвасабляе рысы недасяжнага, а таму асабліва прыцягальнага ідэалу. Або знаходзіцца блізка ад яго.

Калі спявак запатрабаваны, часам вагаешся: падыходзіць ці не? А раптам зірне з пагардай? Але ўсе творчыя стасункі і кантакты з Уладзімірам на дзіва прыемныя. Ён лёгка адгукаецца на прапановы кампазітараў. Ведае, у гэтай прасторы не круцяцца вялікія грошы. Беларуская музыка часцей існуе для творчага задавальнення. Але калі б Громаў так не лічыў, дык мо менавіта для яго столькі і не пісалі б? А для кожнага саліста наяўнасць опусаў, прысвечаных яму, ці сачыненняў, якія ён выканаў першым, — і радасць, і гонар.

Уладзіміру надзвычай спадабаліся творы Марыны — «Зорны вальс», «Чаканне. Танга», «Гук струны». Яны аказаліся эфектныя і маляўнічыя. Такія сачыненні ідэальна падыходзяць, каб імі заканчваць праграму. Быць яркім і жыццесцвярджальным клічнікам. Пазней, калі Марозава зрабілася музычным кіраўніком аркестра Дзяржаўнага харэаграфічнага ансамбля «Харошкі», яна неаднойчы запрашала Громава для ўдзелу ў праграмах свайго калектыву.

Вакол слова «нагбом»

Такім чынам салісты рэпеціравалі са сваімі канцэртмайстрамі. А паралельна ў рэпетыцыйных памяшканнях у Палацы культуры «Сукно», што на вуліцы Матусевіча, хор працаваў над творамі Безенсон.

Разам з Алінай едзем на рэпетыцыю. Падыходзім да палаца. Відавочна, у артыстаў невялікі перапынак. На вуліцы гурт маладых хлопцаў-харыстаў. Яны стаяць купкай ля ўваходу. Хтосьці размаўляе ці дыхае свежым восеньскім паветрам, хтосьці ўбаку з цыгарэтай. Мы павіталіся, зараз памчым далей. Раптам нечаканае пытанне: