Выбрать главу

— Скажыце... Вось сёння на рэпетыцыі мы доўга абмяркоўвалі, што значыць слова «нагбом»...

Сапраўды, яно ёсць у тэксце харавой паэмы «Спакуса»:

Гора таму, хто зрабіўся рабом Цёмных, таемных уласных жаданняў,

Гора таму, хто з крыніцы кахання П’е пажадліва і прагна, нагбом...

Пачала тлумачыць. Калі верыць слоўніку, «нагбом» — значыць, «піць з вялікай пасудзіны, нахіліўшы яе». Але мяне цікавіў не толькі літаральны сэнс. Слова каларытнае, незацяганае, прыдатнае для спеваў. Яго частка — «бом» — асацыіруецца з гукам магутнага звону або гучаннем дробных званочкаў. Менавіта так, «Нагбом», называўся адзін з паэтычных зборнікаў жывога класіка, паэта Рыгора Барадуліна.

Здагадваюся, што хлопцы з хору ў большасці сваёй нарадзілася не ў сталіцы (дзе матчынай мовы мала), а паступалі ў вучэльні ці Акадэмію музыкі з вёсак ці мястэчак. Бо яны пачалі дружна згадваць, якія варыянты слова існуюць у іхняй вёсцы ці гарадку. Як маці і бабуля называлі аналагічную з’яву. І гэты працэс успамінаў аказаўся такім жывым і нечаканым!

Але ж і рэпетыцыя, якую праводзіла ў той жа дзень Ніна Іосіфаўна, галоўны хормайстар тэатра, падалася чымсьці незвычайным.

Калі задумацца, што такое оперны хор? Адзін з найбольш магутных складнікаў спектакля. Без яго немагчыма ўявіць ніводны оперны шэдэўр — «Івана Сусаніна» ці «Яўгенія Анегіна», «Хаваншчыну» ці «Пікавую даму», «Барыса Гадунова» або «Аіду», «Сівую легенду» ці «Дзікае паляванне караля Стаха». Каго ўвасабляе хор? Салдат і вядзьмарак, баяр і шляхту, жабракоў і вяльмож, дваран і манахаў, заваёўнікаў і палонных. Бедных і багатых, шчаслівых і няшчасных, набліжаных да ўлады і нізрынутых ёю. Усіх! Без хору опера робіцца камерным творам. З хорам — эпічным і маштабным палатном.

Хор — асяроддзе, дзе разгортваецца драма ці камедыя. Ён — голас народа і прысуд гісторыі.

Таму, калі вы разам з кампазітарам аддаяце ноты ў хор оперы, хваляванне апаноўвае незвычайнае. Хто ў краіне выканае лепей? Ніхто! Але я ведала шмат выпадкаў, калі твор арыгінальны, калектыў прафесійны, але дырыжору не надта падабаецца музычная мова аўтара, ягоныя прыёмы аркестроўкі або голасавядзення. Калі кіраўнік харавога калектыву не лічыць сачыненне вартым сцэнічнага ўвасаблення, тады ніхто не здолее пераканаць яго ў адваротным.

Для нас з Алінай было вялікай радасцю, што Ніне Іосіфаўне якраз спадабаліся творы спадарыні Безенсон. Яна палічыла іх вартымі многіх рэпетыцый і сваіх дырыжорскіх клопатаў.

...Прасторнае памяшканне, высокая, у метраў пяць столь. Адна сцяна — з абабітай тынкоўкай, таму відаць кладка з бардовай цэглы. Ці знарок абабілі, ці рамонт распачалі. Хор стаіць на станках, кожная прыступка вышэйшая за наступную. Каб тыя, хто далей, былі бачныя. І каб гук свабодна ляцеў.

У нотах музычнай сцэны ёсць такія радкі:

Цела й душа — як зямля і нябёсы,

Д’ябла і Бога заўсёдная спрэчка...

— Не разумею, чаму ў сказе «д’ябла і Бога заўсёдная спрэчка» словы «Бог» і «д’ябал» вы спяваеце з аднолькавай інтанацыяй? — звяртаецца Ламановіч да сваіх артыстаў. — «Бога.» — інтанацыя ідзе ўверх. Такім чынам вы перадаеце ўласнае стаўленне да паняцця «Бог». А слова «д’ябла» — пяецца сцісла, хутка, вельмі дынамічна...

Каб так працаваць над сэнсам кожнага радка?! Мы з Алінай сядзім збоку, моўчкі слухаем, імкнёмся запомніць кожную рэпліку дырыжора. Абодва аддзяленні канцэрта лепей заканчваць сачыненнямі разгорнутымі, маштабнымі. Таму напрыканцы першай часткі праекта паставілі «На прыступках Калізея», на прыканцы другой — «Спакусу» і «Гімн сонцу». У першых дзвюх саліраваў Уладзімір Громаў, у «Гімне» — тагачасныя артысткі хору, а цяпер салісткі Алена Таболіч і Наталля Салавей.

У перапынках дырыжор, кампазітар і Громаў сёе-тое ўдакладняюць. Потым зноў пачынаецца рэпетыцыя. Уражанне такое, што ты знаходзішся ўнутры неверагодна прыгожай, дасканала пабудаванай гукавой прасторы. Сярод вогненнай магмы гукаў...

Забягаючы наперад, скажу, што менавіта ўражанні рэпетыцый на Матусевіча, а потым і выкананне гэтых харавых сачыненняў у філармоніі ўразілі і натхнілі Аліну і мяне. У выніку ўзніклі яшчэ дзве разгорнутыя музычныя сцэны з італьянскага цыкла. Праўда, потым іх спяваў не хор оперы. Але і Аліна Безенсон, і я лічым іх ці не самымі важкімі ва ўласнай творчасці.

«Сны». Вынік

Паступова кожны спявак вучыў свае рамансы, дуэты, вакальныя цыклы. Восенню пачало збірацца тое, што рыхтавалася па частках. Добра памятаю прагон напярэдадні канцэрта ў пустой, напалову асветленай вялікай зале філармоніі. Спачатку рэпеціраваў хор, яго адпусцілі, каб не трымаць мноства народу.